Как оформить пособие по уходу за пожилыми и инвалидами в Ушачах: полный гид

Общество

У многіх ёсць пажылыя сваякі (ва ўзросце ад 80 гадоў), знаёмыя з першай групай інваліднасці. Калі вы пастаянна дапамагаеце ім, можаце разлічваць на атрыманне дапамогі па доглядзе. Падрабязнасці – ад начальніка аддзела назначэння пенсій і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ушацкага райвыканкама В.С.ГУГІНАЙ:

– Вікторыя Станіславаўна, што азначае тэрмін “пастаянны догляд”?

– Дапамога ў ажыццяўленні адной або некалькіх нерэгулюемых надзённых патрэб (маюцца на ўвазе асабістая гігіена, апрананне, прыём ежы, наведанне туалета), патрэба ў задавальненні якіх узнікае часцей аднаго раза за суткі. Каб догляд быў пастаянным, а не эпізадычным, чалавек павінен увесь час знаходзіцца побач з непрацаздольным.

– Што патрабуецца для афармлення такой дапамогі?

– Дакументальна пацверджаная патрэба інваліда І групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, у пастаянным доглядзе. У першым выпадку – заключэнне МРЭК і індывідуальная праграма рэабілітацыі, абілітацыі інваліда, у другім – заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі.

– Хто мае права яе аформіць?

– Грамадзяне нашай краіны, а таксама іншаземцы і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, ва ўзросце ад 16 да 70 гадоў. Яны не павінны працаваць па працоўных ці грамадзянска-прававых дагаворах, з’яўляцца ІП, натарыусамі і адвакатамі, уласнікамі маёмасці юрыдычнай асобы ў статусе яе кіраўніка, мець статус беспрацоўнага, праходзіць прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі па накіраванні органаў па працы, занятасці і сацабароне. Дапамога таксама не назначаецца асобам, якія атрымліваюць дзяржаўную пенсію, штомесячную страхавую выплату, праходзяць ваенную або альтэрнатыўную службу, а таксама службу ў органах унутраных спраў, Следчага камітэта, Дзяржкамітэце судовых экспертыз і інш., навучацца на дзённай форме атрымання адукацыі або ў вочнай ардынатуры. Адмовяць у афармленні і асобам з непагашанай або нязнятай судзімасцю, а таксама тым, хто заключыў з інвалідам I групы ці асобай ад 80 гадоў дагавор пажыццёвага ўтрымання.

– Сумяшчаць работу і догляд немагчыма?

– Такое права маюць бацькі, дзеці, муж і жонка, апякун прадстаўніка адзначанай катэгорыі. Аднак толькі пры ўмове, што яны заняты па працоўным дагаворы на ўмовах няпоўнага працоўнага часу (не больш за палову нармальнай яго працягласці), не ажыццяўляюць дзейнасць у якасці ІП або знаходзяцца ў акадэмічным водпуску па месцы навучання.

– Колькі запляцяць за догляд?

– Пры доглядзе за адной непрацаздольнай асобай – 100 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму (на сённяшні дзень 462,58 рубля), за двума і больш – 120 працэнтаў. Варта адзначыць, што выплата дапамогі спыняецца, калі асоба, якая ажыццяўляе догляд, уладкуецца на працу, вучобу, стане на псіхіятрычны ці наркалагічны ўлік. Таксама грошы перастануць плаціць, калі непрацаздольнага або таго, хто ажыццяўляе догляд, адправяць на стацыянарнае лячэнне ва ўстановы аховы здароўя, а таксама ў некаторых іншых выпадках.

– Куды звяртацца і якія дакументы несці?

– Чалавеку, які ажыццяўляе догляд, трэба звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па месцы жыхарства (знаходжання) непрацаздольнага грамадзяніна. Спатрэбяцца заява ўстаноўленай формы, дакумент, які пацвярджае асобу, працоўная кніжка заяўніка, яго медыцынская даведка з пацверджанай адсутнасцю псіхіятрычнага і наркалагічнага ўліку, а таксама заключэнне УКК аб патрэбе пажылога чалавека ў пастаянным доглядзе. Дапамога назначаецца з дня звароту за ёй і ў тэрмін ад 10 дзён да 1 месяца. Асобна падкрэслю, што органы сацабароны маюць права праводзіць перыядычныя маніторынгі, каб пераканацца, што атрымальнікі ўказанай выплаты сапраўды клапоцяцца аб сваіх падапечных.

– Перыяд догляду за непрацаздольным у страхавы стаж уключаецца?

– Не, паколькі абавязковыя страхавыя ўзносы ў гэты час не выплачваюцца. А вось у агульны стаж для назначэння пенсій і вылічэння яе памеру – так.
За дадатковай інфармацыяй можна звярнуцца да нас ва ўпраўленне, кантактны нумар 5-86-07.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *