Лес в надёжных руках Петра Качана!

Ими гордятся

Калі бачыш гэтага чалавека, адразу разумееш: наш лес у надзейных руках. Пётр Пятровіч Качан увасабляе ўяўленні аб сапраўдным мужчыну: моцны, статны, нешматслоўны – здаецца, за яго шырокімі плячыма можна схавацца ад любых нягод.  
Лес з’явіўся ў яго жыцці невыпадкова. Заснавальнікам сямейнай дынастыі быў бацька Пётр Архіпавіч, які працаваў ва Ушацкім лясгасе трактарыстам, вадзіцелем. Не стаў шукаць іншых жыццёвых шляхоў і сын Пятра Пятровіча Аляксандр, які пасля арміі вярнуўся ў родныя мясціны і ўладкаваўся на “сямейнае” прадпрыемства.
Працоўны шлях П.П.Качана пачаўся у 1979 годзе. Калі пасля заканчэння школы ён прыйшоў у лясгас, хлопцу даручылі работу на АВМ. Пасля армейскай службы працаваў, як бацька, трактарыстам і вадзіцелем, цяпер выконвае работу лесніка, да якой, як прызнаецца, найбольш ляжыць душа. Ён увогуле з тых, хто не любіць нешта мяняць: трывала стаіць на нагах і даражыць тым, што мае. Такое пастаянства назіраецца і ў сямейным жыцці: з жонкай Таццянай Аляксандраўнай, якая таксама займаецца высакароднай справай – выхоўвае дзяцей у сацыяльным прытулку, яны разам ужо амаль 30 год.
Безумоўна, прафесію лесніка не назавеш простай: умовы працы тут далёкія ад камфортных. Той, хто не прыкіпіць душой да лесу, да сваёй справы і калектыву, надоўга тут не затрымаецца. У гэтым сэнсе Пятру Пятровічу пашчасціла: Вячаслаў Аляксандравіч Федуноў, з якім ён працуе поруч больш дзесяці год, з тых, хто ніколі не падвядзе. Напарнік быў адным з першых, хто павіншаваў Пятра Пятровіча, калі стала вядома, што той узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”.
Гэтая падзея, якая адбылася ў жніўні, стала знакавай не толькі для лесніка, але і для ўсяго ДЛГУ “Ушацкі лясгас”. Узнагароджванне праходзіла ва ўрачыстай абстаноўцы – у Авальнай зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Атрымаў медаль П.П.Качан з рук прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь М.У.Мясніковіча. Паездка ў Мінск была насычана падзеямі: гэта і хвалюючы момант уручэння медаля, і экскурсія па сталіцы, і знаёмства з людзьмі, якія таксама атрымалі ўзнагароды, сярод іх былі знакамітыя мастакі і артысты.
– Давялося пагутарыць са спеваком Аляксеем Хлястовым, ён вельмі прыемны і просты хлопец. Расказваў, што мае дачу ў Докшыцкім раёне, абяцаў, калі будзе магчымасць, завітаць ва Ушачы, – прыгадаў Пётр Пятровіч.
– Не шкадуеце, што амаль усё жыццё праводзіце ў лесе? Няўжо не было думкі перабрацца ў горад? Пэўна, хаця б у адпачынак едзеце куды-небудзь на цёплае мора? – пытаюся ў яго на развітанне.
– У нас сваё мора! – усміхаецца той і паказвае ў бок Вечалля. – А горад я не люблю, не маё гэта…
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *