У перыяд бягучай пяцігодкі ў Беларусі рэалізуецца 30 дзяржаўных і 6 спецыяльных праграм, якія ахопліваюць літаральна ўсе сферы жыццядзейнасці і маюць на мэце іх развіццё і ўдасканаленне. І калі, напрыклад, “Аграрны бізнес” ці “Беларускі лес” найперш цікавяць тых, хто непасрэдна звязаны з гэтымі напрамкамі, то праграма “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” датычыцца літаральна кожнага. І невыпадкова ход яе выканання разглядаецца як на пасяджэннях органаў мясцовай улады, так і ў Савеце Рэспублікі.
Каб убачыць на свае вочы, што робіцца па гэтым напрамку ў нашым гарпасёлку, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Мікалаеўна Марковіч разам з прадстаўнікамі адміністрацыі УП ЖКГ наведала вытворчыя аб’екты прадпрыемства.
Здаецца, толькі нядаўна скончыўся ацяпляльны сезон, а камунгасаўцы ўжо актыўна рыхтуюцца да наступнага. На цэнтральнай кацельні ва ўсю кіпела справа: рабочыя вялі прамыўку катла. “Нядаўна тут была праведзена маштабная мадэрнізацыя, кошт якой склаў 2,5 мільёна рублёў, але абнаўляць агрэгаты неабходна пастаянна. Сёлета, напрыклад, замянілі гідраўлічныя штурхальнікі на лінейках палівападачы. А вось гэты газавы кацёл ужо цалкам гатовы да сезона. Хоць выкарыстоўваем мы яго ў асобных выпадках, бо арыентуемся на мясцовыя віды паліва, аднак абсталяванне, вядома ж, штогод праходзіць тэхнічны агляд”, – патлумачыла галоўны інжынер прадпрыемства Анжаліка Джонаўна Хахлова. Рыхтуюць і астатнія кацельні: ужо праведзена чыстка катлоў, ідзе планавы рамонт запорнай арматуры, іншых вузлоў і агрэгатаў.
Мадэрнізацыю кацельных, цепласетак акрэслівае падпраграма “Эфектыўнае цеплазабеспячэнне”. Усяго ж у складзе названай вышэй праграмы іх 7.
А вось свабодныя ад гэтай справы работнікі вясковых участкаў накіроўваюцца зараз у райцэнтр, каб дапамагчы ў рамонце дамоў і ўкладцы тратуарнай пліткі. У сераду ля цэнтральнага скрыжавання шчыравалі брыгады з Ільюшына і Вялікіх Долец. Як мы ўжо паведамлялі, новае пакрыццё з’явіцца на адрэзку вуліцы Савецкай ад сквера да ЗАГСа.
Абыдзецца гэта ў 84 тысячы рублёў. Канечне, сродкі немалыя, затое плітка і выглядае эстэтычна, і служыць пешаходам будзе доўга.
Падобныя дарожкі ўпрыгожылі і дваровую тэрыторыю дома №25 на Савецкай, які 30 мая здалі ў эксплуатацыю пасля капрамонту. Будынак зараз такі прыгожы, што адпавядаць яму павінен і двор. Хутка тут з’явіцца альтанка, іншыя элементы добраўпарадкавання. На гэтую годную справу пайшлі сродкі камунгаса, жыхароў, вылучыла іх і раённае аддзяленне партыі “Белая Русь”.
А будаўнікі тым часам перабраліся на вуліцу Садовую, каб парадаваць жыхароў дома №15, дзе таксама распачаўся капітальны рамонт. Як паведаміў намеснік галоўнага інжынера Аляксандр Сяргеевіч Бехаў, у будынку абновяць дах і фасад, заменяць камунікацыі ў падвальных памяшканнях, балконныя экраны, ганкі, вокны і дзверы ў пад’ездах.
“Сёння мы ўбачылі, як плённа працуюць камунгасаўцы, каб жыццё землякоў стала яшчэ больш камфортным і якасным, як высока ацэньваюць гэтую работу ўшачане, – падвяла вынік рабочай паездкі Н.М.Марковіч. – Але, канечне, хацелася б зрабіць у дадзеным напрамку яшчэ больш, таму у райсавеце мы разглядаем магчымасць, каб вылучыць на гэта дадатковыя бюджэтныя сродкі”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.