Калі пасля заканчэння вучэбкі ў Фергане маладых салдат, сярод якіх быў ушачанін Пётр Турчыновіч, пастроілі на пляцы і запыталіся, ці ёсць такія, хто не хоча служыць у Афганістане, са строю не выйшаў ніводны баец. Тады, у сярэдзіне 80-х, змаладушнічаць, схавацца за спіны таварышаў было абсалютна недастойным учынкам: як потым паглядзіш у вочы бацьку, што скажа дзядуля-франтавік?.. Зрэшты, для сапраўдных патрыётаў паняцце “вайсковы абавязак” застаецца святым ва ўсе часы. Як ніколі не сыйдуць у нябыт мужнасць і подзвігі нашых “афганцаў”, не аслабее іх баявое братэрства.
Гэту няпростую старонку нашай гісторыі абмяркоўвалі на сустрэчы са старшакласнікамі Ушацкай школы былыя воіны-інтэрнацыяналісты Уладзімір Якаўлевіч Андрыковіч, Анатоль Валянцінавіч Рудкоўскі і прыгаданы вышэй Пётр Міхайлавіч Турчыновіч. Падчас дыялогавай пляцоўкі школьнікі адкрылі для сябе шмат новага, а моцныя ўражанні ад сустрэчы атрымалі абодва бакі.
У баявых дзеяннях падчас афганскай вайны прымала ўдзел каля сотні нашых землякоў, трое з іх загінулі, многія атрымалі раненні, шмат і тых, хто пайшоў з жыцця ўжо ў мірны час. Зараз на Ушаччыне зарэгістраваны 33 былыя воіны-інтэрнацыяналісты.
Школьнікі цяпер ведаюць, што супраць нашых хлопцаў ваявалі не толькі душманы, а і… вецер-“афганец”, які за адно імгненне засыпаў пылам талеркі з ежай, а летам у пяску можна было зварыць укрутую яйка, закапаўшы яго на 10 хвілін. Што страшней бывае не да, а пасля бою, калі сыходзіць адрэналін і ад эмоцый пачынаюць калаціцца рукі…
Напрыканцы сустрэчы дырэктар установы Алена Уладзіміраўна Ворса падарыла гасцям памятныя сувеніры, а кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Уладзімір Яўгенавіч Пальчэх расказаў аб тым, што ў школе створаны пошукавы клуб, які мае на мэце сабраць як мага больш звестак пра землякоў, што ваявалі ў Афгане, запісаць іх успаміны і, магчыма, адкрыць экспазіцыю, прысвечаную іх подзвігу.
Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.
З успамінаў Пятра Турчыновіча:
“Калона, якую мы суправаджалі, нарвалася на засаду. Выпушчаная “духамі” ракета перад нашым БТРам трапіла ў аўтамабіль з гаручым. Хлопец, што сядзеў за рулём, ахоплены полымем, вываліўся з кабіны і згарэў зажыва ў нас на вачах… Гібель саслужыўцаў бачыў не раз, а вось мяне кулі міналі. Быў страх, даводзілася яго пераадольваць. Потым прывык, не думалася аб смерці. Калі выходзілі на заданне, заўсёды была надзея на добрае заканчэнне… Неяк ноччу, калі наша рота паміж дзяжурствамі на “кропцы” знаходзілася ў размяшчэнні батальёна, маджахеды пачалі абстрэл. Я ў гэты час быў на тэрыторыі, пайшоў за дрывамі. Сталі рвацца снарады. Прызнацца, і не памятаю, як апынуўся ва ўкрыцці – таварышы дапамаглі, бо ад нечаканасці на нейкія хвіліны проста аслупянеў. Але калі камбат загадаў тушыць склад з боепрыпасамі, адразу кінуўся туды: загады не абмяркоўваюць!”.
Успамінае Анатоль Рудкоўскі:
“Калона пераязджала з Кабула ў Газні. Да тэхнікі, якая вязла паліва і боепрыпасы, далучыліся БРДМ і бензавоз з нашай часці. Яшчэ на выездзе са сталіцы мы заўважылі афганскіх дзяцей: тыя паказвалі на дарогу і праводзілі рабром далоні па горле. Злавесным паказаўся і пусты, быццам вымершы кішлак… Душманы атакавалі калону ў сярэдзіне шляху, адзін за адным пачалі ўспыхваць бензавозы. Стралялі з гранатамётаў з “зялёнкі”, з некалькіх кропак. За рулём нашага БРДМа быў хлопец, якога ў часці звалі Федзя-татарчонак. Па машыне вялі прыцэльны агонь. “Толькі не стой, рухайся!” – крычу яму. І той адчайна накручвае петлі, увільваючы ад разрываў… Частка калоны рушыла назад на Кабул, але там чакала яшчэ адна засада, зноў запалалі бензавозы. Выратавалі нас прыцемкі: падаспеўшым на дапамогу верталётам стала бачна, адкуль душманы вядуць агонь, і яны знішчылі кропкі. А потым мы выносілі забітых. Цягнеш цела і шэпчаш: “Даруй, братка” – а слёзы цякуць…”.
Прыгадвае Уладзімір Андрыковіч:
“Вельмі паважалі мы маладога лейтэнанта Эйдзіна, які заўсёды быў побач з байцамі роты, пераадольваў з намі і горныя кручы, і глыбокія цясніны. Лейтэнант быў старэй за нас толькі на некалькі год, бо ў Афганістан трапіў пасля заканчэння ваеннага вучылішча. Таму і неслі яго салдаты пасля ранення 15 кіламетраў на руках, рызыкуючы жыццём і адстрэльваючыся ад бандытаў… А падчас наступнага баявога выхаду быў паранены і я сам, і мой баявы сябар Міхаіл Уласаў – сустрэць такіх можна толькі на вайне. У Мішы былі прабітыя лёгкае, печань – і яго камісавалі. Я атрымаў кантузію і ў жывот асколак міны, які засеў у страўніку, а пасля аперацыі, трох месяцаў лячэння ў шпіталі Кабула і месяца водпуску ў роднай Дубраўцы вярнуўся ў сваю часць”.