Школьны шопінг – занятак няпросты: хочацца знайсці прыгожы, якасны і ў той жа час недарагі тавар. Мы традыцыйна вырашылі дапамагчы бацькам навучэнцаў – падказаць, дзе і па якім кошце ў гарпасёлку набыць ранцы і ўсе неабходныя канцылярскія прылады.
Пачнем з асноўнага – рукзакоў. Нямала іх ва ўнівермагу, прычым, па ўжо зніжаным кошце. І яркі варыянт для пачаткоўца, і “стрыманы” для старшакласніка тут можна набыць у сярэднім за 45-48 руб (замест ранейшых 58 і 62). Парадаваў выбар у магазіне “Умнейка”, дзе кошт ранцаў (у тым ліку з воданепранікальных тканін) стартуе з 35 руб. Цікавы варыянт – адразу са стылізаваным пеналам і шоперам – за 85,74 прапануецца ў “Белбланкавыдзе”.
У апошнім прыгаданым магазіне – самыя танныя сшыткі. Просты 12-аркушавы тут пацягне на 0.18, паўагульны – ад 0,88, агульны – 1,44. “Усё за капейку” прапануе такі тавар па 0.21 (12 лістоў), ад 0.86 (48), ад 1.37 (96). Ва “Умнейцы” ў наяўнасці 12-аркушавыя за 0.28 і паўагульныя за 1.02 і 1.03. Ва ўнівермагу – толькі агульныя за 2.40 і самыя тонкія, разбежка ў кошце на якія здзівіла: ад 0.29 да 0.39 пры абсалютна аднолькавым выглядзе (як патлумачылі прадаўцы, розніца – у вытворцах і часе паступлення).
Вокладка для сшыткаў ва “Умнейцы” каштуе 0.15, ва ўнівермагу, “Белбланкавыдзе”, “Усё за капейку” – 3.43, 3.00 і ад 1.50 адпаведна за набор з 10 штук. “Апрануць” падручнік ва ўнівермагу можна за 0.91 і 1.04, “Усё за капейку” – ад 0.51, ва “Умнейцы” – за 0.60 і 0.95. “Белбланкавыд” жа прапануе наборы вокладак па 10 штук за 5.50 ці рознакаляровыя па класах, кошт якіх вагаецца ад 4.90 да 11.70.
У пятніцу дзённікі знайшлі толькі ў “Белбланкавыдзе” і “Усё за капейку” – па 2.65 і 3.70 адпаведна. Здзівіў кошт пеналаў: ва ўнівермагу ад 3.26 да 16.48, у “Белбланкавыдзе” – ад 2.00 да 20.00, “Умнейцы” – ад 4.00 да амаль 10, а самы танны варыянт – тубус за 1.15 – ва “Усё за капейку”.
Кошт на прылады для малявання залежыць ад колькасці колераў і вытворцы.
Так, ва ўнівермагу 6-колерную палітру алоўкаў можна набыць за 2.64, 12-колерную – 4.88, 24-колерную – 23.49. У “Белбланкавыдзе” тавар будзе каштаваць ад 1.88 (6 колераў), 2.85 (12), 8.14 (36), ёсць тут і цікавы двайны варыянт – 12 штук і 24 колеры – за 4.45. Ва “Умнейцы” ў ліку хадавых – за 1.54 (6 колераў), 2.98 і 3.34 (12), а таксама пластыкавыя за 6.71 (18); ва “Усё за капейку” кошт стартуе ад 1.49 за 6 колераў і ад 2.53 за 12. Кошт на акварэльныя фарбы ва ўнівермагу – ад 2.15 да 5.69 (за 6 і 12 колераў), у “Белбланкавыдзе” – ад 2.45 да 7.57 (за 6 і 18, у другім выпадку з блёсткамі), “Умнейцы” – ад 3.05 (12) і 4.51 (12), “Усё за капейку” – ад 1.95 (12).
Кожную жнівеньскую пятніцу ва ўнівермагу пакупнікоў чакаюць скідкі на ўсю прадукцыю ў памеры 15 працэнтаў. На бліжэйшыя дні тут запланаваны завоз школьнага адзення і канцылярыі.
Альбомы для малявання ў “Белбланкавыдзе” пацягнуць на 1.15 (16 лістоў), 2.97 (30), 3.25 (40), “Усё за капейку” – ад 2.59 (40), універмагу – 4.00 (16), 5.30 (40), “Умнейцы” – 0.93 (8), 1.28 (12), 4.31 (40); каляровыя кардон і папера – ад 3.12 і 0.89, 1.74 і 0.92, 2.52 і 0.77, 2.57 і 1.02 адпаведна. У першай і апошняй гандлёвых кропках ёсць у наяўнасці і наборы з двума такімі таварамі.
Адчувальная разбежка на кошт пластыліну. Мінімальны – 3.22 (6 колераў) ва “Усё за капейку”, 3.50 ва “Умнейцы”, 4.00 у “Белбланкавыдзе”. А вось пра максімум сказаць складана, бо даводзілася бачыць і за 6.80 (васкавы) і нават за 14.60.
Прыемная навіна для мастакоў: у “Белбланкавыдзе” зараз ёсць усё неабходнае для творчасці: акварэль, гуаш, пастэль, вугаль, растушоўка… У ліку навінак таксама – вялікія наборы пазлаў, глобусы.
Да якой высновы прыйшлі, прагуляўшыся па гандлёвых кропках? Калі хочацца набыць усё ў адным месцы, дарэчы, па прывабным кошце – ідзіце ў “Белбланкавыд” ці “Усё за капейку”. У першы, што зручна, завоз ажыццяўляецца кожны тыдзень, ёсць таксама магчымасць усё неабходнае заказаць, загадзя азнаёміўшыся з прадукцыяй на сайце гандлёвай сеткі: www.belblank.by. Калі дзённік новага ўзору ўжо куплены, можна наведаць “Умнейку”, а ва ўнівермагу ці на рынку дакупіць тое-сёе.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: Людміла Чубік у магазіне «Умнейка»