В Ушачах прошёл 5-й фестиваль экстремальных видов спорта

Главное Общество

 

Вось і адгрымела-адгаманіла, выплеснула ўсе фарбы і эмоцыі самая чаканая падзея сёлетняга ўшацкага лета. Спартыўна-музычны вір зацягнуў у крутаверць яркіх прыгод літаральна кожнага, хто вырашыў правесці гэты чэрвеньскі ўік-энд на пятым фестывалі “ЭкстрымПрарыў”. А такіх аказалася нямала! Наш фэст набірае ўсё большы размах і папулярнасць, што і нядзіўна, бо абсалютна выйгрышнай была сама ідэя сабраць разам у маляўнічых ушацкіх мясцінах аматараў вострых адчуванняў і драйвовай музыкі. Кожны з чатырох папярэдніх “экстрымаў” пашыраў рэзананс падзеі і кола яе фанатаў, а арганізатары старанна вывучалі заўвагі, удасканальвалі праграму, шукалі аптымальны фармат. І, па меркаванні многіх, сёлетняя фестывальная спроба аказалася самай удалай.

Пра заваяваны фестывалем аўтарытэт яскрава сведчыў і той факт, што перад стартам мерапрыемства ва Ушачы прыбыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Разам з кіраўніком раёна Сяргеем Садоўскім і загадчыкам сектара спорту і турызму райвыканкама Сяргеем Ціханёнкам яны пабывалі на пляцоўках фестывалю, абмеркавалі не толькі нюансы яго правядзення, а і пытанні развіцця спартыўнай сферы раёна, далейшага ўдасканалення інфраструктуры вакол комплексу “Юнацтва-Ушачы”, у прыватнасці, перспектыву будаўніцтва поўнаразмернага футбольнага стадыёна. Як вядома, спартыўна-турыстычны напрамак вылучаны як адзін з базавых у стратэгіі развіцця нашага раёна, і “ЭкстрымПрарыў” павінен стаць яркай візітоўкай Ушаччыны.

Богі і героі

Зрэшты, з гэтай місіяй фестываль ужо паспяхова спраўляецца – далучыў сёлета ў сям’ю сваіх сяброў прадстаўнікоў новых экстрэмальных дысцыплін і яшчэ больш умацаваў свой міжнародны статус. На флагштоках ля спарткомплексу (а менавіта на тэрыторыі вакол аб’екта размясціліся ў гэты раз асноўныя лакацыі) побач луналі беларускі і расійскі сцягі, а перад пачаткам аднаго з цэнтральных відаў праграмы – спаборніцтваў па сілавым экстрыме – прагучалі гімны дзвюх братэрскіх краін. Гэта на памосце каларытныя волаты з неахопнымі біцэпсамі становяцца сапернікамі, а ў жыцці яны – добрыя сябры. Так, патомны кубанскі казак Сяргей Апрышка даведаўся пра ўшацкі фэст ад смаленскага атлета Максіма Вараб’ёва, які, у сваю чаргу, неаднаразова сапернічаў на міжнародных турнірах з нашым Аляксандрам Лабанём. Саша, які выйграў спаборніцтвы трох першых “экстрымаў”, у гэты раз пакінуў такую магчымасць для іншых, а сам блістаў у ролі вядучага. Спартсмены змагаліся ў цікавым парным фармаце, дзе трэба было паказаць не толькі сілу, а і ўзаемадзеянне: калі ў аднаго не атрымлівалася, другі мог падставіць плячо. А выпрабаванні былі цяжкімі ва ўсіх сэнсах. Калі антычны Сізіф ускатваў камяні на гару, то ўшацім волатам трэба было 120-кілаграмовыя глыбы закідваць на плячо. А яшчэ пракруціць амаль утрая цяжэйшае кола Конана і прагуляцца з “фермерскім каромыслам” у тры з паловай сотні кіло! Ну а калі яны ўзялі на буксір 10-тонны грузавік каманды “МАЗ-СПОРТаўта”, закралася сумненне – можа гэта і не людзі зусім, а богі, што на дзянёк пакінулі Алімп дзеля візіту ва Ушачы?.. Але ж не, людзі, ды яшчэ і самых зямных прафесій. Цяжка паверыць, але віцябчанін Яўген Шаўчанка, які разам з напарнікам з Салігорска Аляксандрам Кураком стаў пераможцам турніру, выкладае дзецям гісторыю – у тым ліку і пра антычных багоў ды герояў расказвае. Ну а прыгаданы вышэй смаленска-краснадарскі дуэт узяў “срэбра”, пасля чаго Сяргей прызнаўся нам, што яго моцна ўразіла падтрымка гледачоў, якія віталі расіян не менш горача, чым беларусаў.

