Ветераны трёх районов встретились на Ушаччине

В общественных организациях

Цікавыя, прыкметныя не толькі ў нашым раёне мерапрыемствы ладзіць на Ушаччыне раённая арганізацыя РГА ”Белая Русь”. Яе кіраўнік, старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч значную ўвагу ўдзяляе цеснай сувязі з раённай ветэранскай арганізацыяй, маладзёжнымі структурамі, выхаванню дзяўчат і юнакоў на баявых, працоўных традыцыях старэйшага пакалення, на славутай і гераічнай гісторыі Ушаччыны. 
На гэты раз у нас ладзілася сустрэча ветэранаў вайны і працы трох раёнаў: Ушацкага, Глыбоцкага і горада Наваполацка. Яна праходзіла ў межах праекта “Рэха мінулага – у сэрцах нашчадкаў”, праводзімага раённай арганізацыяй РГА “Белая Русь” сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы райвыканкама, а таксама да 70-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай.
Найперш удзельнікам сустрэчы была прапанавана экскурсія па музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка, потым госці раёна пабывалі на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, усклалі вянкі і кветкі, ушанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання. Тыя, хто набліжаў Перамогу, змагаючыся на Ушаччыне (а былі і такія сярод гасцей), з асаблівым пачуццём успрынялі такое вяртанне. Успаміны працягваліся і ў час прагляду дакументальнага фільма “Балада аб мужнасці і любві” аб партызанскай барацьбе з захопнікамі.
Другая, не менш урачыстая частка пачалася з прыгаданай гісторыі Ушаччыны. Вядучая, дырэктар раённага Дома культуры А.А.Гарбачова, пранікнёна расказала пра гэта. 

Хор народнага клуба “Ветэран” нашага РДК праспяваў песні, ствараючы настрой памяці аб ваенным мінулым і радасці за наш сённяшні мір.
З прывітання ветэранам, слоў удзячнасці ім за подзвігі ваенныя і працоўныя пачаў сваё выступленне старшыня раённага выканаўчага камітэта А.А.Кавалёнак. Ён адзначыў работу з ветэранамі, іх дзейнасць, як стымул развіцця нашай маладой дзяржавы, падкрэсліў: “Мы прыгадваем не толькі ў святочныя і юбілейныя дні подзвігі старэйшага пакалення ў гады вайны і пасляваеннага аднаўлення, а помнім пра іх заўсёды”. Выступаючы адзначыў, што вопыт і традыцыі перадаюцца дзецям і ўнукам. Ён выказаў перакананне: пакуль людзі памятаюць пра мінулае, наведваюць музеі, месцы ваенных дзеянняў, пакуль жыве ў душах памяць пра гераізм, датуль можна гаварыць пра тое, што такая трагедыя не паўтарыцца. 
Са шчырымі словамі прызнання і пажаданняў да ветэранаў вайны і працы трох раёнаў звярнулася А.В. Пашковіч. Разам з У.М.Малаткаўцом, які ўзначальвае нашу раённую ветэранскую арганізацыю, яны абмяняліся з гасцямі падарункамі: інфармацыйна-даведачнай літаратурай аб сваіх раёнах.
Кіраўнік дэлегацыі нафтаграда Дзмітрый Адамовіч, які ўзначальвае пярвічную арганізацыю РГА “Белая Русь” завода “Палімір” ААТ “Нафтан”, зачытаў прывітанне В.А.Дзевятоўскага, старшыні Наваполацкай гарадской арганізацыі гэтага грамадскага аб’яднання. Старшыня гарадскога савета ветэранаў А.Ф.Катырла з удзячнасцю гаварыў пра такую важную сустрэчу, калі ветэраны вайны атрымалі магчымасць прайсці сцежкамі былых баёў на гераічнай Ушаччыне.
– Заставайцеся жывым сімвалам нашай Перамогі, – сказаў, звяртаючыся да прысутных, У.Б.Развадоўскі, які ўзначальвае ветэранскую арганізацыю Глыбоцкага раёна.  
Ён запрасіў на сцэну ўдзельнікаў хору народнага клуба ветэранаў “Маналіт” г.Глыбокае. Творчы, добры настрой самадзейных артыстаў панаваў на сцэне, з радасцю і цеплынёй віталі іх гледачы ў зале. Усё, што прапаноўвалася, успрымалася пад працяглыя апладысменты. Адчувалася адзінства ўсіх прадстаўнікоў старэйшага пакалення незалежна ад месца пражывання. Іх з’яднала слаўнае мінулае і сённяшняя памяць.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
На здымках: моманты свята.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *