В Ушачах прошла районная спартакиада среди трудовых коллективов

Cпорт

Як думаеце, што агульнага ў Алімпійскіх гульняў і раённай спартакіяды працоўных калектываў? Па-першае, дэвіз “Хутчэй, вышэй, мацней…”, у які нядаўна дадалі і слова “разам”, падаецца трапным для спаборніцтваў любога маштабу. А яшчэ – як на алімпійскіх трасах, так і на раённых пляцоўках могуць побач спаборнічаць спартсмены абсалютна рознага ўзроўню, бо нехта мае на мэце пакарыць п’едэстал, а іншыя рады ўжо таму, што назва іх краіны (арганізацыі) прагучыць на спартыўным форуме. І ў гэтым нашым аповедзе пра ўшацкую спартакіяду вы сустрэнеце як адных, так і другіх.

Сёлета за перамогу ў дзевяці відах спаборніцтваў змагаліся 10 каманд з 13 арганізацый.

Традыцыйна першыя ўзнагароды былі разыграны на водных дарожках. Прафесійная тэхніка неаднаразовага пераможцы раённага чэмпіянату па плаванні Віталя Карэнскага, які разам з Элай Трафімавай выступаў за зборную РАУС і Ушацкай школы, не пакідала сапернікам шансаў на “золата”. Дастойна выглядалі плыўцы з ЦРБ Рыгор Жаваранак і Вераніка Цвяцінская (у іх другое месца), “бронзу” для зборнай РАНС і ТЦСАН здабылі Аляксандр Сакалоў і Алена Баяронак.

“Канечне, моцнай спартсменкай сябе не лічу, але, як бачыце, на вадзе трымаюся!” – не губляла аптымізму апошняя. Бухгалтар сацыяльнай службы з тых людзей, хто заўсёды адгукнецца, калі трэба падтрымаць калектыў. Тое ж можна сказаць і пра прадстаўніцу камунгаса Галіну Сямякіну, якая нават не раздумвала, калі ўзнікла патрэба закрыць “вакансію” ў гэтым відзе, а вось сынок Рома, які прыйшоў пахварэць за матулю, прызнаўся нам, што добра плаваць пакуль не ўмее, але пастараецца навучыцца.

Яшчэ адзін дынамічны від праграмы – лёгкаатлетычная эстафета, і хоць каманды стартавалі асобна, барацьба была гарачай. Мяркуйце самі: выратавальнікі Крысціна Шастакова, Віктар Волах і Вадзім Мамонаў выйгралі ў срэбраных медалістаў з райбальніцы каля 0,8 секунды, у сваю чаргу каманда РАУС і школы ў складзе Фёдара Апанасевіча, Лізаветы Коўшаль і Дзмітрыя Белякова саступіла другому месцу толькі адну сотую!

“Мы ўжо некалькі год выступаем разам у гэтым відзе, а сёлета да нас далучылася медсястра Глыбачанскай бальніцы сястрынскага догляду Вераніка Алексяёнак – з такой камандай райбальніца можна ставіць рэкорды!” – зазначылі Аляксандр Сапега і Рыгор Жаваранак.

Прынамсі, не меншае майстэрства праявіла Вераніка і ў настольным тэнісе: разам з урачом-дантыстам Аляксандрам Званковым заваявала яшчэ адно “срэбра”. Цікава, што гэта спартакіяда для абаіх была дэбютнай. “У вольны час хаджу ў тэнісную залу проста каб падтрымліваць фізічную форму і не думаў, што змагу даць бой прызнаным майстрам малой ракеткі. Прыемна, што не падвёў каманду”, – пракаменціраваў сваё выступленне Аляксандр. Перамогу ж у гэтым відзе святкаваў дуэт выратавальнікаў В.Волах і К.Шастакова, “бронза” дасталася лясгасаўцам Андрэю Дзмітрыеву і Наталлі Селявёнак. Апошняя, дарэчы, выступала пасля хваробы – магла б паберагчы сябе, але гэта не ў яе характары. Для Андрэя ж спорт – захапленне з дзяцінства. “Жыў побач з Ушацкай школай, мабільнікаў тады не было, дык мы з сябрамі штодня хадзілі ў тэніс гуляць. Так напрактыкаваліся, што на вобласці прызавыя месцы бралі”, – прыгадвае лясгасавец.

А вось у жаночай гімнастыцы апошнім часам інтрыгі няма: Ірыну Цітову можна загадзя ўпісваць у пратакол як пераможцу. І нават колькасць адцісканняў угадаеш: іх будзе пад 70. Зрэшты, каб дасягнуць “фірменнай” лічбы, прадстаўніцы Ушацкай школы давялося праявіць характар. “Вось навошта так напружвацца? Відавочна ж, што саперніцы не дагоняць! Спыніліся б на 50”, – запыталіся мы ў Ірыны. “Але ж гэта будзе маё асабістае паражэнне! У любой справе нельга паніжаць планку”, – адказала тая і адкрыла няхітры сакрэт сваёй падрыхтоўкі: штодня робіць 15 адцісканняў, а перад спаборніцтвамі павялічвае норму. Ужо не першы раз “срэбра” ў гэтым відзе заваёўвае Іна Ларчанка з ТЦСАН, а ўладальніцу “бронзы” Вольгу Рубанік вывеў на прызавое месца ўзроставы каэфіцыент: усяго палову бала саступіла ёй майстар лесу Плінскага лясніцтва Насця Міцкевіч. Дарэчы, адпрацаваўшы тэрмін па размеркаванні, дзяўчына засталася ў лясгасе: кажа, што і работа падабаецца, і калектыў. А вось у мужчын падцягванне на перакладзіне выйграў супрацоўнік РАНС Віталь Баркоўскі – што таксама было прадказальна. Зрэшты, прадстаўнік раёна электрасетак Ілья Падгол падцягнуўся толькі на 1 раз менш. “Бронзу” атрымаў малады настаўнік фізкультуры Ушацкай школы Андрэй Бутоўскі.

В.Баркоўскі першынстваваў і ў самым “лёгкім” заліку гіравікоў, дзе ў прызавой тройцы апынуліся таксама Дзмітрый Баратынскі з райвыканкама і Міхаіл Лісіца з РЭС. У катэгорыі да 90 кг перамог Аляксей Базылеў з Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый (далей – Цэнтр), другім стаў выратавальнік Сяргей Собаль, трэцім – камунгасавец Арцём Баяронак. У самай цяжкай вазе першыя тры месцы занялі Уладзімір Аўдошка з УП ЖКГ, Алег Сыс (зборная райвыканкама і раённага вузла электрасувязі) і супрацоўнік РАУС Іван Бугроў. І калі апошні падкрэсліў, што падтрымліваць добрую фізічную форму патрабуе прафесія, то Алег Леанідавіч прызнаўся, што рэгулярна трэніруецца дома.

Самым трапным стралком стаў энергетык Дзмітрый Зелянко, другое месца ў прадстаўніка Цэнтра Сяргея Клопава, “бронза” – у Аляксея Грыневіча з філіяла аблспажыўтаварыства. А вось Аляксандр Грыневіч прынёс прызавое месца культработнікам – стаў трэцім у дартсе, “срэбра” тут заваявала Таццяна Хрыпель з філіяла, “золата” – лясгасавец Андрэй Лодзіс. Упершыню спрабавала сябе ў гэтым відзе Насця Мягель – і выступіла дастойна. “Летась у дартсе каманду Цэнтра прадстаўляў мой муж Яўген, сёлета ж ён заявіўся ў гімнастыку і плаванне. Увогуле ў спартакіядзе ўдзельнічаем з задавальненнем, хоць і не прэтэндуем на “золата”, – падзялілася дзяўчына.

А вось пераможца турніру шашыстаў Ігар Шышко (лясгас) і прызёры Віталь Клімашэўскі (райвыканкам) і Дзмітрый Дрозд (школа), заўсёды нацэлены толькі на першае месца. Упартай была барацьба ў джэнга: у выніку “бронзу” ўзяла дырэктар ТЦСАН Вольга Ізмайловіч, якая прызналася, што для трэніроўкі пазычыла ў дачкі дзіцячы набор гэтай гульні. А вось Вадзім Казак з РЭС і Аляксандр Бехаў з УП ЖКГ паказалі аднолькавы вынік, перамясціўшы за 2 хвіліны 16 блокаў, і камунгасавец стаў першым па дадатковым паказчыку. “Сакрэт поспеху? Дык я ж на рабоце за будаўніцтва адказваю – было б дзіўна, каб не ўмеў блокі складаць!” – жартаваў ён.

Такім чынам, абсалютна ўсе каманды атрымалі прызавыя месцы ў розных відах. Што датычыцца агульнага заліку, то перш чым назваць лепшую тройку, хочацца ўзгадаць баявую каманду раёна электрасетак, якая спынілася ў кроку ад п’едэстала. Варта, напрыклад, выказаць добрыя словы ў адрас Веранікі Аляксеевай, што выступіла і ў плаванні, і ў гімнастыцы. “Хіба можна ў баку ад такой цікавай падзеі застацца? – кажа жанчына. – Ну а сіл у мяне хапае: прыбіральшчык штодня фізічныя практыкаванні выконвае”.

Камандная “бронза” ў гэты раз дасталася райбальніцы, “срэбра” – зборнай РАУС і Ушацкай школы, ну а ўпэўненую перамогу святкавала аб’яднаная дружына выратавальнікаў і ТЦСАН.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *