Дорожно-ремонтное управление №105 приступило к разработке нового месторождения гравийно-песчаной смеси

Общество

Дарожна-рамонтнае ўпраўленне №105 распачало распрацоўку новага радовішча гравійна-пясчанай сумесі. Давялося асвойваць і складаную тэхналогію, бо знаходзяцца выкапні пад вадой. І калі спачатку дарожнікі сумняваліся ў якасці будаўнічага матэрыялу, то зараз канстатуюць – ён выдатны. Хаця здабыча больш працаёмкая і крыху даражэйшая.

А знаходзіцца радовішча ўсё ў тым жа кар’еры Звонь, які за амаль паўвека распрацовак расцягнуўся на некалькі кіламетраў уздоўж дарогі на аднайменную вёску і на некалькі гектараў па плошчы. “Вось лес на горцы вырас, бачыце, а гэта таксама былы кар’ер, я там падымаў гравій дзесяцігоддзі тры таму, – Аляксандр Уладзіміравіч Клямяценка (на здымку) паказвае на навакольныя сосны, што стаяць над намі ў метрах сямі. Знізу кар’ера добра бачны пласты гравію і зусім маленькі, з дэцыметр – зямлі.

Новы падводны кар’ер у Звоні на паверхні займае плошчу ў 5,5 гектара. Пад вадой гравій залягае на 82-х.

“Я ў ДРБУ-105 з 1976 года. Памятаю, як тут яшчэ геолагаразведку вялі. Прабівалі спецыяльнай машынай уніз пласт, бралі выкапень на пробу і сказалі: “Лепшы гравій у Беларусі”. Урадлівы слой поўнасцю здымалі перад распрацоўкамі – раней тут поле было. Лінія перадач вядзе да неіснуючай ужо вёскі. А ўвесь лес уздоўж дарогі – гэта таксама выпрацаваны кар’ер”, – расказвае экскаватаршчык, чыя працоўная біяграфія прайшла ў Звоні. Дарэчы, завіталі з дырэктарам ДРБУ-105 А.М.Агіевічам у кар’ер спецыяльна 13 сакавіка, каб павіншаваць Аляксандра Уладзіміравіча з днём нараджэння. Вось і на заслужаны адпачынак можа ісці, ды яшчэ падтрымае родную арганізацыю. Апошнімі гадамі адзін загружае машыны, а раней тут стаяла нават каменедрабільная ўстаноўка. І вось некалькі тыдняў працуе з напарнікам. ДРБУ-105 арандавала ў “Марквелеса” экскаватар з сяміметровай стралой, які і падымае з-пад вады гравій.

Па даных “Белдзяржгеацэнтра”, ва Ушацкім раёне існуе 308 радовішчаў, з іх толькі 17 – пясчаных і гравійных.

Для Юрыя Байкова такая здабыча – не ў навіну. На розных будоўлях працаваў. І з дырэктарам пра незразумелыя для мяне схемы пераезду размаўляюць на роўных. “Ды не, ён нам падказвае, як што рабіць, – дадае Андрэй Міхайлавіч. – Хаця такая здабыча даўно практыкуецца і ў Аршанскім раёне, і ў Канышах у Полацкім, мы пакуль не сутыкаліся. Калі летась накіравалі запыт на выдзяленне новага радовішча, геолагі паказалі, што ў Звоні пад вадой яшчэ чатырох-пяці метровы пласт гравію. Дарэчы, у нас народныя багацці ахоўваюцца законам і нельга па сваім жаданні распачынаць ці закрываць кар’еры. Рэкультывацыя магчыма толькі пры поўнай яго выпрацоўцы”.

Другі экскаватар дарожнікам спатрэбіўся не толькі таму, што выкапень залягае глыбока. Сёлета на дарогі мясцовага значэння выдзелена больш сродкаў і адпаведна ўзраслі аб’ёмы патрэбнай на выраб асфальту, рамонт і падсыпку дарог сумесі. Ёсць і яшчэ адзін стрымліваючы нюанс: гравій пакідаюць мінімум на суткі, каб з яго сцякла вада, і толькі тады ўжо падсохлыя “дзюны” Аляксандр перагружае ў кузавы МАЗаў.

Калі летась на рамонт, падсыпку дарог і продаж ДРБУ-105 вывезла з кар’ера 18 тысяч кубаметраў гравію, то сёлета патрэбна 32 – амаль у два разы больш.

Сам кар’ер зараз падобны на водны лабірынт: сухія ўчасткі парэзаны рэкамі, сажалкамі, вада з якіх па чарзе спускаецца, тэхніка паглыбляецца, каб дабрацца да чарговых пластоў. Работа ў такіх умовах складаная і нават рызыкоўная: лапу экскаватара паставіш бліжэй да вады ці коўш глыбей апусціш – і машына можа перакуліцца. Таму працуюць вельмі акуратна.

Акрамя ўласных патрэб у гравіі, штогод прадаюць яго. А пра якасць ушацкай сумесі красамоўна гаворыць такі факт. Адзін з прыватнікаў нядаўна заказаў машыну ПГС сабе на дачу, а наўздагон паступіў заказ на 10 тысяч тон з “Нафтазаводмантажу”, дзе ён працуе. Падводны гравій лепшы, чым быў – без прымесяў і з аднародным дробным каменнем.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *