З цягам часу ўсё менш становіцца ў нашых вёсках рупліўцаў, якія грунтуюць сваё жыццё на падмурку карпатлівай сялянскай працы.
А вось Максім Кучаронак – якраз з такіх. І калі мы прыбылі на яго вясковую сядзібу, першым чынам павёў нас ва ўладанні… Напалеона. Такую амбіцыйную мянушку мае статны конь гнядой масці – атрымаў ён яе на племзаводзе ў Жодзіне, а чатыры гады таму стаў “імператарам” падворка на ўскрайку Ціханят.

Завяршыўся напружаны земляробскі сезон, і Яго Вялікасць павольна прагульваўся ў прасторным загоне. Наш візіт успрыняў добразычліва: пачаставаўся паднесенай лустай хлеба і нават паказаў невялічкае шоу: прывітаўся з Максімам, падаўшы яму пярэдняе капыта. “Бачыце, які разумны і паслухмяны! Ён у нас агульны любімец!”, – далучылася да “прэзентацыі” дачка гаспадара Рая. “На нашай сялібе заўсёды коні былі – як без іх на зямлі працаваць? Папярэдні больш 20 год тутэйшыя нівы ўзворваў, а калі раптоўна захварэў – атрымалі страхоўку, якой хапіла на набыццё новага. З яго дапамогай і свой немалы ўчастак апрацоўваю, і суседскія. Звяртаюцца і людзі з гарпасёлка, а самы далёкі сёлетні наш з Напалеонам паход быў у Цялічына. Вядома ж, усё раблю па законе – плачу адзіны падатак: сума невялікая, а дадатковы заробак для сям’і зусім не лішні”, – распавядае Максім.
Трэба сказаць, што пазнаёміліся мы з героем аповеду летам на жніўных палетках. Асноўнае месца яго працы – кацельня ў Градзянцы, на аграрны ж сезон УП ЖКГ камандзіравала работніка ў “Дземенец”. “Вы не ўяўляеце, які ён працавіты! – характарызаваў калегу камунгасавец Юрый Юркевіч. – Нават не ведаю, ці адпачывае калі-небудзь…”. Да слова, выручаў Максім сельгаспрадпрыемства і зімой: вельмі складана было з кадрамі і, завяршыўшы змену ля катлоў, ён паспяваў яшчэ і цялят на глыбацкай ферме пакарміць. Ды і зараз праводзіць свае выхадныя за рулём МТЗ-82.
“А сапраўды, як вытрымліваеце такі графік?”, – цікавімся ў суразмоўцы. “Прачынаюся а пятай гадзіне, каб усю жыўнасць пакарміць. Трымаем з дзясятак курэй і некалькіх гусей, в’етнамскіх парсючкоў разводзім – свінаматка ёсць. Мяса ў іх не горш, а догляд больш просты, ахвотна ядуць сырую бульбу. Садзім яе, дарэчы, 20 сотак, сеем і збожжа: зямлі хапае і з уборкай праблем няма – сёлета Юра Юркевіч на дземянецкай “Ніве” нашы палоскі змалаціў. Сена ж для Напалеона ўсе разам сушым, ды і па іншых гаспадарчых справах блізкія дапамагаюць. Сям’я ў мяне вялікая і цудоўная!”, – расказвае мужчына.
Розныя старонкі былі ў яго жыцці. Так сталася, што пэўны час у адзіночку гадаваў двух дзяцей, але некалькі год таму ў іх доме з’явілася гаспадыня – пяшчотная, клапатлівая, працавітая жанчына з прыгожым імем Надзея. З дзецьмі Максіма адразу агульную мову знайшла, што, прынамсі, і нядзіўна для педагога па прафесіі – працуе яна выхавацелем у дзіцячым садзе №3.
У Раі ж цяпер не адзін, а тры старэйшыя браты. “Мы з Сашам адразу з Уладам і Алегам пасябравалі, быццам заўсёды роднымі былі”, – прызнаецца дзяўчына. Дарэчы, з Аляксандрам Кучаронкам мы таксама пазнаёміліся сёлета ў полі – пасля заканчэння двух курсаў Лепельскага каледжа юнак прыбыў на практыку ў “Вялікадолецкае”, бо вучыцца па накіраванні гэтай гаспадаркі. Ужо на другі дзень хлопец самастойна адвозіў зерне ад камбайнаў (на здымку). Працаваў старанна – татавы гены.
У невялікіх Ціханятах аж тры кані, так што па колькасці гэтай жывёлы на душу насельніцтва вёска – у ліку раённых рэкардсменаў.
Ёсць у сям’і і прадстаўнік самага юнага пакалення – чатырохгадовы ўнучак Вадзімка – старэйшы сын Надзеі прывозіць яго на лета з Мінска. Малы проста ў захапленні ад шматлікіх жывёл на падворку, імкнецца і на градках дапамагчы – вунь які агурок-велікан разам з бабуляй вырасціў (на здымку). Шкада, што наш конкурс агародніцкіх дзівосаў ужо завершаны!
Гісторыя вясковага куточка працягваецца, і бацькі Максіма, якія раней тут жылі, маглі б ім ганарыцца. Звалі іх, дарэчы, Аляксандр і Раіса, і сын захаваў для сваіх дзяцей не толькі сядзібу продкаў, а і даў ім іх імёны.
Наталля БАГДАНОВІЧ.