Последствия большого урагана ликвидируют на Ушаччине

Общество

“Як вы там, дом на месцы?” – тэлефанавалі раніцай 2 ліпеня калегі з Мінска. У рэспубліканскіх СМІ Ушацкі раён быў адзначаны як адзін з моцна пацярпелых ад урагану разам з Полацкім, Барысаўскім і Слуцкім. Ну а неверагодныя здымкі пра свавольствы стыхіі пачалі з’яўляцца ў сацсетках адразу пасля “тарнада”. Лётаючы шыфер, парнікі, шыльды… Перакрытыя паваленымі дрэвамі дарогі, раскрытыя дахі на дамах, фермах, магазінах… У гарпасёлку няшмат падворкаў, дзе б ураган не нарабіў шкоды. Наш аб’езд пацвердзіў гэта.

У двары вуліцы Дзяржынскага закрытае коўдрай задняе шкло машыны, а плёнкай – вокны і балконы. Шыфер, які ляцеў з дахаў, крамсаў усё на сваім шляху, і жыхары як Калінінскай, так і зарачанскай Е.Лось падлічваюць страты на прысядзібных участках. Але гэта дробязь у параўнанні з тым, што аднаму чалавеку спатрэбілася медыцынская дапамога. З раскрытымі дахамі – ад двух лістоў да некалькіх пад’ездаў аказаўся і мікрараён на Віцебскай, уключаючы і самы новы дом. Толькі кроквы засталіся на катэджы па Рамантыкаў, нібы запалкі стаяць зламаныя дрэвы ў лутаўскім лесе. У Ліпаўцы ж поўнасцю распранула нежылы дом, ды так, што дах з усёй абвязкай пераляцеў на другі бок дарогі, пры гэтым зачапіўшы фуру і зламаўшы бетонную апору ліній электраперадач…

У святочнай калоне ў Дзень Незалежнасці работнікаў Ушацкага раёна электрасетак сёлета не было. Дзве апошнія лініі яны аднавілі 3 ліпеня толькі ў 10 гадзін вечара. Гэта пры тым, што ва ўзмоцненым рэжыме працавала 20 брыгад! На дапамогу прыехалі калегі з Лепеля, Расон, Пастаў, Глыбокага, Браслава, Чашнік, Міёр, Вілейкі, Крупак, Маладзечна і Лагойска. Такога прыцягнення спецыялістаў і тэхнікі ў раёне яшчэ не было. Ды і маштабаў пашкоджанняў таксама. “Вываратні і проста зламаныя дрэвы рушылі апоры і рвалі правады. Пашкоджанымі аказалася больш 10 высакавольтных ліній, з паўсотні – 0,4, – знаёміць з маштабамі ўрону начальнік Ушацкага РЭС Андрэй Пятровіч Лукашэвіч. – Калі на адкрытым месцы парыў ліквідуем прыкладна за дзве гадзіны, то ў балоце ля Быстрыкаў Глыбачанскага сельсавета брыгада С.Маковіча працавала з 11 да 17 гадзін. І гэта не адзінкавы прыклад, калі, каб дабрацца да парыву, спачатку выразалі дрэвы і пракладвалі гаць. Для замены зламаных апор былі задзейнічаны аўтавышкі, бурыльна-кранавыя ўстаноўкі і іншая спецтэхніка”.

Трэба выказаць словы падзякі таксама камунальнікам і дарожнікам, якія ўхіляць бедствы пачалі адразу, як толькі сціх вецер. Найперш убіралі паваленыя дрэвы з дарог і тратуараў: з абодвух бакоў сквера па Ленінскай, за мостам, па Кастрычніцкай. Да цёмнага латалі дахі на шматпавярхоўках, а на наступны дзень прыступілі з шасці раніцы і прыйшла дапамога – яшчэ дзве вышкі з Наваполацка і Докшыц. Некалькі дзён убіралі елкі і бярозы на трасе за Арэхаўнам, як і па ўсёй Р-113 і ў пачатку Р-116 супрацоўнікі Ушацкага ўчастка ДЭУ-37, у напрамках на Полацк, Зябкі, Вяркуды, Гарбаціцу, Казімірова – ДРБУ-105, якім падставілі плячо работнікі лясгаса, якія паралельна расчышчалі і свае тэрыторыі. Вядома ж, не засталіся ў баку і супрацоўнікі МНС: яны прымалі заяўкі, вызвалялі ад паваленых на дамы і пабудовы дрэў сядзібы, а таксама дапамагалі дарожнікам, энергетыкам і трымалі сітуацыю на кантролі.

Ну а ў аддзяленні “Белдзяржстраха” раніцай 2 ліпеня стаяла чарга. Толькі ў першы дзень супрацоўнікі прынялі 120 заяў, а калегі з Лепеля змаглі выехаць да часткі пацярпелых, многім з якіх раілі фатаграфаваць пашкоджаныя пабудовы і імкнуцца мінімізаваць страты. Колькасць зваротаў (іх на раніцу 5 ліпеня каля 150) пасля выхадных, канечне, павялічыцца, бо прыедуць дачнікі. Рана гаварыць і пра сумы, якія будуць выплачаны па полісах, аднак калі страхоўка на нерухомасць заключана і абавязковая, і добраахвотная, то ўрон пакрываецца. Толькі “Аўтакаска” кампенсуе страты на рамонт аўтамабіля, на які звалілася дрэва.

Ад стыхіі, што свавольнічала ўсяго некалькі хвілін, а нарабіла столькі бяды, не схаваешся. Даводзіцца канстатаваць, што клімат мяняецца, а ўраганы становяцца звычайнай з’явай летняга часу. Апошні ў нашым раёне прайшоў у жніўні мінулага года і быў слабейшы за сёлетні.

Дарэчы, уваходзілі ў становішча людзей і намнога пазней рабочага часу адпускалі лісты шыферу ў прыватных магазінах будматэрыялаў.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *