Тэрыторыя Ушацкага раёна газазабеспячэння – фантастычна прыгожая. І ледзь не кожны год – у тым ліку і па выніках леташняга сезона – гэтая арганізацыя ўваходзіць у склад пераможцаў раённага конкурсу па добраўпарадкаванні.
Нязменны актывіст у гэтай працы – кладаўшчык прадпрыемства Святлана Васільеўна Дрозд (на здымку). І ў дзень, калі мы прыехалі палюбавацца ліпеньскай квеценню ля райгаза, жанчына якраз чаравала ля клумбаў. “Як бачыце, каралевы нашай тэрыторыі – петуніі, сёлета іх шэсць гатункаў, апроч таго аксаміткі, сальвіі, ценерарыі, пеларгоніі, бягоніі, у гэтым годзе з’явіліся шарападобныя хрызантэмы, – падзялілася з намі работніца. – А хутка тут стане яшчэ прыгажэй: зробім арку, белую дарожку і пяць кампазіцый з камянёў. У планах – фантанчык, які будзе працаваць на сонечных батарэях, так што прыязджайце пазней і ўсё ўбачыце!”
Таксама Святлана Васільеўна падкрэсліла, што ў добраўпарадкаванні задзейнічаны ўвесь іх калектыў – толькі сумесна можна дасягнуць такога дасканалага ўзроўню. Адметна, што і малады кіраўнік прадпрыемства Юрый Галкоўскі шчыра зацікаўлены ў гэтым працэсе і нават сам прапануе крэатыўныя ідэі.
“Віцебскаблгаз” кожны год праводзіць конкурс на лепшае добраўпарадкаванне сярод падраздзяленняў, і ўшацкая арганізацыя да яго зараз актыўна рыхтуецца. Паказаць прызавы вынік у ім неймаверна складана, тым не менш мы зычым нашым райгазаўцам перамогі – яны гэтага дастойныя!
Анастасія ПОЛАЗАВА, студэнтка Полацкага дзяржуніверсітэта.