Ушачане почтили память погибших в годы войны и присоединились к Всебелорусской минуте молчания

Общество

“У 4 гадзіны раніцы без ўсякага аб’яўлення вайны германскія ўзброеныя сілы атакавалі граніцы Савецкага Саюза. Пачалася Вялікая Айчынная вайна …”. Мітынг у гарадскім пасёлку адкрылі словы, якімі роўна 84 гады таму скончылася мірнае жыццё савецкіх грамадзян. Раздзялілася на “да” і “пасля”. Хаця ў мільёнаў нашых продкаў “пасля” так і не наступіла. Яны ахвяравалі сабой, каб яно было ў нас. І хоць за чатыры гады вайны будуць Курская і Сталінградская бітвы, прарыў блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны і яшчэ мноства пераломных і пераможных дат, ніколі не забудзецца і гэтая трагічная – 22 чэрвеня 1941-га.

У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа ў 12 гадзін па ўсёй краіне прайшла агульнанацыянальная хвіліна маўчання.

Кожны год ушачане прыходзяць да помніка загінуўшым воінам і партызанам у сквер гарпасёлка з кветкамі, каб аддаць даніну памяці ўсім, хто не вярнуўся з Вялікай Айчыннай. Ушаччына страціла больш сямі тысяч чалавек – на фронце, у партызанах, угнаных у палон… Аднак ці канчатковая гэтая лічба? Як адзначыў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі, дакладнага чысла загінуўшых так і няма. Кожны год на плітах мемарыялаў з’яўляюцца новыя імёны. Дзякуючы пошукавай рабоце знаходзяцца медальёны прапаўшых без вестак. А многія нашы землякі так і не ведаюць месца пахавання сваіх родных. І ў кожнага свая ваенная гісторыя. Марыя Міронаўна Палонская з Ільюшына добра памятае той жудасны дзень 1944-га, калі іх сям’ю разам в жыхарамі вялікадолецкага Замошша сагналі ў пуню, як здаровых адправілі ў палон, а жанчын з малымі дзецьмі адпусцілі – і васьмёра чалавек тулілася ў невялічкай лазні, бо дом згарэў. Пра гэта расказала на мітынгу старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Н.А.Васілеўская. Ніна Аляксандраўна заўсёды знаходзіць для сваіх выступленняў мясцовыя гісторыі, каб даляталі яны да сэрцаў моладзі.

А для многіх удзельнікаў мітынгу і зараз гучаць словы родных: “Толькі б не было вайны”. Так заўсёды гаварыла маці Марыі Васільеўны Ярмош Кацярына Сцяпанаўна Спірыдовіч. У 1941-м ёй было адзінаццаць, на гэтай лічбе дзяцінства і закончылася. Яна ўцалела. І ўжо ў мірны час, калі прыходзіў неўражайны год ці не было чаго апрануць, спакойна казала: “Усё перажывём. Толькі б не было вайны”. Бо гэта самая вялікая бяда! Тым, хто ніколі не чуў гулу пікіруючых бамбардзіроўшчыкаў, цалкам гэтага не ўсвядоміць – і дзякуй Богу. Няхай мірнае неба над галавой застаецца выпакутаванай прывілеяй беларусаў.

Прысутнічалі на мітынгу людзі, якія ў гэты дзень ужо аддавалі даніну памяці загінуўшым. Так, некалькі год запар арганізоўвала моладзь на ўдзел у патрыятычнай лічбавай эстафеце “22” былы першы сакратар райкама БРСМ Рыта Хрыпель, і хоць зараз яна – супрацоўнік райаддзела на надзвычайных сітуацыях, вядома ж зноў далучылася да акцыі, як зрабілі гэта і нязменныя яе ўдзельнікі Аляксандра Стукалава, Аляксей Грыневіч. На мемарыяльны комплекс “Прарыў” у 4 гадзіны, каб запаліць лампадкі, ускласці кветкі, выкласці лічбу 22, яны накіроўваюцца па закліку сэрца, а таму проста не маглі не апынуцца тут Павел Шакута і Арсеній Глінскі. І ніхто з гэтых актывістаў маладзёжнай арганізацыі не запытаецца, што за дата – 22 чэрвеня.

Вестка ад прадзеда з 1941-га

У пачатку мая мы друкавалі інфармацыю аб пошуку родных чырвонаармейца Ягора Шчукіна. А 21 чэрвеня падчас ўрачыстасці ля стэлы “Мінск – горад-герой” медальён стралка атрымала яго праўнучка, жыхарка Двор Пліна, супрацоўнік раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Дар’я Папко (на здымку). Расійска-беларускае мерапрыемства ладзілася ў рамках маштабнага аўтапрабега “Дарогамі Перамогі”, што ў юбілейны год заканчэння самай крывапралітнай вайны ў гісторыі праходзіць праз гарады, абаронцы якіх параявілі асаблівую стойкасць і мужнасць. Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі ў памяць загінуўшых, а таксама змясцілі капсулу з зямлёй гарадоў-герояў у крыпту мінскага Храма-помніка ў імя Усіх святых.

Радок у кнізе “Памяць. Ушацкі раён” з пазнакай “Прапаў без вестак”, скупая інфармацыя з ваеннага архіва аб прызыве. Чорна-белы фотаздымак. Вось і ўсё, што засталося ў родных ад жыхара Пліна Ягора Пятровіча Шчукіна. Ні магілы, ні імя на пліце. Так было да 2025 года. І толькі сёлета расійскі пошукавы атрад “Пераправа” падняў медальён і перадаў яго экспертам з Санкт-Пецярбурга. Яны высветлілі, што належаў ён радавому 272 (Ціхвінскай) стралковай дывізіі беларусу Ягору Шчукіну.

У Ленінградскую вобласць на заробкі на цагляны завод ён пераехаў яшчэ да вайны. Жонка з маленькай дачкой Надзяй вярнуліся на Ушаччыну перад самым яе пачаткам. Ён жа аказаўся ў радах першых прызыўнікоў. А ў кастрычніку, у 28 гадоў, яго не стала. Ціхвінская дывізія вяла абарону на подступах да Ленінграда ў Прысвір’і. Там і адшукалі медальён.

Надзя, як і яе маці Еўдакія Нікіфараўна, нічога не ведалі пра бацьку і мужа. Нічога не маглі расказаць і яго ўнуку, тату Дашы Юрыю Северыну. Ён таксама не дажыў да гэтага памятнага года. Ну а Дар’я вырашыла перадаць медальён ва Ушацкі музей народнай славы, а ў будучым абавязкова наведаць магілу прадзеда разам са сваімі дочкамі – імя Ягора Пятровіча Шчукіна з’явіцца на брацкім пахаванні ў Ладзейнапольскім раёне. Яна, канечне, падзякавала расійскім і беларускім пошукавікам, дзякуючы сувязям якіх і магчымы такія каштоўныя знаходкі.

Спадзяюся, што такая магчымасць з’явіцца і ў мяне, і ў мноства іншых ушачан, родныя якіх таксама прапалі без вестак. Гэта гісторыя, ва ўсякім разе, усяляе на гэта моцую надзею.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *