Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, курэнне, у тым ліку пасіўнае, штогод забірае каля 8 мільёнаў жыццяў.
Зараз у Беларусі такую шкодную звычку мае амаль трэць насельніцтва, у пераважнай большасці гэта мужчыны – на долю прадстаўніц прыгожай паловы прыходзіцца ўсяго 13 працэнтаў. Дарэчы, сярод сельскіх жыхароў аматараў тытуню значна больш.
Чаму варта адмовіцца ад курэння? Як адзначае інструктар-валеолаг Ушацкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі А.В.Нікіценка, у тытунёвым дыме змяшчаецца звыш 200 небяспечных рэчываў. Сярод іх – нікацін, смяротная доза якога для чалавека складае ад 50 да 100 мг – менавіта столькі паступае ў кроў пасля выкурвання 20-25 цыгарэт. Курыльшчык не гіне толькі таму, што такая доза ўводзіцца паступова, не ў адзін прыём. Тытунёвы дым выклікае і абвастрае многія хваробы, негатыўна ўздзейнічае практычна на ўсе органы. Аматары тытуню ў 13 разоў часцей маюць стэнакардыю, у 10 – язву страўніка, у 20 – рак лёгкіх.
Асноўнымі прычынамі закурыць беларусы называць звычку (55,9%), жаданне супакоіцца, зняць стрэс (23,3%), курэнне акружаючых (13,7%). Адмовіцца ж ад цыгарэт прымушаюць намер весці здаровы лад жыцця (49,2%), стан здароўя (39,4%) і ўплыў блізкіх.
Адмовіцца ад такой звычкі мае сэнс у любы час. Па словах урача псіхіятра-нарколага Ушацкай ЦРБ П.Г.Пугач, калі не курыць 8-12 гадзін, арганізм ачысціцца ад угарнага газу, узровень кіслароду павысіцца да нормы, праз суткі курыльшчык пачне моцна кашляць, але гэта добрая прыкмета: лёгкія пазбаўляюцца ад таксінаў. Праз два-тры дні бронхі расслабяцца і дыхаць стане лягчэй. Праз месяц нармалізуецца работа сардэчна-сасудзістай сістэмы, пазней знікне адышка.
Калі самастойна кінуць курыць не атрымліваецца, звярніцеся да псіхіятра-нарколага ці псіхатэрапеўта – прыходзьце ў паліклініку Ушацкай ЦРБ ці тэлефануйце па нумары 8 (0212) 61-45-76 у Віцебскі абласны клінічны цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі. Урачэбная дапамога павышае верагоднасць поспеху ў сярэднім на 80 працэнтаў.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.