На полях активно идёт подготовка почвы

Сельское хозяйство

Магчыма, убачыўшы гэтае фота Аляксандра Атрашкевіча, некаторыя чытачы могуць падумаць, што зроблена яно ў мінулым сезоне: і сапраўды, экіпіроўка дземянецкага механізатара не надта адпавядае пачатку сакавіка.

Аднак шэрыя хмызнякі наводдаль усё ж падказваюць пра зусім раннюю вясну. Ну а тое, што выскачыў з кабіны “Беларуса” ў адной футболцы, каб папазіраваць “раёнцы” для першага сёлетняга палявога фота, Саша патлумачыў з усмешкай: “Ды нармальна: сонейка вунь як свеціць! Да таго ж у свой час я некалькі год на Поўначы працаваў: для мяне калі “плюс”, то ўжо цёпла!”

На полі ля Астравенца мы пабывалі ў мінулую сераду, і механізатар паведаміў, што пачаў узворванне яшчэ на некалькі дзён раней. “За тыя сезоны, што правёў у сельскай гаспадарцы, у такі час з плугамі ў поле не выязджаў”, – зазначыў работнік. А аграрны стаж у Аляксандра ўжо немалы: распачаў яго ў 2002-м у “Арэхаўне”, з’ездзіў на некалькі год на заробкі і зноў вярнуўся ў родную гаспадарку, ну а з 2019-га шчыруе ў “Дземенцы”. Механізатараў тут нямнога і на кожнага прыпадае адчувальная нагрузка. Саша прызнаецца, што ў водпуску зімой пабыў толькі пару дзён: згадзіўся адкласці свой адпачынак, бо трэба было вазіць кармы з траншэй на селішчанскую ферму, дзе зараз стаіць дойны статак аб’яднанай гаспадаркі. Ну а першымі днямі вясны зачапіў за свой МТЗ-82 плуг, які, дарэчы, наладзіў яшчэ восенню. “Лічы што адна рама была, дык мы вытачылі валы, утулкі, пальцы, сабралі ўсё, аднавілі адвалы, лемяшы, долаты – і апрабавалі агрэгат на ўздыме зябліва. Араў, пакуль надвор’е дазваляла – дарэчы, якраз на гэтых палетках мінулы сезон завяршыў і вось зноў тут: як і не бывала зімовага перапынку”, – распавядае Аляксандр.

Тэхніка з плугамі актыўна працуе на палях усіх ушацкіх гаспадарак – на ўчарашнюю раніцу было ўзарана больш 350 гектараў, і наш раён разам з Докшыцкім лідзіраваў у адпаведнай абласной зводцы.

…Шустры “Беларус” шпарка рухаецца па полі, пераварочваючы пласты глебы. Заграз за гэты час толькі аднойчы, у самы першы дзень. Пясчаныя ўчасткі ўвогуле ўжо добра падсохлі, а тое, што зранку “мінус”, дык толькі на руку: можна ўзняць і крыху падмерзлыя вымачкі. Калі надвор’е не паднясе сюрпрызаў, у хуткім часе на гэтым полі пасеюць авёс.

“Мяркуем, што сёлета зерневая група на палетках “Дземенца” зойме 820 гектараў, – падзяліўся з намі брыгадзір гаспадаркі Аляксандр Яловік. – Ну а што датычыцца старту сяўбы, то марудзіць, канечне, не збіраемся. Дарэчы, у маёй працяглай кар’еры былі гады, калі першае насенне клалася ў глебу ў 20-х чыслах сакавіка. Ці паўторыцца рэкорд – будзе залежыць ад надвор’я”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *