“Толькі год на Ушаччыне?”, – перапыталася ў Аляксандра Іваніцкага, не адзін раз акінуўшы вокам неабсяжную сядзібу. У гэта не верылася, паколькі вялізны дом з пластыкавымі вокнамі выглядаў дабротным, вялікая тэрыторыя навокал яго была выраўнена, ну а калі зайшла ўнутр памяшкання…
Ідэя пераезду “на хутар” належала Любові. Да таго, як стварыць агульную сям’ю, абое ў Шумілінскім раёне жылі ў кватэрах, а хацелася прасторы, адсутнасці лішніх вачэй і наогул – усяго з чыстага ліста. Прыглядалі не адно месца, а адшукалі свой вугал ва ўшацкіх Вуглах. Хата аказалася вялікай, паблізу яшчэ два вольныя ўчасткі, паколькі ў перспектыве мяркуюць заняцца фермерствам. Адзін надзел ужо выкуплены і таксама абжываецца…
Мара ажыццяўляецца дзякуючы Аляксандру Валер’евічу. Гэта яго ўмелыя рукі бяруцца за тое, што страшна вачам. А пачынаў, зразумела, з разбору старых пабудоў і выкарчоўкі кустоў. Лёгка сказаць – роўная тэрыторыя, а каб балоцістая нізіна ператварылася ў трывалую пляцоўку, пад ногі кідаўся шыфер і цэгла, забірае залішнюю вільгаць і сажалка побач. Дах былых хлявоў стаў сцяной для адкрытай “веранды” для парсюкоў, шалёўка – агароджай, у церамок ператварылася прыбіральня. Пастаўлены крытыя загоны для жывёлы.
У дадатак да калодзежа пабудавана свідравіна, з якой вада падаецца ў дом. А як у ім светла! Літаральна ўсе сцены абшыты вагонкай і пакрыты лакам – бліскучы натуральны матэрыял стварае прастору і цяпло. Нічога лішняга. Канапа, вялізная “плазма”, шафа, дзіцячая люлька. Самы пусты пакой пакуль – кухня. На гэтым тыдні з’явіўся санвузел з біяканалізацыяй. А вось ні печы, ні грубкі няма – у доме паспелі ўжо правесці электраацяпленне.
Так аператыўна справіліся, бо праект, як і наогул усё, Аляксандр рабіў сам. Хударлявы юнак паведаміў, што абсалютна ўсе віды будаўнічых работ – яго стыхія – менавіта гэтым і зарабляў да пераезду. Зараз пакуль ні на што няма часу. “Прыхожую з кухняй трэба дарабіць, а ў перспектыве і другі паверх будзе”, – Люба і Саша паказваюць жыллё. Так, хоць у Іваніцкіх зараз тры пакоі, аднак у сям’і ўжо шасцёра чалавек. Канечне, двайняты Віталь і Вера, якім толькі два месяцы, на свае метры не прэтэндуюць. Двухгадовы Марк таксама ў пастаяннай зоне ўвагі бацькоў. Толькі Сафія, якая скончыла першы клас, самастойная і памочніца маці. На Любові Вітальеўне – дзеці і дом, у якім выключны парадак. І хоць гаспадары прапаноўвалі не разувацца, паколькі ўсё роўна штодня пыласосяць, я іх не паслухалася – настолькі чыста там было.
“Як вы рашыліся на хутар? Столькі нязручнасцяў: Ільюшынская школа – за кіламетры, магазін – таксама, у вёсцы, ды і тое не побач – усяго некалькі суседзяў”, – пытаюся ў маладых гаспадароў. А ў адказ чую аптымістычнае: “Многія вяртаюцца на вёску. Мець сваю сядзібу, з умовамі ў доме, як у гарадской кватэры – гэта ж панства. Работы, канечне, вельмі многа, аднак усё ўсталюецца, як давядзём да толку. А нязручнасцяў мы не заўважаем. Школьны аўтобус давозіць і вяртае дачку, аўтакрама прыходзіць, а калі асаблівая патрэба – еду ў аграгарадок. Пакуль на мотаблоку – машыну “прамянялі” на яго, бо патрэбней у гаспадарцы, ды і сродкаў будоўля забірае шмат”.
А пацвярджэнне гэтаму ляжала на вачах: набытая металачарапіца для перакрыцця даху, дошкі, горы пяску. Вельмі многае яшчэ трэба зрабіць, а Іваніцкія для наваселля ў Вуглах не бралі ні капейкі пазыкі, не выкарыстоўвалі ні субсідыі, ні сямейны капітал. Лічаць, што яго лепш пакінуць на вучобу або лячэнне дзяцей. А ўкладзеныя ў “вуглы” сродкі ўжо наблізіліся да 100 тысяч.
Якім відам фермерства зоймуцца – пакуль абдумваюць. Трымалі ўжо атару авечак, зараз на падворку – “статак” парсюкоў. Дарослыя кармалы вольна бегаюць па тэрыторыі і нікуды не зыходзяць, больш таго, імчаць на голас гаспадара. А дзясятак малых знаходзяцца ў вялізным загоне. Пасадзілі Іваніцкія і невялікі агарод. Цікава будзе зазірнуць да іх праз некалькі год, пабачыць, што вырасла на месцы раней незапатрабаванага дома. Мяркуюць, напрыклад, устанавіць вятрак, хаця на выпадак ураганаў, як было летась, выручае генератар. Планы ў маладых гаспадароў прадуманы на некалькі крокаў наперад. І вельмі радуе адраджэнне вёсак за лік такіх вось працавітых маладых сямей.
Вольга КАРАЛЕНКА.