Ушаччина отметила День Независимости: память о подвиге и единство поколений

Общество

Нам пашчасціла жыць пад мірным небам, быць дзяцьмі і ўнукамі мужных людзей, расці на ваенных і працоўных подзвігах пакалення пераможцаў, якія перажылі вялікія выпрабаванні ў гады вайны. Такія думкі штораз узнікаюць падчас святкавання Дня Незалежнасці. Ушаччына разам з усёй краінай адзначыла галоўнае свята нашай рэспублікі.

Адметны дзень для ўшачан

У гэтым дні спалучаюцца святыя паняцці – вызваленне, перамога, незалежнасць. Сёння асабліва востра адчуваецца, як лёгка страціць мір і якіх неймаверных намаганняў каштуе яго захаваць”, – адзначыў у сваёй прамове падчас урачыстага мітынгу старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі. Па традыцыі святкаванне распачалося ля помніка загінуўшым воінам і партызанам у гарпасёлку, куды прадстаўнікі працоўных калектываў, сілавых структур, грамадскіх арганізацый, школьнікі прыйшлі, каб ускласці кветкі і аддаць даніну павагі продкам.

Не абмінулі ў гэты дзень і яшчэ адно свяшчэннае для ўшачан месца – мемарыяльны комплекс “Прарыў”. Вянок ад кіраўніцтва раёна лёг да пліт з імёнамі загінуўшых. І хоць не ладзілася тут маштабных мерапрыемстваў, увесь дзень ля мемарыяла спыняліся машыны, а людзі ўзнімаліся на плошчу памяці…

У цэнтры гарпасёлка тым часам працавалі выставы-продажы дэкаратыўна-прыкладной творчасці ад ТЦСАН, народнай студыі “Адраджэнне”, Дома рамёстваў, цікавая пляцоўка і выстава раённай бібліятэкі.

Ушачан розных узростаў сабраў конкурс вакальнага майстэрства “Спявай, душа!” Заявіць аб сабе і прадэманстраваць здольнасці пажадалі каля двух дзясяткаў як юных, так і дарослых выканаўцаў з розных куткоў Ушаччыны. Журы было вельмі няпроста вызначыць самых-самых у лірычных, вясёлых, патрыятычных і народных кампазіцыях, а таму дыпломы ўдзельнікаў атрымалі ўсе без выключэння. Пераможцамі ж конкурсу ва ўзроставай катэгорыі 13-18 гадоў стала Дар’я Краснова, 19-35 – Марына Фядосава і Марыя Радзюш, а ў старэйшай дыпломы і каштоўныя падарункі ад аддзелаў па адукацыі, ідэалагічнай работы і па справах моладзі, сектара культуры райвыканкама атрымалі Тамара Крыскевіч і Надзея Дарашкевіч.

Увечары ўшачан і гасцей раёна чакаў святочны канцэрт, які ладзіўся на летняй танцпляцоўцы і ўдала падкрэсліваў галоўную тэму Дня Незалежнасці: мы – беларусы, багатыя памяццю, традыцыямі, душой. У выкананні работнікаў цэнтра культуры і народнай творчасці, самадзейных артыстаў гучалі душэўныя песні аб Радзіме і вайне, каханні і сяброўстве. Фінальным жа акордам Дня Незалежнасці стала рэспубліканская патрыятычная акцыя “Спяём гімн разам” – па ўсёй краіне адначасова гучалі вядомыя кожнаму беларусу радкі.

Напярэдадні свята

Былыя малалетнія вязні Ушаччыны атрымалі віншаванні ад кіраўніцтва раёна і савета ветэранаў. А падарункі падрыхтавала раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”.

У Мінску ж прайшоў урачысты сход і канцэрт майстроў мастацтваў “Голас роднай зямлі”. На мерапрыемства прыехалі жыхары ўсіх абласцей нашай краіны. Віцебшчыну прадставіла дэлегацыя з 200 чалавек на чале са старшынёй аблвыканкама Аляксандрам Субоціным. У ліку запрошаных у Палац Рэспублікі былі і ўшачане. Моцная прамова Прэзідэнта, цудоўны канцэрт і незвычайная атмасфера пакінулі ва ўдзельнікаў незабыўныя эмоцыі.

Цытадэлі мужнасці

Прэзентацыя кнігі з такой назвай адбылася ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Выданне падрыхтавана Беларускім тэлеграфным агенцтвам і прысвечана 80-годдзю Вялікай Перамогі.

Гэта аповед пра 42 населеныя пункты нашай краіны, якія ўзнагароджаны вымпеламі “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Выданне распавядае пра факты беспрэцэдэнтнага гераізму партызан, падпольшчыкаў – усіх тых, хто набліжаў перамогу на акупіраванай тэрыторыі. “Сярод гэтых гераічных гарадоў і нашы Ушачы. Над праектам журналісты працавалі 1,5 года, а першы тыраж “Цытадэлі мужнасці” склаў крыху больш тысячы экзэмпляраў. Адзін з іх перададзены ў дар Ушацкаму раёну”, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў, які прысутнічаў на прэзентацыі кнігі.

Братэрства без граніц

Ёсць у Верхнядзвінскім раёне ўнікальнае месца – Курган Дружбы, які штогод у першую суботу ліпеня збірае тысячы людзей. Дэлегацыі з раёнаў Віцебскай і Пскоўскай абласцей, афіцэры з медалямі і проста сем’і прыязджаюць, каб ушанаваць памяць аб партызанах і падпольшчыках. У 66 раз прайшло гэта свята на мяжы Беларусі, Расіі і Латвіі. На жаль, зноў не было на ім прадстаўнікоў апошняй краіны – насуперак жаданням многіх яе жыхароў, у нагоду дзяржаўнай палітыцы, што наўмысна скажае гісторыю.

Затое беларусы і расіяне адкрываюць граніцу – і праз масток цераз рачушку Сінюху няспынна рухаецца жывы паток. Каб зазірнуць хаця б на палову пляцовак, каб не прапусціць кранальных момантаў свята. Адным з іх было братанне дэлегацый – шчырыя абдымкі на расійскім баку, дзе пасля ўсе разам адслужылі ліцію па загінулых і накіраваліся да помніка Марыі Пынто – закатаванай фашыстамі себежскай агентурнай разведчыцы. Зразумела, што ў яе асобе ўвекавечаны подзвіг усіх расійскіх падпольшчыкаў, як і ў помніку беларускім партызанам-камсамольцам з вёскі Прошкі. У час Вялікай Айчыннай у гэтай лясной мясцовасці на тэрыторыі трох рэспублік, канечне, не было падзелу на нацыянальнасці: разам змагаліся ўсе савецкія людзі, а партызанскі рух быў вельмі масавым. Сведчаннем таму – помста немцаў: менавіта на тэрыторыі Асвейскага раёна (зараз у складзе Верхнядзвінскага) разам з жыхарамі поўнасцю спалена і не адноўлена больш за ўсё беларускіх вёсак.

Гірлянды і горы жывых кветак ляглі да падножжа абеліскаў, здаецца, і птушкі сціхлі падчас мінуты маўчання. Затое як звонка гучала потым легендарная “Кацюша”. Трымаючы вялізныя палотнішчы сцягаў ці з маленькімі флажкамі ў руках, на абодвух берагах ракі людзі спявалі: “Расцвіталі яблыні і грушы…”. Былі ў гэтым хоры галасы пасівелых ветэранаў, дзяцей і, зразумела, усёй ушацкай дэлегацыі.

Неаднойчы ўдзельнічаў у святкаваннях на Кургане Дружбы, тут заўсёды масава і ўзнёсла, аднак сёлетняе мерапрыемства вылучаецца яшчэ і асаблівай сардэчнасцю. І выдатна, што тут столькі моладзі самага рознага ўзросту. Галоўнае, каб не забываліся на агульную перамогу ўнукі змагароў, каб ніколі не паўтарылася ні страшнай вайны, ні таго, што зараз на латышскім баку”, – падзяліўся ўражаннямі старшыня райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі.

А там разбураны курган, дзе некалі была зямля з розных брацкіх пахаванняў. Знішчаны дуб, што сімвалізаваў моц дружбы народаў. Вырваны і там жа закапаны мемарыяльныя пліты, на якіх на трох мовах змяшчаўся зварот партызан да патомкаў. Знік і помнік Герою Савецкага Саюза Ігманту Судмалісу. Аднак памяць не знішчыць і не закапаць. Жывая яна і сярод многіх латышоў. Прадстаўнікі старэйшага пакалення прыходзілі на мяжу і стаялі ля сеткі яшчэ некалькі год таму. Сёлета, калі існуе жорсткае пакаранне як за савецкую сімволіку, так і за кветкі мармуровым салдатам – іх не было.

Я ўпершыню наведвала гэтае ўнікальнае месца, таму і прыгадала ўшацкую сям’ю, якая штогод пускалася ў няблізкае падарожжа на Курган Дружбы. Цяпер разумею – чаму. Тут разгорнута столькі пляцовак, што каб абысці ўсе – давядзецца заставацца на начлег. Зямлянкі і фотавыставы загінулых падпольшчыкаў, выступленні юных барабаншчыкаў і нават успаміны сведак тых падзей. Так, дзякуючы калегам з “Дзвінскай праўды” з падшывак газет ажывалі карціны змрочнага тады і вельмі ўтульнага зараз лесу. Ды і ўшацкія культработнікі спрыялі гэтаму: падрыхтавалі сцэнку пра маладога разведчыка Ваську, які раздабыў ажно чатыры міны. Паглядзець на выдатную ігру, якая тым больш заканчвалася запрашэннем за стол, прыходзіла шмат жадаючых. Народны клуб “Прысмакі” частаваў салдацкай кашай, халадніком, ды і франтавыя сто грамаў прапаноўваў. Шырокая пляцоўка “Ушаччына партызанская” здалёк прываблівала і мілагучным выкананнем ваенных песень.

Да гэтага часу прыязджаюць на Курган Дружбы і камсамольцы сямідзясятых. І нават разбіваюць палаткі, як і ўдзельнікі беларуска-расійскага адукацыйна-выхаваўчага лагера “Курган-2025”. Тры дні ў творчых, інтэлектуальных і спартыўных спаборніцтвах пранесліся як адзін. І зусім не важна, хто якое месца заняў, галоўнае, завязаліся новыя знаёмствы і сяброўства на гады – як і ў іх ваяваўшых прадзедаў.

Курган Дружбы быў адкрыты 3 ліпеня 1959 года ў гонар 15-й гадавіны злучэння партызанскага фарміравання з часцямі Чырвонай Арміі.

Вольга КАМАРКОВА,
Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *