Американец на Ушаччине: Чарльз Стюард Найт и его любовь к белорусской земле

Общество

Мужчыну з трубкай і ў капелюшы, напэўна, прыкмецілі ўжо многія ўшачане. З таго часу, як амерыканец Чарльз Сцюард Найт у 2022 годзе набыў дом у вёсцы Машчоны, ён часта бывае ў райцэнтры. Хоць і не валодае пакуль рускай мовай, імкнецца ўліцца ў грамадскае жыццё беларусаў, у снежні, напрыклад, прыняў удзел у дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” – перадаў грошы на навагоднія падарункі.

Асабіста я сустрэла Чарльза ўпершыню ў маршрутцы Мінск-Ушачы: ён ехаў са сталіцы са сваёй сяброўкай – венгеркай Ілонай, якая выкладала мову ў адным са сталічных універсітэтаў. Пазнаць амерыканца (здымак якога ўжо быў у раёнцы) лёгка было не толькі па ўсё той жа трубцы. Побач з ім заўсёды была Дама – такую мянушку мае паслухмяны сабака, які ў грамадскім транспарце ні прараніў ні гука, хоць і было вельмі спякотна. Таму і здзівілася, калі завітаўшы ў Машчоны, не засталі дома ні адну з яго дам. Аказваецца, Ілона зараз выкладае на Тайвані, а Дама пакуль у Будапешце. Праўда, Чарльз збіраецца прывезці чатырохлапую сяброўку назад. Тым часам у доме ўдосталь свавольнічаюць шчанюк Дзіма і кацяня Смокі. “Адны мужчыны, што паробіш!”, – прасіў прабачэння Чарльз, спешна прыбіраючы падчас нашага нечаканага візіту пашкуматаную па падлозе паперу.

Да жывёлы ў яго асаблівая прыхільнасць. Ён не пройдзе міма хворага кацяня – аднойчы падабраў у цэнтры гарпасёлка небараку, які не мог хадзіць, і адвёз у ветлячэбніцу. Калі жыў у Віцебску, ахвяраваў сродкі мясцоваму заапарку, дзякуючы чаму пабудавалі вальер для мядзведзяў. Ён вельмі любіць касалапых і называе іх вельмі дружалюбнымі, таксама як і ваўкадаваў. Спачатку палічыла гэта за памылку перакладу, аднак Чарльз скінуў свой фотаздымак у маладосці і дадаў, што ў ЗША вырасціў многа сабак такой пароды.

Пра сябе расказвае нямнога. Ён са штата Вярджынія, працаваў банкірам, тэхнічным журналістам. У ЗША ў Паўночнай Караліне жыве сястра, а ў Лос-Анжалесе дачка і ўнучка. У нашу краіну закахаўся завочна: падчас перапіскі ў інтэрнэце з сяброўкай. Прыехаў, і пачуцці да сінявокай аказаліся нават больш моцнымі, чым да віртуальнай знаёмай. Жыў у Мінску, Віцебску, але шукаў свой дом. Жартуе, што ён сам яго знайшоў: калі рыелтар паказаў выстаўлены на продаж утульны катэдж на беразе возера – ніякіх варыянтаў больш і разглядаць не стаў.

“Мой дом – Машчоны. Толькі тут. На гэтым прыгожым возеры Лутава”, – шмат разоў паўтарае мужчына, які на сваім вяку пабачыў дзясяткі розных краін. Ён і зараз шмат падарожнічае – летась амаль год правёў на кітайскім востраве Тайвань, але вяртаецца дамоў. Чым так захапіла маленькая азёрная вёска Ушаччыны? У адказ на гэта Чарльз зноў скінуў фотаздымак: з балкона невялікага двухпавярховага катэджа распачынаўся аранжава-ружовы світанак, што ў такія ж колеры расквеціў і водную гладзь. Канечне, не закахацца ў гэта нельга.

Што датычыцца гаспадара, дык ён загарэўся чарговым, таксама азёрным праектам. Чакае аўкцыёну, каб набыць панскі маёнтак у Арэхаўне. Не для сябе. Хоча адрэстаўрыраваць яго і адкрыць там міжканфесійны цэнтр. Хаця не будзем апісваць тое, што з’яўляецца пакуль толькі марай.

Вольга Караленка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *