В рамках Единого дня информирования председатель Ушачского райисполкома встретился с рабочим коллективами

Общество

У рамках адзінага дня інфармавання старшыня райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі пабываў у працоўных калектывах раёна. Сустрэчы атрымаліся шматграннымі і шчырымі, а глабальныя тэмы праецыраваліся на мясцовыя рэаліі.

Гаварылі аб тым, як складана было на розных этапах гісторыі адстаяць беларускую дзяржаўнасць, аб адзінстве нацыі як ключавым фактары нашых мінулых і будучых дасягненняў. Шмат цікавых фактаў прывяла галоўны захавальнік фондаў музея народнай славы імя У.Е.Лабанка Святлана Канстанцінаўна Турло.

Шырокі спектр пытанняў быў абмеркаваны падчас сустрэчы з культработнікамі. Цікавілі іх не толькі “прафесійныя” тэмы, а і, напрыклад, наколькі складанай аказалася ўборачная для ўшацкіх аграрыяў. Сяргей Сяргеевіч падкрэсліў, што лёгкім хлеб не бывае ніколі – няпроста жніво складвалася і сёлета, а з пазітыўных момантаў можна вылучыць тое, што завяршыць яго і ў тым ліку абмалаціць прыватныя надзелы ўдалося дастаткова хутка. Паспрыяла аператыўнасці і дапамога чашніцкіх аграрыяў – а гэта яскравы прыклад аб’яднання і ўзаемадзеяння ў імя стратэгічнай справы.

Ішла гаворка і пра перспектыву адкрыцця ў райцэнтры новых пунктаў гандлю і грамадскага харчавання: канкрэтна казаць пра гэта пакуль рана, але пытанні прапрацоўваюцца. А вось будаўніцтва мемарыяльнага комплексу “Зорачка” павінна распачацца ў самы бліжэйшы час. Не замоўчваліся і праблемы, галоўная з якіх – змяншэнне колькасці занятых у вытворчасці ўшачан, адток кадраў з раёна, які, дарэчы, у многім абумоўлены аб’ектыўнымі працэсамі ўрбанізацыі.

“Мне б хацелася, каб у вас з’явілася другое дыханне, каб вы не згасалі. Менавіта па культуры, па якасці мерапрыемстваў часта ацэньваюць узровень рэгіёна. Трэба быць прыкметнымі, заяўляць пра сябе ў сацсетках – у тым ліку і гэты фактар дапамагае прыцягнуць у раён інвестараў”, – падагульніў С.Садоўскі размову з культработнікамі.

Змястоўнай атрымалася размова і ў калектыве Ушацкай цэнтральнай райбальніцы. Як адзначыў Сяргей Сяргеевіч, на сферу медыцыны з раённага бюджэту штогод выдзяляецца каля 10 мільёнаў рублёў. Рамонт, добраўпарадкаванне, пакупка сучаснага абсталявання – усё робіцца для таго, каб павысіць узровень аказання насельніцтву медыцынскіх паслуг, а значыць, і дэмаграфічную сітуацыю палепшыць, і маладыя кадры ў раёне ўтрымаць.

Патрэбны яны і ў медыцыне, таму ўпор трэба рабіць на прафарыентацыйную работу са школьнікамі. Для спецыялістаў жа варта прадугледзець прыемныя бонусы: прэміі, выдзяленне арэнднага жылля – яно якраз будуецца ва Ушачах. Як падкрэсліў галоўны ўрач ЦРБ Юрый Валянцінавіч Пацёмкін, прынятыя меры даюць плён (сёлета, напрыклад, прыступіла да работы ўраджэнка Бешанковіцкага раёна, якая спецыяльна ўзяла накіраванне на навучанне з Ушач), аднак у гэтым накірунку неабходна яшчэ многае прадумаць і ўдасканаліць.

Абмеркавалі на сустрэчы і “небальнічныя” пытанні. Так, зацікавіла прысутных, што на месцы святой крыніцы ў Сарочыне ў наступным годзе з’явіцца купель, што ля спарткомплекса мяркуецца размясціць паўнапамерны футбольны стадыён і бегавыя дарожкі, а пазней, калі дазволіць фінансаванне, лыжаролерную трасу, дзіцячую гульнявую пляцоўку, скейтпарк і іншае.

“Як кіраўнік раёна я заўсёды на баку людзей, таму працягну адстойваць іх інтарэсы, у тым ліку звязаныя з медабслугоўваннем”, – падкрэсліў С.Садоўскі.

Наталля БАГДАНОВІЧ, Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *