О меняющихся ценах и потерянных ценниках

Выясняем ситуацию

“Сёння быў у Падсвіллі, набыў бохан хлеба-кірпіча за 2420 рублёў. У нас жа ён каштуе 3630…”
Сутнасць пытання нашага чытача, як гаворыцца, на паверхні. Чаго не скажаш пра ўсе метамарфозы з цэнамі і цэннікамі, сабранымі як пасля ўласных паходаў па магазінах, так і па заўвагах чытачоў.
Жанчына з батонам, хлебам і малочнымі таварамі ля касы разгублена глядзела, што ж з абранага пакінуць. Вярнуўшыся з бальніцы, яна больш тыдня не была ў магазіне і проста не ацаніла суадносін “старой дваццаткі” з новымі цэнамі.
На простае пытанне: “Пачым кефір?” можна адначасова пачуць два розныя адказы, а цэнніка побач не знайсці. А, вярнуўшыся праз паўгадзіны за крухмалам па танным кошце, убачыць нанесеную маркерам новую лічбу. “За любой будаўнічай дробяззю ў Полацк не наездзішся, а ў “Тэхналогіі прыгажосці” заказ прымаюць па нейкім нерэальным курсе”, – скардзіўся яшчэ адзін наш чытач.

Новы тавар або ранейшы? Пасля пераацэнкі ці ўсё той жа, на якім вырашыў падзарабіць прадавец? Наўрад ці ў нас атрымаецца гэта высветліць, не запытаўшы дакументаў. Калі была пераацэнка – павінен быць і адпаведны акт, папрасіць паказаць які мае права любы пакупнік. Ну а раздолля для прадпрымальнага прадаўца зараз хоць адбаўляй, як і наогул для гандлюючых арганізацый, паколькі цэны на многія тавары адпушчаны, а гандлёвыя нацэнкі на тавар носяць у большасці выпадкаў характар парад.
У раёне можна знайсці тавар па кошце, ніжэйшым за гарадскі, скажам, на пару абутку, што застаялася на паліцах, ці сукенку па старым кошце ў “Гандлёвых радах”, паколькі прадавец ралета пэўны час не гандляваў. На большасць жа тавараў ён “сярэднерэспубліканскі”. Хоць як пакупнікі мы ўсё роўна знаходзімся ў абмежаваным выбары ў параўнанні з гараджанамі. Даволі рэдкія акцыі на тавар, не заманьваюць нашы магазіны скідкамі ў пэўныя гадзіны, што пастаянна робіцца ў сталіцы, няма побач “Ждановічаў” ці “Еўраопту”, дзе няхай не на ўсё, але ёсць намнога ніжэйшыя цэннікі. Няма і тых 187 мінскіх магазінаў, дзе іншыя цэны чакаюць сацыяльна неабароненыя слаі насельніцтва.
Не сказаць, што нічога не робіцца райспажыўтаварыствам для таго, каб аблегчыць жыццё ўшацкім пакупнікам. Нядаўна на старонках газеты прайшла аб’ява аб тым, што “Ветэран” прадстаўляе пэўную колькасць прадуктаў першай неабходнасці па зніжаным кошце ветэранам і інвалідам Вялікай Айчыннай вайны. Зараз распачалася акцыя “З клопатам да вас” – у трох гандлёвых кропках райцэнтра з’явіўся алей па кошце, крыху таннейшым за 18 тысяч. Устанавілі і халадзільнік з замарожаным нефасаваным таварам, які таксама звычайна таннейшы, чым фасаваны. Што робяць прыватнікі? Сумленныя не падганяюць тавар са старога завозу пад новы кошт, а ў выпадку падзешаўлення могуць нават зрабіць наадварот. Тым не менш вельмі шкада, што ў раёне проста няма спецыяліста, які б мог кантраляваць узровень дапушчальнасці гандлёвых надбавак. Ды і абласнымі “цэнавікамі” праводзіцца маніторынг, а не праверкі – дарэчы, заўваг па апошнім, які праводзіўся ў раёне, не было. 
– На розніцу ў кошце, на якую часта скардзяцца пакупнікі, перш за ўсё ўплывае адпускная цана вытворцаў, – гаворыць эканаміст райспажыўтаварыства Таццяна Міхайлаўна Краўчанка. – У нас гандлёвая надбаўка на адзін і той жа тавар аднолькавая. На малако, напрыклад, 13 і 16 працэнтаў, у залежнасці ад тлустасці. Наогул, па ўсёй харчовай групе мы прытрымліваемся пастановы Міністэрства эканомікі, і магу ўпэўнена сказаць, што не перавышаем пазначаных там гандлёвых надбавак. Нават на тыя тавары, дзе цэны не фіксаваныя, вялікіх “накрутак” няма. Самая вялікая – 35 працэнтаў – на парфумерыю, якая тым не менш усё роўна танней, чым у прыватнікаў. Калі з ініцыятывай правесці акцыю прыходзяць пастаўшчыкі, мы таксама зніжаем гандлёвую надбаўку, як зараз на 3 працэнты на алей і некаторыя віды рыбы. Пакуль што акцыя праходзіць па трох магазінах, але будзе і ў кожным вясковым. А да Новага года пройдуць і многія іншыя.
Тым не менш ёсць цэлы спіс сацыяльна значных тавараў, адпускны кошт на якія кантралюецца дзяржавай, фіксуецца. Той жа хлеб, малако. Але (увага!!!), далёка не на ўсе яго віды, а з канкрэтнай рэцэптурай ці тлустасцю. Хлеб гэта будзе, канечне, не “Нарачанскі”, а малако тлустасцю да 3,5 працэнта. Аднак практычна не пастаўляюць ва Ушацкі раён танных малочных прадуктаў Полацк і Віцебск, не задавальняў у поўнай меры да гэтага часу заявак на “малочку” з нізкім утрыманнем тлустасці і Лепель (у канцы гэтага тыдня паабяцалі выконваць заяўкі). Вытворцы імкнуцца абагаціць прадукты рознымі дабаўкамі, бо кошт на такі тавар ужо не кантралюецца.
Ушацкі хлебазавод не выпускае “сацыяльнага” хлеба, груба кажучы, з іржаной мукі і вады, па 996 рублёў за кілаграм, хоць менавіта такі кошт пазначаны ў Пастанове Міністэрства эканомікі ад 19 верасня.
– Рэнтабельнасць хлеба сорту “Даманаўскі” – 1,8 працэнта. Куды ніжэй? – тлумачыць сітуацыю дырэктар каапнарыхтпрама І.В.Полазаў. – Мы не можам працаваць са стратамі, паколькі развіццё завода, як і зарплата нашых, менавіта ўшацкіх работнікаў залежыць ад гэтага. Да таго ж ушачане прывыклі да смачнага, між іншым, дыетычнага хлеба, у складзе якога натуральны мёд, бульбяная клятчатка, мука дарагіх гатункаў. Пры гэтым у кожнага завода нават на адзін і той жа сорт можа быць розная цана, паколькі перш за ўсё яна залежыць ад сабекошту тавару. У гарадскіх заводаў большыя аб’ёмы выпускаемай выпечкі, адпаведна і ніжэй сабекошт. Мабыць у іх былі запасы паліва ці мукі па ранейшым кошце, у нас жа няма дзе захоўваць вялікія партыі. А літаральна ўсё падаражэла – і пячное паліва, і электраэнергія, ды і інгрэдыенты. У нас сабекошт бохана 2740, плюс 20 працэнтаў гандлёвай нацэнкі і 10 – падатак на дабаўленую вартасць. Вось і атрымліваецца кошт, прычым, не самы высокі па сістэме спажывецкай кааперацыі вобласці. І яшчэ на адну акалічнасць людзі часта не звяртаюць увагу – на вагу. Наш жа хлеб у Полацку прадаецца танней, аднак у ім і не 900 грамаў, а 800.
Гандлёвая нацэнка. Розныя тэрміны завозу, закупачны кошт, а калі і сумленне прадаўцоў – усё гэта ўплывае на канчатковы кошт тавараў. Асабліва цяпер, калі штодня тавары паступаюць па другім кошце. Прадаўцы не паспяваюць прывыкаць да новых цэннікаў, пастаянна заглядаюць у “ шпаргалкі”. Ну а пакупнік застаецца “без страхоўкі”, калі гэтых самых цэннікаў няма, згубіліся за таварам ці засталіся старыя. А кошт, дарэчы, мяняецца, не толькі ў бок павелічэння. Прадаўцы раяць пытацца, таму што нават пры вывешаных цэнніках пакупнік не адразу разбярэцца ў відах тавару і розніцы кошту.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *