“Успрымаю ўдзел у заключным этапе “Марафона адзінства” за аказаны мне гонар. Зусім невялікая дэлегацыя ад Ушаччыны, і я ў яе складзе! Не проста рада, я шчаслівая”, – яшчэ ў самым пачатку паездкі казала музычны кіраўнік дзіцячага сада №4 Таццяна Сандзюк. Так яно па сутнасці і было, сем запрашальных білетаў на гала-канцэрт “Час выбраў нас” выдавалі ў якасці заахвочвання. А паколькі многія ўпершыню былі на вялізным сучасным комплексе “Мінск-Арэна”, то падарунак атрымаўся двайны.
Гледачы з’язджаліся з усіх куткоў краіны. Прысутнічалі цэлыя сем’і, і ўспрымалі мы сябе адзінай дружнай сям’ёй. 15 тысяч чалавек размясцілася на трыбунах, не менш задзейнічалі ў падрыхтоўцы гэтага грандыёзнага шоў – у ім выступалі ўдзельнікі ўсіх папярэдніх “Марафонаў адзінства”.
“Я была на першым канцэрце марафона, які пачынаўся на гэтай жа арэне 17 верасня ў Дзень народнага адзінства. І цяпер на заключным. Канцэрт пабудаваны з блокаў, але абсалютна па-новаму. Тады – з лепшых нумароў кожнай вобласці, зараз усё аб’яднана вакол гімна нашай краіны, радок з якога распачынаў кожную тэматычную частку. Дасканала прадумана ад тэкстаў да чырвона-зялёных агеньчыкаў на бранзалетах удзельнікаў”, – дзялілася ўражаннямі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Святлана Аўдошка.
Ганна Міхейка, медыцынская сястра Ушацкай ЦРБ:
“Нават крыху няёмка, што з вялікага калектыву нашай бальніцы на гала-канцэрт накіравалі мяне. Уражана і “Мінск-Арэнай”, і прадстаўленнем. Буду апраўдваць аказаны давер, паколькі да нас звяртаўся Прэзідэнт, калі казаў, што наступная пяцігодка стане часам моладзі.
Так, зіхацелі трыбуны, пляцоўка, купал. Ад спецэфектаў займала дух, а ў залежнасці ад выступленняў мяняўся настрой. Перадаць словамі тыя адчуванні немагчыма. Нават калі не вельмі ўпэўнена ведаў словы, падпяваў разам з салістамі “Калі мы адзіныя”, “Каханую не аддаюць”, дрыжыкі беглі па целе падчас ваеннага блока, і ногі адбівалі такт пад “Мары збываюцца”. Народны артыст Расіі Юрый Антонаў, які прыехаў на свята, назваў Беларусь сваёй другой радзімай. Ну а для нас усіх яна адзіная – непераможная, працавітая, прыгожая, гасцінная і маладая. Усе вехі гісторыі ты перажываў нават не з залай, не – з усёй краінай. За пяць месяцаў маштабная акцыя пабывала ў 15 гарадах Беларусі і да важнай палітычнай падзеі яшчэ больш згуртавала нацыю. Такую мэту і мела, бо моцныя мы – пакуль адзіныя, непераможныя – пакуль адзіныя, стваральныя – пакуль адзіныя.
Вольга Пугачова, настаўнік эстраднага вакальнага аддзялення школы мастацтваў:
“Нічога падобнага ніколі не бачыла. Уяўляла, якая работа праведзена, каб на кожны нумар задзейнічаць такую колькасць артыстаў і так сінхронна ўсё адрэпеціраваць. Уразілі касцюмы, некаторыя ідэі пераняла для сваіх выхаванцаў”.
“У нас была пагроза згубіць краіну. Свет вакол хутка мяняецца. Нам цяпер не да ўнутраных разборак. Усе павінны працаваць як адзіны арганізм, калі хочам і далей ісці шляхам, які выбралі шмат гадоў таму. Мы захаваем галоўнае: дыктатуру парадку, справядлівасці, дабра і павагі да чалавека. Перш за ўсё – да чалавека працы”, – казаў у сваім выступленні Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Мяркуючы па атмасферы ў зале, ды і па выніках электаральнай кампаніі – урокі над памылкамі пасля 2020 года беларусы зрабілі.
Вольга Караленка.