В Ушачах прошёл районный турнир по настольному теннису

Cпорт

На базе “Юнацтва-Ушачы” праходзіў раённы турнір па настольным тэнісе. Паколькі праводзіўся ён па кругавой сістэме – кожны удзельнік сустракаўся з кожным, баталіі за тэнісным сталом сярод 16 мужчын расцягнуліся на тры тыдні.

Ды і роўных па майстэрству спартсменаў хапала, а гэта азначае, што гулялі па пяць партый, а ў выніковай табліцы аднолькавыя 22 ачкі – ва Уладзіміра Сільванёнка і Віктара Леўшыка, 16 – у Віталя Клімашэўскага і Юрыя Зарубава. Затое сярод фаварытаў малой ракеткі інтрыгі не было: 26 ачкоў і трэцяе месца – у выратавальніка Аляксандра Сакалова, 28 і другое – ва Уладзіміра Гардзіёнка з Арэхаўскай школы, ну а Віктар Волах, таксама з аддзела МНС, не прайграў ні адной партыі – 30 ачкоў і абсалютнае першае месца.

Загадзя былі выпісаны граматы і тэнісісткам, якіх на турніры прысутнічала сем. “Золата” лёгка ўзяла настаўніца Арэхаўскай школы Аляксандра Шаўчэнка, срэбра – у медыцынскай сястры Веранікі Алексяёнак, а “бронза” – у апекуна Веранікі Пабойкінай. Дарэчы, першая і трэцяя – вучаніцы Валерыя Уладзіміравіча Кораня, які таксама ўдзельнічаў у спаборніцтвах. І хоць не абышлося без расчараванняў ад паражэнняў, прысутнічала галоўнае – ігра ў задавальненне і новыя знаёмствы. А тыя, хто не трымаў ракеткі са школьных часоў, цяпер абавязкова будуць заглядаць на фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *