Традиции хозяйственности и патриотизма: история семьи Оводнёвых из Ушаччины

Калейдоскоп

Ці задумваліся Аляксандр і Жанна Аваднёвы пакінуць Ушаччыну ці нават роднае Павулле? Ніколі, хоць пры ўніверсальных прафесіях вадзіцеля і выхавацеля маглі б знайсці рабочыя месцы і ў аграгарадках, і ў райцэнтры, і ў гарадах. Аднак іх адна з самых маладых сямей населенага пункта падымае не толькі статуснасць вёскі, але і сапраўдны патрыятызм. Сына Сяргея выхавалі так, што любую вольную часіну ён праводзіць на малой радзіме, прычым, не на канапе.

Вось і ў пятніцу, на якую не выпала змена на “Нафтане”, юнак быў дома. Дакладней, за яго межамі ў старым калгасным садзе, які прымыкае да сядзібы. Хоць агароджа засталася метрах у 30, хлопец убіраў сухія галіны на тэрыторыі, якая, аднак зусім не выглядала нічыйнай. Улетку тут таксама абкошваецца і выграбаецца, тым больш што ёсць для каго. Хоць і збылі карову, сена сушыць працягваюць: у хлявах і фландары, і бабачкі, і каліфарнійцы – розныя пароды трусоў прывозіць таксама сын, як і заводных курэй, індыкоў. Для апошніх нават ахвяраваў месца ў двары, каб пабудаваць сучасны індычнік.

– Мы зараз ва ўсім яго слухаемся, – усміхаецца Жанна Віктараўна. – Угаварыў вось яблыню зрэзаць, хоць і сорт добры быў – ананас. Пераканаў, што купіць новую, ды і ўсё сістэмна павінна размяшчацца. Новы сад, у тым ліку і з абрыкосамі, персікамі, заклалі далей ад пабудоў. Ну а хлявок паставіць не горш за лазню і альтанку, якія зрабіў адзін, хіба што дах накрываць дапамагалі.

Жанчына з гонарам расказвае пра 30-гадовага сына, які стаў сапраўдным гаспадаром. Працуе на “Нафтане” электрыкам, а паралельна падзарабляе. Спачатку дапамагаў сябру, які будаваў на заказ, а зараз і сам і зруб складзе, і любы рамонт выканае. Таму ў сваім Павуллі, зразумела, нікога не наймае. Перанёс ад бабулі лазню, прадумаў вобраз “стыльнай”, абшытай мяккімі вокнамі, альтанкі, побач з якой мяркуе выкласці печ-барбекю. Нягледзячы на тое, што ў бабулі ў Двор Павуллі хата наогул стаіць лічы што на беразе возера, менавіта бацькоўскі дом Сяргей называе лепшым і перспектыўным для сябе месцам.

Гаспадарская струнка у хлопца, зразумела, ад бацькоў. Так і яны з 1997 года, атрымаўшы недабудаваны калгасны дом, зашывалі столь і абкладалі сцены, будавалі калодзеж і праводзілі водаправод, ставілі агароджу і садзілі рэдкія расліны. А каб было гэта магчыма ў часы, калі нідзе нічога немагчыма было купіць, ды пры невялікіх у абаіх заробках, пастаянна трымалі не толькі вялікую гаспадарку, а і надзелы зямлі. Бульбачку раннюю высадзяць – і ў ліпені на рынку ў Полацку прададуць, у лесе ў ягадны сезон – на досвітку. Толькі сваім мазалём зажываліся і падымаліся, і заўсёды – разам.

Паралельна Жанна Віктараўна пачала расквечваць сядзібу. Першацветы, ружы, цюльпаны любіла заўжды, асабліва лілеі, якіх зараз каля 30 гатункаў. А дэкаратыўных кустоў тады ў шырокім доступе не было, таму сама чаранкавала і размнажала сцелістыя ядлоўцы і фарзіцыю, выпісвала японскія елкі, спірэю, акацыі, жоўты і чырвоны бэз. Інтэрнэт-магазін “Новафлора” толькі аднойчы падвёў аматара рэдкіх раслін: замест карлікавай японскай елкі-конікі прыслалі блакітную. Прыгожая, зразумела, таксама, аднак вось прырастае ніяк не па 1 сантыметры ў год і ўжо ростам з дом. Ну а першую конусападобную тую ёй падарыла суседка з Двор Павулля Дзіяна Бароўская. Расліна з гаршчэчка (цяпер таксама веліканша) хутка акрэпла, як і адносіны жанчын, якія штогод абменьваюцца рознымі раслінамі. А пад прыгажосць у Аваднёвых адведзены значная і самая бачная плошча ля дома.

“Выйду ў палісад, пастаю, палюбуюся, за плюшавую галінку сумаху патрымаюся – стомленасць і праходзіць”, – расказвае жанчына, знаёмячы мяне з відамі, якія лепш за словы раскажуць пра сябе праз месяц-другі. Вельмі складана змагацца за званне Дома ўзорнага парадку ў Вяркудскім сельсавеце, дзе столькі заможных дачнікаў і сапраўды ўнікальных сядзіб. І тым не менш Аваднёвы заўсёды паказваюць прыклад, як быць і заставацца гаспадарамі на сваёй зямлі. У маладосці іх сям’я вылучалася на званне “Лепшая маладзёжная гаспадарка”, Жанна Віктараўна адзначалася ў ліку самых актыўных дэпутатаў мясцовага ўзроўню і добрасумленных работніц – Ганаровую грамату райвыканкама атрымлівала яшчэ ў якасці выхавацеля Вяркудскага садка – разам з мужам Аляксандрам Аляксандравічам працуюць у Глыбачанскай школе-садзе. А яшчэ іх прозвішча гучала ў праекце “Новыя імёны Беларусі”. Для раённага ўзроўню вышываныя карціны Жанны Віктараўны дзевяць год таму сталі адкрыццём і атрымалі самую высокую адзнаку. Ну а для самой гаспадыні гэта яшчэ адно любімае хобі, якому ўдзяляе час у менш загружаныя зімнія гадзіны. Сцены ўтульнага дома нагадваюць галерэю – яны завешаны пейзажамі, іконамі і нацюрмортамі – гэта працяг таго,
што звонку.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *