Перадвелікодны тыдзень для прыхаджан касцёла Святога Лаўрэна меў сёлета прыемную адметнасць. Правесці гэтыя асаблівыя дні разам з ушацкімі парафіянамі пажадалі цікавыя госці: айцы Ісмаэль Баррас і Наэль. Першы з іх – іспанец, другі нарадзіўся ў Сінгапуры і жыў у Калумбіі, аднак жа прыехалі святары да нас з Масквы, дзе служаць у галоўным рымска-каталіцкім храме Расіі – Кафедральным саборы Незаганнага Зачацця Прасвятой Дзевы Марыі.

“Дапамагчы ўшацкім вернікам глыбей жыць на перадвелікодным тыдні”, – так акрэслілі святары мэту свайго візіту. Айцец Ісмаэль выдатна гаворыць па-руску: ён праводзіў службы, спаведваў прыхаджан, кожны жадаючы мог зладзіць з ім прыватную размову. А па вечарах у плебаніі праходзілі канферэнцыі, падчас якіх госці дапамагалі парафіянам больш грунтоўна пранікнуць у сэнс Божага Слова, абмяркоўвалі надзённыя тэмы. Сустрэчы праходзілі ў цёплай, дамашняй атмасферы, бо пры сваім высокім сане і ўзроўні адукаванасці святары аказаліся вельмі простымі ў зносінах. На той жа, дзе мы пабывалі, было выказана шмат кампліментаў у адрас Ушач і іх жыхароў, а яшчэ гучалі вершы Рыгора Барадуліна і Федэрыка Гарсіа Лоркі.
Айцец Ісмаэль расказаў нам пра сябе. Вырас ён у веруючай сям’і, яго дзядзькі былі святарамі, такі лёс прадракалі і яму, юнак жа спачатку хацеў паступаць на матэматычны факультэт, ды ўсё ж пайшоў у семінарыю, скончыў інстытут багасловія і стаў місіянерам іспанскага каталіцкага брацтва “Verbum Dei” (у перакладзе з латыні – Слова Божае). Калі яму прапанавалі служыць у Маскве – з радасцю згадзіўся, вывучыў рускую мову, а ў 2000 годзе архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч пасвяціў яго ў сан прэсвітэра. На пэўны час быў пераведзены ў Італію, але потым зноў вярнуўся ў расійскую сталіцу. Зараз яны з айцом Наэлем служаць месы на іспанскай мове – як вядома, у Маскве вучыцца нямала лацінаамерыканцаў, студэнтаў з Афрыкі, якія і складаюць значную частку абшчыны, якую апякуюць пастыры. На кожную службу прыходзіць 150-200 чалавек.
У Беларусі ж айцец Ісмаэль упершыню пабываў яшчэ ў 1997 годзе – браў удзел у знакамітым Будслаўскім фэсце. А летась асабіста пазнаёміўся з ксёндзам Віталем – тады і ўзнікла ідэя гэтага візіту ва Ушачы.
• Напэўна, не ўсе ведаюць, што ў Маскве ёсць такі велічны каталіцкі сабор. Пабудавалі яго ў пачатку 20 века на Малой Грузінскай вуліцы, бо там жыло шмат палякаў, што працавалі на чыгунцы. У 1938 годзе храм зачынілі, пасля чаго тут быў інтэрнат, агароднінная база, навукова-даследчы інстытут, а вярнулі будынак католікам у 1995-м асабістым загадам Б.Ельцына. Храм рэканструявалі і зараз тут праходзяць службы на розных мовах, канцэрты духоўнай і арганнай музыкі.
“Хачу сказаць, што рускія і беларусы ў плане эмацыянальнасці, адкрытага характару ў многім падобныя да іспанцаў, таму адчуваю сябе тут як дома! За час службы ў Маскве ў мяне з’явілася шмат сяброў”, – прызнаецца святар.
Відавочна, што цяпер гэтае кола пашырылася і за лік ушацкіх парафіян, якія шчыра дзякавалі гасцям за навуку і сардэчнасць, а на развітанне падарылі абраз маці Божай Ушацкай і сплеценыя ўласнымі рукамі ружанцы. І канечне, як і належыць добрым сябрам, абодва бакі спадзяюцца на новую сустрэчу.
Наталля БАГДАНОВІЧ.