За дымовой завесой: один день из жизни спасателя Великодолецкого поста Дмитрия Тюкало

К профессиональному празднику Общество

“Ці бывае адчуванне трывогі, інтуіцыя на небяспеку?” – пытаюся з парога Вялікадолецкага пажарна-выратавальнага паста №11 у старшага інструктара-выратавальніка і мяркую пачуць: “Як магчыма прадугадаць пажар?” Аднак ветлівая ўсмешка Дзмітрыя Цюкалы саступае месца засяроджанасці і ён кажа: “Амаль заўсёды. А калі яшчэ і ў хлопцаў, з якімі разам прыйшоў на змену, таксама ўнутранае хваляванне – абавязкова будзе выклік. І самае страшнае, калі папярэджваюць, што ў будынку могуць быць дзеці”.

Дзмітрыю Леанідавічу пашчасціла – выносіць з агню малых не давялося, хоць падобныя папярэджанні гучалі неаднойчы. А вось цела юнака ўзростам крыху за дваццаць, што задыхнуўся ў пажары з-за непатушанай цыгарэты, памятае. У суседнім, таксама задымленым пакоі знайшлі тады жанчыну, “хросным бацькам” якой Дзмітрый можа сябе лічыць. Як і яшчэ аднаго мужчыны з Двор Пліна. Не ён адзін, канечне, уся змена, што на выклікі ў жылыя дамы выязджае на чатырох машынах, а на месцы хутка размяркоўвае абавязкі. Адны раскладаюць лесвіцу і абясточваюць пад дахам дом, каб выключыць верагоднасць удару токам, другія разгортваюць рукавы, трэція накіроўваюцца ў самае пекла. У іх ліку заўсёды Дзмітрый Цюкала. “Неяк несправядліва. Чаму адны і тыя?”, – здзіўляюся. А выратавальнік тлумачыць: “Начальнік змены павінен быць упэўнены, што вернуцца, разлічаць час усе, а прадугадаць, як павядуць сябе ў поўнай цемры навічкі, немагчыма. Таму і бярэ з сабой наш Максім Валер’евіч Дукмасаў правераных байцоў. Вельмі многаму мяне навучыў менавіта ён, а таксама першы настаўнік яшчэ з Плінскага паста Алег Крыскевіч, у прыватнасці, і любыя прылады для заняткаў спортам сваімі рукамі зварыць. Вось з гэтымі людзьмі і з Дзмітрыем Прашкевічам у счэпцы і ішлі ў дамы, калі служылі ва Ушацкай часці. Тут, на Вялікадолецкім пасце, разлічваеш толькі на сябе і памочніка-вадзіцеля, які страхуе звонку. Для мяне гэта псіхалагічна прасцей – за хлопцаў не непакоішся”.

Хадзіць на карачках двойкамі, навобмацак правяраючы кожны дэцыметр, яны вучацца і падчас заняткаў, для чаго спецыяльна заклейваюць акуляры касак. Нязручна, цяжка ў трыццацікілаграмовым абмундзіраванні, аднак не так, як пры сапраўдным пажары. Балона з кіслародам хапае на 45 хвілін, а за 3-5 мінут раздаецца сігнал. Гэта крытычны час, каб выбрацца самастойна і памяняць балон, але лепш зрабіць раней. Страхуюць, канечне, і калегі з вуліцы – папярэджваюць па рацыі. Паўтараць жа падобныя маніпуняцыі даводзіцца па некалькі разоў.

Дзеянні выратавальнікаў максімальна скіраваны на тэхніку бяспекі, аднак заўсёды застаецца непадуладны разліку фактар рызыкі. Напрыклад, калі выносіш з дома шыпячы балон з газам. Ці яшчэ горш – з яго рэшткамі – выбух у такім разе можа быць яшчэ большы. І зноў трэба максімальна хутка адшукаць яго і ахалодзіць.

Страху мой суразмоўца на пажарах не адчувае даўно, ці дакладней, не за сябе, а за іншых ён падступае да пачатку непасрэдных дзеянняў. А потым ужо ўсё “на аўтамаце”. Ці трэба казаць, што выратавальнікі павінны быць у выдатнай фізічнай форме. Я паспрабавала, напрыклад, падняць адну толькі каску – зусім не пушынка. А апранутым “пад завязку” лазіць па дахам, выконваць прысяданні. Ды што казаць пра баявое абмундзіраванне, калі ў лёгкім, на выгляд – парусінавым светлым камбінезоне для абароны ад насякомых і тое больш 30 хвілін у спёку паспрабуй вытрымай. Хаця з восамі і шэршнямі байцы навучыліся спраўляцца хутка, нават калі гнёзды памерам не з адзін мяшок. “Як тры пажарныя бочкі ўзору нашай гістарычнай тэхнікі даводзілася здымаць, – паказвае Дзмітрый на экспанат у двары паста (на здымку). – І нават з трэць гарышча на доме. Здаралася, і джалілі, добра, што толькі насякомыя, а неаднойчы і ад вужак людзей баранілі, і ад янотаў”.

На работу ў аграгарадок Дзмітрый Леанідавіч дабіраецца на матацыкле. Хаця мог бы і на квадрацыкле – ёсць у дамашнім аўтапарку і такая тэхніка, прычым, розных памераў. Купіў сыну дзіцячы, а потым і сабе, каб побач па бездарожжы катацца. З дзецьмі, якімі вельмі ганарыцца, ён імкнецца ўсё рабіць разам. І ў тым, што і Улада, і Яраслаў растуць спартыўнымі і загартаванымі, яго заслуга. Сам з ранняга дзяцінства наведваў Ушацкую спартыўную школу, спачатку на водных лыжах стаяў, потым армрэстлінгам і для зняцця нагрузкі мышцаў валейболам займаўся. Усё гэта дапамагае і ў сорак год заставацца ў форме і без праблем выносіць нагрузкі прафесіі, як і да службы ў арміі мець першую групу здароўя.

Вы толькі добрага вечара не жадайце, – папярэджвае пры развітанні Дзмітрый. – Дрэнная прыкмета”. Канечне ж, прыслухоўваюся. Але калі не на змену, то на будучыню хочацца пажадаць усім нашым выратавальнікам традыцыйных сухіх рукавоў і як мага менш непрадбачаных сітуацый.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *