История любви, труда и доброты семьи Алексеёнок

Калейдоскоп

Адчыніла дзверы ў дом Аляксандра Аляксандравіча і Таісы Іванаўны Алексяёнкаў – і быццам да родных ці даўніх знаёмых трапіла. Такімі шчырымі, прыветлівымі былі ўсмешкі гаспадароў, і нават тапачкі патрэбнага памеру ў прыхожай мяне чакалі. Тут жа выскачыў з пакою і выказаў жаданне пазнаёміцца шустры беленькі сабачка – гэта дваровым яго сабратам належыць вартаваць дом ад чужакоў, а для яго госці ў хаце – падстава для добрага настрою. “Сын “на пабыўку” прывёз, ды мы так прывязаліся, што цяпер не хочам яго вяртаць. Муж вось нядаўна ў бальніцы ляжаў, дык гэты гарэза не даваў мне ў адзіноце маркоціцца, – прэзентавала агульнага любімца гаспадыня. – Сняжок, цішэй, не насіся, як угарэлы!”.

…Адной зімовай раніцай у самым пачатку 80-х малады шафёр з Касароў ехаў па саўгасных справах і ўбачыў дзяўчыну, што бадзёра крочыла праз мяцеліцу. Вядома ж, спыніўся, прапанаваў падвезці – у цёплай кабіне грузавіка расчырванелая ад марозу спадарожніца расказала хлопцу, што нядаўна ёй даручылі пасаду загадчыка Весніцкага паштовага аддзялення (яно ў той час размяшчалася ў Капцах) – вось і ходзіць цяпер туды пешшу са сваіх Мазуляў. Наступная сустрэча Сашы і Таісы ўжо не была выпадковай: кіно, танцы ў Касарскім клубе – ды і хто, скажыце, устаяў бы перад статным хлопцам, які можа з ветрыкам пракаціць на матацыкле “ІЖ Юпіцер”? Так і пачалася гісторыя іх сям’і.

Да таго як узначаліць паштовае аддзяленне, Таіса паспела папрацаваць прадаўцом у наваполацкай “Пралесцы”, аднак у горадзе не надта падабалася, і калі з’явілася прапанова вярнуцца ў вёску і паспрабаваць сябе ў паштовай сферы, ахвотна згадзілася. Скончыла курсы, прайшла практыку ў Вялікіх Дольцах. Асвоіцца дапамагала падтрымка калег з раёна: пракансультавацца па справаздачах можна было з эканамістам Зінаідай Іванаўнай Зузёнак, па любым пытанні давала парады Галіна Філіпаўна Ізмайловіч. “Тым часам наша аддзяленне перавялі ў Касары – тут мы і пасяліліся з мужам у доме яго бацькоў, а пазней і ўласную хату талакой пабудавалі. У маё падначаленне трапілі вопытныя паштальёнкі Сафія Маркаўна Дрозд, Лізавета Лазараўна Баратынская, Марыя Васільеўна Кісель і Валянціна Якаўлеўна Клачок. Усе былі ўжо ва ўзросце, але адносіны ў нас склаліся цудоўныя, так што я зусім не пашкадавала пра сваё рашэнне”, – распавядае Таіса Іванаўна.

Работы ў вясковых паштавікоў было шмат, участкі вялікія – Сафія Маркаўна, напрыклад, абыходзіла сем вёсак. Газет выпісвалі шмат, а яшчэ і план даводзіўся. Напярэдадні святаў сумкі ўвогуле былі непад’ёмнымі, бо ўсе абменьваліся паштоўкамі. Прадавалі талоны на святло, маркі аплаты за радыё, якія наклейваліся ў карткі – каштавала такая 40 капеек, 5 з якіх ішло пошце. Што да заробкаў саміх работнікаў, то яны складалі каля 50 рублёў, але і за такія сціплыя грошы ўсе сумленна выконвалі свае абавязкі.

Калі Марыя Кісель пайшла на пенсію, яе ўчастак загадчыца прапанавала… свайму мужу. “Касары”, дзе Аляксандр адпрацаваў амаль 20 год, спынілі існаванне: звалі яго і заатэхнікам, і вадзіцелем у пажарную часць, але дабірацца штодня ў райцэнтр было нязручна – вось і згадзіўся. Участак (Заазер’е, Дубінец, Оснава і іншае наваколле) асвоіў хутка і палюбіўся вяскоўцам. “Паўлавіч, – гавару аднаму са сваіх кліентаў, можа б ты “Белорусскую Ниву” выпісаў? Вельмі трэба!” А той у адказ: “Ладна, Аляксандравіч, але толькі на гэты месяц, бо потым сам выйду на ніўку, чытаць некалі будзе!” – з гумарам прыгадвае мужчына эпізод зносін з падпісчыкамі.

Розныя гісторыі былі ў іх кар’еры. Нават родных вяскоўцам дапамагалі знаходзіць. Аднойчы на пошту ліст прыйшоў ад работнікаў лепельскага ваеннага шпіталя, дзе расказвалася пра адзінокага пажылога мужчыну, у якога могуць быць сваякі на Далеччыне. Ну а хто лепш за паштальёнаў ведае ўсё наваколле? Высветлілася, што гэта брат Мікалая Макаравіча Казлова з Мазуляў, сувязь з якім страцілі ў вайну. Вясковец забраў роднага чалавека да сябе і даглядаў да апошніх дзён. На жаль, і сумныя весткі прыносілі паштальёны – у тыя часы пра горкія навіны паведамлялі тэлеграмамі.

Сумарны стаж работы Таісы і Аляксандра Алексяёнкаў у паштовай сферы складае 64 гады.

Канечне, не толькі работай жылі Таіса і Аляксандр. Як і ўсе, дзяцей гадавалі, вялікую гаспадарку трымалі. Першынец Юра з маленства ва ўсім дапамагаў і за малодшымі прыглядаў, пакуль бацькі на рабоце. У той час ультрагукавога даследавання не рабілі, так што нараджэнне двайнят стала для Таісы Іванаўны сюрпрызам. Па характары Пеця і Ала розныя былі: хлопчык старанным рос, упартым, з творчымі здольнасцямі – літаральна ўсё ў яго спрытна і з першага разу атрымлівалася, а дзяўчынка знаходлівасцю вылучалася. Дарэчы, і дзеці нярэдка ў справе бацькоў удзельнічалі – развозілі на кані пошту вяскоўцам. І канечне, трох сваіх дарагіх памочнікаў, а таксама шасцярых унукаў лічаць героі артыкула галоўным жыццёвым багаццем.

Яны моцна прывязаны да родных мясцін, адгукаюцца пра сваю вёску з любоўю. “З суседзямі нам заўсёды шанцавала! З Леанідам Канстанцінавічам і Нінай Міхайлаўнай Азаронкамі амаль адной сям’ёй жылі, усім дзяліліся. Зараз з іх сынам Жэнем таксама сябруем. І з другога боку добрая жанчына – Таня Мішына, пірагамі нас частуе”, – ахвотна расказваюць пра аднавяскоўцаў гаспадары. І канечне, таксама без прысмакаў гасцей не адпускаюць: толькі ў дзяцінстве я спрабавала такі смачны дамашні хвораст, як у Таісы Іванаўны. Пасля зносін з падобнымі людзьмі святлей і цяплей на душы становіцца: і думаеш, як шмат іх на нашай Ушаччыне – шчырых, працавітых і вельмі гасцінных.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *