Агульнае захапленне заўсёды згуртоўвае сям’ю, дае нагоду праводзіць разам больш часу. Для ўшачан, якія ў святочны дзень сабраліся на стадыёне Ушацкай школы, такім сумесным заняткам з’яўляецца спорт.
Правілы фестывалю бегавых эстафет былі зусім простыя: першымі на дарожку выходзілі дзеці, потым стартавалі мамы, ну а завяршалі сямейны забег таты. Эстафета атрымалася вельмі відовішчнай, і прызавыя месцы размяркоўваліся літаральна на апошніх метрах. У выніку самай збалансаванай і ўдачлівай аказалася каманда сям’і Базылевых. “Хоць мой каронны від – гіра, але бегавую падрыхтоўку мае, напэўна, кожны аматар спорту. Сын Данік – удзельнік абласнога этапу “Скуранога мяча”, так што хуткасці яму не займаць. А яго сястрычцы Эльвіры, якая сёння падтрымлівала нас у якасці балельшчыцы, вельмі падабаецца дзюдо. У добрай форме і наша мама Людміла, хоць на заняткі фізкультурай часу ў яе не стае, бо даводзіцца шмат працаваць і дома, і на вытворчасці”, – падзяліўся з намі Аляксей Базылеў.
Крыху не пашанцавала моцнай эстафетнай тройцы Баратынскіх, якая саступіла лідарства за некалькі метраў да фінішу. Аднак і “срэбра” – добры вынік. Бронзавыя медалі – на рахунку сям’і Дукмасавых. Ну а заахвочвальны прыз за чацвёртае месца атрымалі Окуневы. Паколькі на дзіцячым этапе сям’ю прадстаўляў зусім юны хлопчык, медалёвых мэт яны перад сабой і не ставілі, а проста хацелі праверыць сваю форму і падтрымаць спартыўны статус роднага прадпрыемства – Ушацкага лясгаса. Дарэчы, гэта арганізацыя стала адным са спонсараў фестывалю. Прызы для ўдзельнікаў таксама падрыхтавалі сектар культуры райвыканкама, аддзел ЗАГСа і раённае аб’яднанне прафсаюзаў.
Наталля БАГДАНОВІЧ.