90 лет мудрости и стойкости: история Нины Спириденок из Ушачского района

Общество

Гэты прыгожы здымак Ніны Канстанцінаўны Спірыдзёнак быў зроблены на мінулым тыдні, калі яна адзначала сваё 90-годдзе. Ёсць жанчыны, якія ўмеюць захаваць прывабнасць і пазітыў нават пад цяжкім грузам гадоў і перажытых выпрабаванняў. Гераіня нашага аповеду – якраз з такіх.

Як і большасць вясковых людзей, яна прывыкла кожны дзень праводзіць у гаспадарчых справах, а таму да апошняга адкладала ад’езд з роднай хаты ў Старынцэ і яшчэ летась трымала на падворку курачак. Ды ўсё ж саступіла ўгаворам і згадзілася правесці зіму ва Ушачах у сына Валерыя Дзмітрыевіча і яго спадарожніцы жыцця Алы Анатольеўны. У камфортным доме цёпла і ўтульна, у жанчыны – свой прасторны пакой, родныя атуляюць клопатам, дапамагаюць змагацца з хваробамі. Дай Бог кожнаму ў падобнай атмасферы сустракаць гэткі юбілей.

…Ніна Канстанцінаўна добра памятае дзяцінства, якое прыпала на самы суровы адрэзак гісторыі нашай краіны. Вестку пра пачатак вайны ў іх Броўчына прынеслі вяскоўцы, што вярнуліся з Ушач. Неўзабаве самалёты скінулі першыя бомбы – ад адной нешта загарэлася ў санаторыі, а потым на матацыклах прыкацілі фрыцы. Першым часам не лютавалі – пакуль у наваколлі не з’явіліся народныя мсціўцы. Нярэдка бывала, што днём у вёсцы ўладарылі немцы, ноччу – партызаны. Жанчыны пяклі хлеб для брыгады Дубава, а мужчыны, у тым ліку і тата Ніны, дастаўлялі яго ў лес – гэта называлася “ехаць у падводы”. Самае страшнае пачалося адразу пасля прарыву блакады, калі броўчынцаў прыгналі ва Углы і пачалі сартаваць: дзяўчат адправілі капаць траншэі, матуль з дзецьмі адпусцілі, а мужчын павезлі ў Германію. У ліку апошніх быў і бацька гераіні аповеду – з палону ён не вярнуўся: казалі, што сканаў ад голаду. Не перажыў вайну і малодшы брацік Ніны – памёр ад тыфу. Хварэла і яна, ды здолела ачуняць. Калі вярнуліся з мамай у Броўчына, у хаце былі голыя сцены. Сяляне хавалі ў зямлі зерне, адзенне – ды нехта ўсё выкапаў. Вельмі голадна потым было – і зараз помніць Ніна, якім ласункам здаваліся ляпёшкі з гнілой бульбы, сніткі ды асоту. Памятае і тое, як матуля пешшу хадзіла за насеннем у Полацк, цягнула на плячах цяжкія мяхі…

Скончыўшы школу, дзяўчына ўладкавалася прадаўцом у сельпо – і неяк раз прыкмеціла сярод пакупнікоў маладога трактарыста Дзіму Спірыдзёнка – а неўзабаве хлопец выклікаўся правесці яе да дому пасля танцаў, што ладзілі ў Качанах… Хату пабудавалі ў Старынцэ. Адзін за адным чацвёра сыноў на свет з’явіліся. “Канечне, марылі пра дачушку, ды супраць генаў нічога не зробіш: у бацькоў Дзімы аж шасцёра дзяцей было – і ўсе хлопцы”, – з усмешкай расказвае Ніна Канстанцінаўна.

Сыноў яны годна выхоўвалі: з самага маленства працавітымі, прыстойнымі раслі. Ды і прыклад у іх выдатны быў: тата Дзмітрый Сяргеевіч – перадавы механізатар, звеннявы калгаса “Дружба”, кавалер ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга! У паляводчую брыгаду ўладкавалася і Ніна Канстанцінаўна, ды і дома вялікую гаспадарку даглядала.

У кожнага з сыноў, канечне, свае абавязкі меліся. “Усе мае хлопчыкі былі адказнымі, адзін другому дапамагалі, – з цеплынёй узгадвае жанчына. – Памятаю, дала заданне старэйшаму падрыхтаваць два вядры бульбы, каб вечарам зварыць парсюкам. Дык пакуль ён з заняткаў прыйшоў – работа была зроблена: самы маленькі наш Толік, які яшчэ і ў школу не хадзіў, дастаў яе з ямы, абарваў расты, памыў – і ў чыгун паклаў”. “І ўсё ж не верыцца, што так проста было выхоўваць чатырох хлопцаў. Няўжо ніколі не засмучалі вас, не хуліганілі?”, – пытаюся ў Ніны Канстанцінаўны. Яна старанна намагаецца прыпомніць штосьці такое, а ў выніку расказвае толькі, як аднойчы заўважыла, што з прычэпа трактара, які муж ля хаты паставіў, нейкі дым узнімаецца – спалохалася: можа загарэлася там што? Аказалася, яе “чацвёрка” схавалася за бартамі і папіросы закурыла. Ну, што зробіш, павінны ж хоць нейкія недахопы ў хлопцаў быць.

Усе яны выраслі годнымі людзьмі, шчырымі працаўнікамі. На жаль, так сталася, што старэйшыя Сяргей і Вадзім рана пайшлі з жыцця. Валерыя ж і Анатоля добра ведаюць усе землякі – абодва працягваюць традыцыі бацькоў, працуюць у “Ільюшынскім”, з’яўляюцца пераможцамі раённых спаборніцтваў сярод аграрыяў. Да слова, Валерый Дзмітрыевіч немалы адрэзак жыцця правёў у Наваполацку, але зноў вярнуўся ў родныя мясціны. Спрабаваў “гарадскі хлеб” і яго малодшы брат, ды работа ў полацкім дэпо аказалася зусім не па душы – у гаспадарцы ж Анатоля сустрэлі радасна, адразу далі новы трактар.

Ніна Канстанцінаўна, канечне, ганарыцца сынамі, сем’і якіх сабраліся за святочным сталом, каб раздзяліць з ёю прыгожы юбілей. А зусім хутка такой жа дружнай грамадой паедуць яны ў Старынку – каб не зарасла бацькоўская сядзіба, каб, як і раней, расла тут бульбачка і каласілася збожжа.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *