Рамонт нельга скончыць – можна толькі прыпыніць… З такога жартоўнага выразу сям’я Спірыдовічаў наўрад ці пасмяецца. Без малога 40 гадоў Ніна Канстанцінаўна і Генадзь Браніслававіч жывуць у Казімірове – і ўвесь гэты час няспынна ўдасканальваюць сваю сядзібу. У калгасным доме, які атрымалі ад “Новага жыцця”, некранутым застаўся толькі дах. Ну а ранейшая пустэча ў двары ператварылася ў сапраўдны аазіс прыгажосці.
“Пачыналі з пашырэння жылых плошчаў, для чаго веранду “перакваліфікавалі” ў кухню, – уводзіць у курс спраў гаспадыня. – Хацелася прадугледзець асобныя пакоі для нас і дзвюх дачушак. Вельмі дарэчы гэта і зараз, калі на канікулы прыязджаюць унукі, якіх у нас чацвёра. Для большага камфорту ўцяплілі сцены, правялі ў дом ваду. Ну а каб кожны год не “лапіць” драўляную агароджу, устанавілі нядаўна металапрофільную”.
Аглядаем падворак Спірыдовічаў і шчыра здзіўляемся, як многа можна змясціць на адносна невялікай тэрыторыі. Тут табе і міні-складзік, і летняя кухня з усім неабходным для нарыхтовак (дарэчы, у іх пераўвасобілі старую прыбудову). Непадалёк – імправізаваны “Бабін кут” з люстэркам, умывальнікам і лаўкай для адпачынку. Галоўная ж кропка, дзе любіць сабрацца сям’я, – канечне, прасторная альтанка, якую вырабіў Генадзь Браніслававіч.
“Гаспадар у мяне рукасты, усё ўмее! – з гонарам кажа Ніна Канстанцінаўна. – Нікога наймаць не трэба: з зяцямі сам усё пабудуе, адрамантуе, пафарбуе… Я звычайна толькі прыдумваю, што можна ўдасканаліць, ну а ён адказна рэалізуе”.
Між тым, і сама гаспадыня без спраў не сядзіць: на ёй не толькі клопаты па доме, але і дэкарытыўнае аздабленне сядзібы. Ружы і петуніі, касачы і хрызантэмы, гартэнзіі і хосты, гладыёлусы і герань – улетку ўсё патанае ў квецені. І гэта пры тым, што зямелька тут не надта для гэтага падыходзіць – спачатку спецыяльна завозілі больш урадлівую, але пазней метадам спроб і памылак жанчына падабрала непатрабавальных для кожнага куточка “насельнікаў”. Цяпер кветкі – і па перыметны двара, і ў падвясных кашпо на будынках.
Прадумана ў Спірыдовічаў таксама светлавое аздабленне падворка. Пад дахам дома – гірлянда, якую ўключаюць не толькі ў навагоднія святы, а пастаянна, як сцямнее. Уздоўж дарожак – дэкаратыўныя ліхтарыкі з сонечнымі батарэямі, датчыкамі руху. Усё гэта, прызнаюцца вяскоўцы, робіць вячэрнія прагулкі больш камфортнымі ды настрой узнімае. Так, як гэта робяць днём малыя архітэктурныя формы: прыгожы бусел, што пасяліўся на даху адной з пабудоў, мілыя вожык і свінка, якія сочаць за парадкам у кветніках. Ёсць тут і самаробныя сонейкі з пластыкавых бутэлек, і нават мяккія цацкі – любой рэчы вяскоўцы ўмеюць знайсці прымяненне.
Годна дапаўняюць “пейзаж” і набытыя нядаўна батут, арэлі. Актыўна правесці час, ды яшчэ сярод такой прыгажосці, ахвочых з ліку ўсёй мясцовай дзятвы заўсёды шмат.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.