Островляны — притягательное место над Двиной

Зваротная сувязь

Мінула больш тыдня, а цёплая энергетыка ад сустрэчы ў Астраўлянах не пакідала. Прыгожая вёсачка над Дзвіной – само па сабе месца прыцягальнае: завітаўшы аднойчы, хочацца наведацца ў гэты астравок Глыбачэнскага сельсавета. І хоць вёска размешчана не на востраве і нават не на паўвостраве, назву яна атрымала небеспадстаўна. Так доўга едзеш па лясной дарозе, не прамінаючы ні аднаго населенага пункта, ніводнага перакрыжавання, што прыязджаеш… быццам на востраў. Самы блізкі населены пункт недалёка, але гэта праз раку і ўжо ў Шумілінскім раёне. 

Раіса Рыгораўна Базыленка, Ліна Сямёнаўна Няфёдава і Раіса Кірылаўна Шыхель нават не ведалі, што ў той дзень у іх вёсцы праводзіць выязны прыём першы намеснік старшыні райвыканкама А.Я.Вайцянкоў. Не ўдалося дазваніцца і меркавалі завітаць у дамы да нешматлікіх пастаянных гаспадароў, каб запытацца пра праблемы. Яны ж сабраліся ў цэнтры вёскі ў чаканні аўталаўкі і размаўлялі. Трое жанчын – старэйшыя прадстаўніцы вёскі, бачацца зараз толькі ўлетку. Раіса Рыгораўна зімой становіцца гараджанкай і, як не дзіўна, менавіта тады ведае ўсё пра жыццё раёна – у Наваполацк да яе прыходзіць “Патрыёт”. “А хто ж нам сюды будзе дзеля некалькіх чалавек газеты насіць, добра, што пенсію прывозяць”, – тлумачылі жанчыны адсутнасць у дамах перыёдыкі. І нават на гэтым невялікім прыкладзе раскрываўся іх характар. Яны наогул ні на што не скардзяцца. Цемнавата спраўляцца навасёлам – маладым фермерам Алене і Сяргею Мудракам, няма ліхтара – перанясіце мой, памяняеце – пагаджаецца з прапановай старшыні сельвыканкама Раіса Рыгораўна. Дарога не вельмі, трэба падсыпаць – калі атрымаецца, будзем удзячны. Як і ўдзячны мясцовай гаспадарцы за тое, што зноў узарана поле побач з вёскай. Здаецца, ім якая справа – а на душы лягчэй, што не зарастае яно, а зноў будзе прыносіць карысць, як і 30, 40 год таму, калі яны хадзілі ў брыгаду, калі аўтобус “Глыбачан” прыязджаў штодня ў Астраўляны за працаўнікамі гаспадаркі.  
Спецыяльна запытаўся ў жанчын Аляксандр Ягоравіч Вайцянкоў, ці задаволены яны асартыментам аўтакрамы. Спецыяльна, таму што на гэта скардзіліся жыхары Антунова – вёскі, куды аўтакрама прыбывае перад Астраўлянамі. “Задаволены, усяго хапае”, – адказалі жанчыны. Толькі маладая іх аднавяскоўка дадала, што прывыкла выбіраць усё ў магазіне, таму едзе ў Глыбачку на ўласным аўтамабілі.
Фермеры Мудракі – асноўная навіна і ўцеха вёскі. У той час, калі ўсе меней застаецца карэнных жыхароў, яны прыехалі сюды не як дачнікі, а як гаспадары, каб араць, сеяць, расціць. І радуюцца бабулі ўраджаю памідораў Алены, працавітасці маладых, якія сёлета падымалі неараную цаліну. Згасае вёска, баіцца моладзь працы – прыклад Мудракоў усё гэта абвяргае і надае аптымізму астраўлянцам.
Як кругаварот зямлі не мяняецца спрадвеку, так і тут застаюцца непахісныя законы. Штогод на лета прыязджае дадому з Санкт-Пецярбурга сын Раісы Рыгораўны. Далёка, стратна, а цягне яго сюды, як і астатніх дзяцей жанчыны. Расаду кветак на балконах вырошчваюць, каб заквітнела яна ў Астраўлянах. Кожную восень Р.Р.Базыленка выкопвае вяргіні, сушыць, вязе ў горад, каб не памерзлі, каб зноў, як дзесяцігоддзі таму, высіліся ля дома. Так ёсць, і так будзе… Асаблівай прыцягальнасцю валодаюць Астраўляны. І зайздроснай мудрасцю – іх жыхары.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *