Цэнтр праваслаўнай культуры адкрыўся на мінулым тыдні ў цэнтральнай бібліятэцы імя Е.Лось. Чаму менавіта тут? Бо бібліятэка і так з’яўляецца адукацыйным цэнтрам, у які ідуць за рознай, у тым ліку і духоўнай літаратурай.
Ну а каб пашырыць яе фонд праваслаўнымі кнігамі, прыход храма Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры ў часовае карыстанне перадаў яшчэ 50 экзэмпляраў, якія можна пачытаць на месцы ці ўзяць дамоў. А таксама тут кожны месяц будуць праходзіць сустрэчы з благачынным Ушацкай праваслаўнай акругі Аляксандрам Таляронкам. Першая адбылася з удзельнікамі клуба цікавых сустрэч “Ушачане”.
Дарэчы, распачаў мерапрыемства благачынны асвячэннем памяшканняў бібліятэкі і ўсіх прысутных, тым самым без прадмовы прыступіў да асветніцкай мэты цэнтра, паколькі паралельна расказаў пра традыцыю акраплення жылля вадой, асвечанай на Вадохрышча, якое праходзіць ад гэтага свята да Грамніц (па 14 лютага ўключна). Хто яшчэ не паспеў, але жадае асвяціць памяшканні, могуць патэлефанаваць у прыход ( 3-15-48).
Многія ўдзельнікі мерапрыемства раслі атэістамі і зараз пакрысе спасцігаюць азы праваслаўя, таму і тлумачыў іерэй, як прасцей гэта рабіць. Хоць адказы літаральна на ўсе пытанні дае “Біблія”, зразумець напісанае адразу вельмі складана, таму і раіў распачынаць з тлумачэнняў – на выставе, напрыклад, знаходзіцца дасціпная падача Евангелля ад Б.Гладкова. Не менш карысным будзе цыкл выданняў пад рубрыкай “Пытанні свяшчэнніку” ці практычныя парады як маліцца, паводзіць сябе ў храме. Сярод духоўнай літаратуры шмат апісанняў жыцця святых – рэальных людзей, якія жылі не толькі некалькі вякоў таму, а і нядаўна.
Памочнік благачыннага Ганна Пашкова расказала пра свой прыход да веры, пра ўспаміны бабулі пра Сарочынскую царкву, цудатворную ікону, крыніцу і заклікала дзяліцца любымі звесткамі пра ўшацкія храмы. Ну а што праваслаўю трэба вучыцца, па сабе ведае паэтэса Тамара Барадзёнак: хоць з’яўляецца актыўнай прыхаджанкай і выдатна памятае народныя абрады, аднак кожны духоўны верш узгадняе, паколькі цесна перапляліся ў быце рэлігійныя і язычніцкія святы. Дарэчы, у нас у газеце існуе рубрыка “Забабоны і аксіёмы”, у якой Вы таксама можаце атрымаць адказы благачыннага іерэя Аляксандра на супярэчлівыя пытанні.
Вольга Караленка.