Атрымалі заўзятых прыхільнікаў і замежныя ўдзельнікі яшчэ адных сілавых спаборніцтваў – баёў без правілаў. Тут апроч беларусаў за “золата” змагаліся байцы з Расіі і Італіі. Від трыумфальна ўпісаўся ў фестывальную праграму, сабраўшы вялікую армію гледачоў: дарослыя стаялі і сядзелі на штучным газоне вакол кампактнага рынгу, а дзятва імкнулася бліжэй разгледзець байцоў і вельмі эмацыянальна сустракала кожны ўдар і прыём. Хоць і абышлося без цяжкіх накаўтаў, паядынкі былі відовішчнымі і ніхто не застаўся расчараваным. У перапынках каларытныя байцы фатаграфаваліся з балельшчыкамі і раздавалі аўтографы, а будучы пераможца – беларус Максім Рашоеў па мянушцы Шалёны Макс – пры бліжэйшым знаёмстве аказаўся абсалютна спакойным і добразычлівым. На наша пытанне, што прымушае яго займацца такім небяспечным спортам, ён зазначыў, што для мужчыны гэта куды лепш, чым ляжаць на дыване і дэгуставаць піва.

Адчайныя хлопцы, ліхія дзяўчаты!

Самымі працяглымі па часе сталі спаборніцтвы па картынг-слаламе, якія расцягнуліся на два дні. Звязана гэта з вялікай колькасцю спартсменаў, якія пажадалі паспрабаваць свае сілы. Сёлета заяўкі на ўдзел у картынг-слаламе падалі каля 70 гоншчыкаў у некалькіх узроставых катэгорыях: самаму юнаму – толькі 7 гадоў. Спаборнічалі і дарослыя, прычым, былі і жаночыя заезды. А гледачы на цэнтральнай плошчы назіралі, як спартсмены лоўка кіруюць картамі і абмінаюць фішкі. Сямейная пара Стадольнік з Докшыц падзялілася з намі, што картынг – іх даўняе і любімае захапленне і на фестываль яны прыехалі неўпершыню. Галава сям’і Мікалай трэніруе каманды двух гарадоў, а яго жонка Вольга з гонарам паведаміла, што заваявала сёлета “бронзу”. А як радаваліся перамогам маленькія картынгісты! Для іх і тых, хто крыху не дацягнуў да п’едэстала, гэта стымул трэніравацца яшчэ больш. Што да агульнага заліку, то лепшымі тут прызнаны каманды дзвюх сталічных і Полацкай ДТСААФ.

І калі на лакацыі картынгістаў усё было досыць размерана, то на пляцоўцы ля спарткомплексу, дзе праходзіў адкрыты Кубак Рэспублікі Беларусь па эндура-кросе, дух займала ад трукаў матацыклістаў. “Адчайныя хлопцы!”, – казалі гледачы пра ўдзельнікаў гэтай дысцыпліны мотаспорту, якая прадугледжвае агрэсіўны стыль язды па бездарожжы і спецыяльных трасах. Менавіта такую падрыхтавалі арганізатары фестывалю каля “Юнацтва-Ушачы”. Праехаць праз бярвенне і калодкі, пераскочыць праз канаву, пераадолець бруд, прызямліцца пасля скачка з трампліна – такія складанасці ў гэтых смельчакоў, здаецца, выклікалі толькі задавальненне. У заездах удзельнічалі як юныя, так і вопытныя спартсмены. Не абыходзілася без паломак і, на жаль, траўмаў: аднаго з удзельнікаў падвёў шлем і яго заезд скончыўся паездкай у бальніцу, але да такіх акалічнасцяў гоншчыкі гатовы – гэта ж экстрым.

Упершыню ў рамках фестывалю прайшлі спаборніцтвы па мотаджымхане. Гэта выпрабаванне на час, у якім удзельнікі на матацыклах спаборнічаюць на самае хуткае манеўраванне на асфальтавай пляцоўцы сярод перашкод-конусаў. За гэтымі спаборніцтвамі з задавальненнем назіралі гледачы, якія аддаюць перавагу больш спакойнаму і не такому траўманебяспечнаму відовішчу. Нароўні з прадстаўнікамі моцнай паловы тут спаборнічалі дзяўчаты. Цікава, што званне чэмпіёнкі з лёгкасцю заваявала 15-гадовая мінчанка Паліна Сарокіна. Абаяльная дзяўчына расказала, што захапілася мотаспортам некалькі гадоў таму, выкручваць трукі на пляцоўцы нялёгка, але захапляльна, а наш фестываль яе проста пакарыў – абавязкова прыедзе сюды ў наступны раз!

Быў у праграме і яшчэ адзін пункт, звязаны з матацыкламі, – стандрайдынг. Незнаёмы многім тэрмін патлумачым так: спецыяльная шоу-праграма на гэтым транспарце. Дарэчы, слова “шоу” тут вельмі трапнае: практычна кожны, хто прыйшоў на лакацыю, дастаў тэлефон, каб засведчыць паказальнае выступленне. Праехаць стоячы на матацыкле, спіной, на адным коле, прама ў час руху зрабіць кувырок і нават пастаяць на галаве – гэтымі радкамі немагчыма перадаць сапраўднае захапленне ад убачанага. Гледачы не шкадавалі апладысментаў і прасілі паўтарыць яшчэ. Можна ўявіць, колькі спартсмену давялося трэніравацца, каб дэманстраваць такія надзвычайныя трукі.

Ушачане і госці фестывалю не маглі адарвацца і ад прагляду спаборніцтваў па пазадарожным мнагабор’і, зручна размясціўшыся на схілах да вадаёмаў насупраць спарткомплексу. Тут таксама прыйшлося панервавацца: ну як можна спакойна назіраць за джыпамі, якія спрабуюць пераехаць глыбокі роў ці наогул плывуць па вадаёме, а бруд ужо падыходзіць да акон аўто? Як адзін аднаго спрабуюць выцягнуць з багны? “За экстрымам ва Ушачах сачылі ў інтэрнэце. З заміраннем сэрца праглядалі асобныя кадры з пагразлымі пазадарожнікамі і радаваліся, калі ім удавалася хутка выехаць”, – падзяліліся нашы знаёмыя з іншага горада, якія не змаглі наведаць фестываль. Прабіраючыся праз натоўпы для ўдалых фотакадраў, давялося пачуць розныя перажыванні гледачоў: адны шкадавалі штурманаў, якія раскручвалі цяжкія лябёдкі, закідвалі і ўтрымлівалі якары, каб дапамагчы аўто выехаць, уласнымі нагамі правяралі глыбіню рова і вадаёма. Другім было шкада аўто, маўляў, навошта ж так здзекавацца з тэхнікі? Былі і тыя, хто перажываў за спуджаную рыбу ў вадаёмах ля спарткомплексу. У гэтым відзе спорту аказалася некалькі пераможцаў – у залежнасці ад класа аўтамабіля. Дарэчы, сярод удзельнікаў былі не толькі беларускія, а і расійскія экстрэмалы.

У рамках “ЭкстрымПарыву” адбыліся заезды этапа чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па ралі-спрынце. Можна сказаць, што менавіта гэты від спорту калісьці падштурхнуў да ідэі правядзення фестывалю: ужо шмат гадоў у розны час года ралісты выбіраюць менавіты ўшацкія трасы для сваіх заездаў. На гэты раз гоншчыкі выпрабоўвалі звілістыя дарогі ад Рагуцкіх праз Бараўцы, Пораўна да Замошша. Зрэшты, інтрыгі, хто апынецца на п’едэстале, было няшмат: пераможца традыцыйны – знакаміты беларускі гоншчык Сяргей Вязовіч. Як пажартавалі ўдзельнікі фестывалю, калі здарыцца так, што на ралі-спрынт ва Ушачы не прыедзе Вязовіч – значыць, спаборніцтвы адмянілі або перанеслі! Але ў гэты раз была і асаблівасць: упершыню штурманам яго экіпажа выступіла дачка Анастасія. Дзяўчыне ўсяго 17, але яна выдатна справілася з задачай. Гены – вялікая сіла! Горача падтрымлівала сваіх самых родных людзей Марыя Вязовіч, жонка спартсмена выступала штурманам экіпажа ў папярэднія гады і прызналася нам, што, напэўна, хвалявалася ў гэты дзень больш, чым сама дэбютантка Насця.

З таксі – на п’едэстал

А які ж “ЭкстрымПрарыў” без вечальскіх хваляў? У суботу іх на возеры ўздымалі маторныя лодкі, аквабайкі і вейкборды, а аматараў водных прыгод не пераманіў на спарткомплекс і цэлы россып сухапутных відовішчаў. Да слова, гарадскі аўтобус спраўна курсіраваў паміж лакацыямі, так што жадаючыя маглі выбраць для сябе самае цікавае. Для многіх гэта былі заезды вейкбардзістаў – від, дзе мы можам пахварэць за землякоў і ўбачыць неверагодныя кульбіты над хвалямі. Прыемна, што не ставіць дошку ў кут і па-ранейшаму паказвае клас у ветэранскім заліку галоўны арганізатар этапа на Вечаллі Сяргей Фамін. Ну а ў элітнай катэгорыі самыя складаныя праграмы паказалі мінчане Ігнат Седанаў і Сяргей Забела, а таксама 13-гадовы Дамінік Іваноў. Да слова, усе гэтыя хлопцы зімой займаюцца сноўбордам, а ў летні час са снежных схілаў перамяшчаюцца на водную прастору. Сёлета арганізатары ўстанавілі на трасе новую прыладу, якая мае назву “Таксі” – менавіта на ёй спартсмены паказвалі свае ўменні ў конкурсе на лепшы трук. Юны Дамінік змог вельмі чыста выканаць заход на фігуру з заднім сальта – і сенсацыйна апярэдзіў вопытных сапернікаў. Ну а ў неафіцыйным відзе праграмы – заездзе на папулярных зараз дошках сапбордах – змаглі паўдзельнічаць усе жадаючыя і атрымаць прызы ад спонсара спаборніцтваў – магазіна “Стыхія”.

А яшчэ аказалася, што сальта ўмеюць круціць не толькі вейкбардзісты, а і… аквабайкі! Прычым, па тры запар і з дакладным прывадненнем – убачылі гэта ў час паказальнага шоу.

Рай для гурманаў і меламанаў

Праграма была такая насычаная, што ад прапаноў проста разбягаліся вочы: як кажуць, налева пойдзеш – “жалезныя коні” па полі імчаць, направа – “жалезныя людзі” МАЗы цягаюць, а ў цэнтры – жывыя поні дзетак катаюць. Для апошніх, дарэчы, уваход быў свабодны, што надало фестывалю яшчэ большы сямейны каларыт. Аніматары, атракцыёны, вялізная зона фуд-кортаў, незлічоная колькасць забаўляльных пляцовак, жывая музыка ад груп, што выступалі ў шатры ў двух кроках ад слухачоў, – наш фестываль выглядаў сучасным, модным і свабодным, выпраменьваў гарадскі лоск і пры гэтым заставаўся камерным і ўтульным.

Шмат цікавага падрыхтавалі арганізатары і для меламанаў. На вялікай сцэне гучныя “Перцы” – прыправілі драйвам імжысты пятнічны вечар, дадаў містыкі ў фестывальную палітру любімы многімі ўшачанамі мясцовы гурт “Цень казак”, “Бандыты” з дапамогай хітовых адмычак ускрылі душы і выкралі сэрцы ўсіх гледачоў, ну а папулярныя айчынныя рокеры з гурта “SKYNET”, трэкі якіх гучаць у многіх хіт-парадах, завяршылі сваю моцную праграму патрыятычным хітом “Радзіма – гэта мы!”, у час якога начное неба расквеціў салют. Гэта быў падарунак ад арганізатараў для ўсіх, хто любіць драйв, Ушачы і родную Беларусь!

Арганізатары выказваюць шчырую ўдзячнасць генеральнаму спонсару фестывалю – групе кампаній Rentmotors, ТАА “Мірамет”, “Джокер-про” і “Трэклайнбай”, ААТ “Белаграпрамбанк”, будаўнічай кампаніі “Вектар А”, Ушацкаму лясгасу, камандзе МАЗ-СПОРТаўта, прадпрыемствам і арганізацыям раёна, якія дапамаглі ў правядзенні мерапрыемства, а таксама асабіста старшыні Ушацкага райвыканкама Сяргею Садоўскаму за падтрымку праекта.

“Былі на ўсіх пяці фестывалях і з захапленнем зазначаем, як моцна вырас наш узровень!” – не шкадавалі кампліментаў арганізатарам ушачане Марына і Аляксандр Макрыдзіны. “За гэты ўік-энд Ушачы сталі арэнай сапраўднага духу і жалезнай волі!”, – выказваліся ў сацсетках аўтамабілісты. “Дзякуй арганізатарам за маштаб і драйв!” – пісаў інстаграм каманды МАЗ-СПОРТаўта. І такіх водгукаў – проста безліч. Напэўна, добрыя словы пра фестываль знайшліся б у кожнага з яго гасцей і ўдзельнікаў! А значыць, наш “ЭкстрымПрарыў” са сваёй задачай справіўся!

Вольга КАМАРКОВА, Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *