Научно-практическая конференция «80 лет прорыву вражеской блокады Полоцко-Лепельской партизанской зоны. Люди. События. Факты» прошла в Ушачах

Образование и молодежь

Адным з пунктаў праграмы дзён партызанскай славы стала рэгіянальная навукова-практычная канферэнцыя “80 год прарыву блакады”, якая ладзілася ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка. Школьнікі розных навучальных устаноў вобласці прэзентавалі свае праекты, распавялі пра вынікі вялікай доследнай работы, якую вядуць разам з настаўнікамі.

Багатым было ўшацкае прадстаўніцтва. Міша Падворны расказаў пра баявы шлях свайго прадзеда Івана Кірылавіча – былога партызана брыгады Панамарэнкі і байца 1-га Украінскага фронту. Успаміны і лісты нашых землякоў ляглі ў аснову работы яшчэ адных прадстаўнікоў Ушацкай СШ Яўгена Талмачова і Ульяны Каваленкі. Дзейнасці знакамітай брыгады Аляксея была прысвечана навуковая праца вучняў Вялікадолецкай школы, якую прэзентавала Яўгенія Сямяхіна. А Ксенія Церашкавец распавяла пра медыя-рэсурс “Партызанскімі сцяжынамі”, распрацаваны глыбачанцамі. Гэта своеасаблівы квест на аснове гісторыі хлопчыка, што трапляе ў партызанскі атрад і павінен у ім адаптавацца. Праз гульнявую форму можна акунуцца ў атмасферу будняў народных мсціўцаў. Праект, дарэчы, ужо быў адзначаны дыпломамі некалькіх конкурсаў.

Ну а на гэтым першае месца было прысуджана нашым гасцям з лепельскай гімназіі імя І.М.Ерашова. Аб’ектам іх даследавання стала дзейнасць 13-га камсамольска-маладзёжнага баявога партызанскага атрада, які ў маі 43-га быў арганізаваны ў брыгадзе Дубава, а потым увайшоў у склад Лепельскай імя Сталіна. Існуе некалькі версій узнікнення незвычайнай назвы: напрыклад, што ў ім было 13 камсамольцаў ці такім чынам акрэслілі іх юны ўзрост, а магчыма “чортаву лічбу” ўзялі, каб палохаць фашыстаў, тым больш што падчас рызыкоўных аперацый мсціўцы вярталіся літаральна “з таго свету”. Арцём Касцюковіч, які прэзентаваў работу, схіляецца якраз да апошняга. На рахунку атрада было шмат баявых подзвігаў. У гісторыю ж партызанскага руху ён увайшоў як адзіны ў Беларусі, які атрымаў Чырвоны сцяг ЦК ВЛКСМ. Уручыў яго атраду сам Лабанок 23 лютага 1944 года ў вёсцы Цвеціна (па іншых даных – у Сержанах). Партызанам удалося захаваць сваю рэліквію, і зараз сцяг знаходзіцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Работы, прадстаўленыя на ўшацкай канферэнцыі, сапраўды адкрылі шмат новых старонак, падрабязнасцяў партызанскага руху, а юныя даследчыкі робяць вельмі пачэсную і патрэбную справу.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *