На Ушаччыне пачалася бясплатная імунізацыя дзяўчынак 11 гадоў супраць вірусу папіломы чалавека. Ці праўда, што прышчэпка ў будучым абароніць іх ад раку шыйкі маткі? Так! Пра асаблівасці вакцыны, яе бяспеку і эфектыўнасць мы пацікавіліся ў спецыялістаў райбальніцы, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Вірус папіломы чалавека – асноўная прычына развіцця перадракавых станаў і рака шыйкі маткі. Апошні сустракаецца даволі часта: сярод гінекалагічных анказахворванняў у Беларусі ён на другім месцы. Прычым, усё часцей паражае жанчын працаздольнага ўзросту: калі тры дзесяцігоддзі таму пік прыходзіўся на ўзроставую групу 70-74 гады, то сёння – 45-49. За гэты час узровень захваральнасці ў краіне вырас з 15,6 да 17,1 выпадка на 100 тысяч. Аднак ключ да вырашэння праблемы ёсць – прафілактыка. Сусветная арганізацыя аховы здароўя найбольш эфектыўнай у гэтым напрамку прызнала вакцынацыю.
Першы прэпарат супраць ВПЧ быў распрацаваны ў 1990-х аўстралійскімі даследчыкамі, а шырока прымяняць яго пачалі амаль 20 гадоў таму. Уражвае статыстыка Вялікабрытаніі: там, дзе ўзровень вакцынацыі дзяўчынак-падлеткаў склаў 89 працэнтаў, захваральнасць на рак шыйкі маткі знізілася на 87.
Наяўнасць папілом і іншых падобных утварэнняў на паверхні скуры – адзін з галоўных сімптомаў ВПЧ у мужчын і жанчын.
Як нам патлумачылі ў дзіцячай кансультацыі Ушацкай ЦРБ, імунная сістэма дзяцей 11-гадовага ўзросту дэманструе высокую эфектыўнасць у выпрацоўцы ахоўных антыцелаў. Паколькі ж ВПЧ перадаецца пераважна палавым шляхам, важна паспець сфарміраваць імунітэт да патэнцыяльнай сустрэчы з вірусам. Даказана, што вакцынацыя, праведзеная ў прыгаданым узросце, забяспечвае ўстойлівую і працяглую абарону.
У нашай краіне для імунізацыі ў адпаведнасці з Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак выкарыстоўваецца вакцына кітайскай вытворчасці “Цэкалін”. Яна не ўтрымлівае жывога віруса, не можа выклікаць рак ці іншыя захворванні і накіравана супраць двух самых анкагенных тыпаў ВПЧ – 16 і 18, якія выклікаюць да 87% усіх выпадкаў рака шыйкі маткі.
Курс вакцынацыі для дзяўчынак складаецца з дзвюх ін’екцый: першая доза – у абраную дату пасля кансультацыі з педыятрам, другая – праз шэсць месяцаў.
Вікторыя Кальчэўская, старшая медсястра паліклінікі:
– У нашым раёне зараз 44 дзяўчынкі ва ўзросце 11 гадоў. У бальніцу ж ужо паступіла 50 доз вакцыны, так што на першую прышчэпку хопіць усім, а да часу правядзення другой запланаваны новыя завозы прэпарата.
Мы ўжо правакцынавалі некалькі школьніц, прычым, для зручнасці рабілі гэта на базе ўстаноў адукацыі, у якіх яны вучацца. Што крыху замаруджвае працэс – дык гэта рост рэспіраторных інфекцый (рабіць прышчэпку хворым і прастуджаным нельга), а таксама немагчымасць адначасова праімунізаваць ад трох неабходных у гэтым узросце захворванняў: дыфтэрыі, ВПЧ і грыпу – паміж імі павінен быць прамежак як мінімум у месяц. І калі бацькоў, якія проста вытрымліваюць час, зразумець можна, то тых, хто катэгарычна адмаўляецца ад прышчэпкі для сваіх дачок, – адназначна не!
12 краін прымяняюць “Цэкалін” для прафілактыкі анкалогіі, у іх ліку – КНР, Тайланд, Казахстан.
Медыкі спадзяюцца, што ў перспектыве за кошт бюджэту будуць прышчапляць не толькі 11-гадовых, але і дзяўчат іншага ўзросту. Пакуль жа старэйшыя прадстаўніцы прыгожай паловы (гэта актуальна аж да 45 гадоў!) могуць правакцынавацца за ўласныя сродкі. Для іх выкарыстоўваецца прэпарат “Гардасіл” галандскай вытворчасці, які ўводзіцца ў арганізм тройчы: праз два і шэсць месяцаў пасля першай прышчэпкі. Кошт адной дозы на сённяшні дзень складае каля 130 рублёў. Ва Ушачах некалькі жанчын ужо скарысталіся такой магчымасцю. Прышчэпка рэкамендуецца і пасля лячэння дысплазіі шыйкі маткі.
Па пытаннях вакцынапрафілактыкі ВПЧ-інфекцыі можна звярнуцца ў дзіцячую кансультацыю Ушацкай ЦРБ па тэлефоне 5-75-03 ці ў эпідаддзел раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі – 5-75-97.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ

