Ореховская школа отметила 100-летний юбилей

Общество

І.Сыроўчанка, Л.Булаўка, В.Карчэўскі.

Стагоддзе – настолькі прыгожы і значны юбілей, што і ўрачыстасць з яго нагоды павінна быць яркай, велічнай. Настаўнікі і вучні Арэхаўскай школы, якая 1 снежня перасягнула векавы рубеж, арганізавалі святкаванне менавіта ў такім ключы, але пры гэтым змаглі пагрузіць запоўненую актавую залу ў вельмі цёплую, рамантычную атмасферу.

Нават “пратакольная частка” – з прамовамі і ўручэннем узнагарод – праходзіла нетрывіяльна. Намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў зачытаў віншаванне ад новага кіраўніка раёна Сяргея Шамовіча, а яшчэ цытаваў выразы з культавага фільма “Дажывём да панядзелка” – і ўсе згаджаліся з тым, што шчасце – гэта калі цябе разумеюць… А загадчык аддзела па адукацыі Людміла Давыдава – былая выпускніца школы – прыгадвала круглую залу старога будынка, дзе паны калісьці танцавалі на балах, а савецкія школьнікі займаліся фізкультурай, музей, у якім ёй, актыўнай піянерцы, даручылі ролю экскурсавода, – патрыятычны напрамак ва ўстанове, якая носіць імя легендарнай партызанкі Надзеі Касцючэнкі, заўсёды быў у прыярытэце. Успомніла Людміла Васільеўна і… легенды пра прывідаў, якімі гарэзлівыя хлопцы палохалі дзяўчат: выключалі святло на лесвіцы і выносілі туды шкілет з кабінета біялогіі…

Дзесяцікласнік М.Ладноў віншуе ветэрана С.Пугачову.

Канечне, не толькі вясёлымі прыгодамі, а і трывалымі ведамі запомнілася школа былым вучням. І ў гэты вечар у цэнтры ўвагі былі людзі, якія прысвяцілі жыццё педагогіцы.

З гісторыі ўстановы:
Вучыць дзяцей у Арэхаўне пачалі яшчэ ў 1923-м годзе – у адным з пакояў дома мясцовага дзяка яго дачка збірала навакольную дзятву. Пачатковая ж школа ў былым панскім будынку адкрылася 1 снежня 1925 года. У 1933-м яна стала сямігодкай. У вайну ў пабудове размяшчаўся шпіталь партызанскай брыгады імя Панамарэнкі, а пасля вызвалення раёна вучні зноў селі за парты. У пасляваенны час установай плённа кіравалі былыя франтавікі і партызаны Нікандр Прохаравіч Жукаў, Іван Антонавіч Долгі. З 1958 па 1988 школа была васьмігадовай, а ў 1998 стала сярэдняй.

Г.Марозава, І.Бараніч.

Неаднойчы давялося ўзнімацца на сцэну дырэктару Ларысе Булаўка – за Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама і раённага выканаўчага камітэта, якімі адзначаны яе плённая праца на пасадзе і дзейнасць установы адпаведна, за падарункамі ад райвыканкама і аддзела па адукацыі (наборам мікрафонаў і камп’ютарам), за карыснымі прэзентамі школе ад былых вучняў.

Шаноўнымі гасцямі юбілею былі ветэраны настаўніцкай працы Святлана Васільеўна Лісоўская, Тамара Трафімаўна Мятла, Зінаіда Георгіеўна Сяргеева, Ганна Паўлаўна Заруба, Таццяна Міхайлаўна Жарнасек, Людміла Міхайлаўна Мядзведзева, Ніна Аляксандраўна Літвінава, Людміла Вячаславаўна Міхашонак, Яўгенія Сяргееўна Вітко. Школа вылучаецца слаўнымі дынастыямі: па прыкладзе бацькоў прыйшла ў педагогіку Тамара Міхайлаўна Русак, справу двух папярэдніх пакаленняў сваёй сям’і працягнула Вольга Васільеўна Жукава – і невыпадкова менавіта ёй на імпрэзе даверылі запаліць свечку Пераемнасці. Гэты сімвалічны рытуал стаў упрыгожаннем свята: у яго ходзе на сцэне загараліся ўсё новыя агеньчыкі. Нягледзячы на шаноўны ўзрост не змагла прапусціць урачыстасць ветэран працы Соф’я Іванаўна Пугачова – і ёй даручылі запаліць свечку Мудрасці. Агеньчык Дзяцінства дадалі ў галерэю святла былая выпускніца Ганна Сазонава, якая вярнулася сюды настаўніцай, і адна з лепшых вучаніц школы – яе дачка Таня. Свечку Веры запалілі малады спецыяліст Ганна Марозава і першакласнік Ілья Бараніч, а Аляксею Жахоўскаму, які прызнаўся, што родная школа дала яму не толькі веды, а і сфарміравала асобу, было даручана здабыць святло Сяброўства. Сімвалічнае дзейства працягнулі кіраўнікі ўстановы. Цікавы факт: з 1988 года па цяперашні момант школу ўзначальвалі Васіль Карчэўскі, Іна Сыроўчанка і Ларыса Булаўка – і кожны з іх правёў на гэтай пасадзе па 12 год.

Калі папрасіла В.Жукаву прыгадаць каго-небудзь са сваіх вучняў, тая спачатку адмовілася: шмат іх было, ды і калі кагосьці вылучыць – іншым крыўдна будзе… Ды ўсё ж, падумаўшы, распавяла наступнае: “У 90-я гады я працавала педагогам-арганізатарам і піянерважатай. У той час па вядомых прычынах піянерскі рух у краіне стаў затухаць, аднак мы аднавілі ў школе дружыну імя Надзеі Касцючэнкі, старшынёй савета якой стала Алёна Сяргеева. Нават не ведаю, як яна ўсё паспявала: і вучылася выдатна, і маёй “правай рукой” у грамадскіх справах была, і раённы этап конкурса лідараў выйграла. Такія вучаніцы – мара кожнага настаўніка!”

Менавіта на час кіраўніцтва Васіля Ігнатавіча прыпала нялёгкае выпрабаванне: завяршыць даўгабуд і нарэшце пераехаць з панскіх пакояў у сучасныя светлыя класы. “У апошнія гады існавання старой школы мы наўмысна адкладвалі рамонт да завяршальных тыдняў лета: раптам прыедуць правяраючыя, убачаць, што не надта тут у нас і кепска, і будаўніцтва замарудзіцца”, – з уласцівым яму гумарам падзяліўся ўспамінамі Васіль Ігнатавіч. І чаканы момант надышоў: 1 верасня 1998 года Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка ў якасці старшыні Віцебскага аблвыканкама перарэзаў чырвоную стужку на ўваходзе ў шыкоўны будынак. “Памятаю, зайшлі мы ў новы клас, а вучні сядзяць у маечках з кароткім рукавом – такой нязвыклай для іх была цеплыня ў памяшканнях”, – узгадваў В.Карчэўскі пасля таго як запаліў на імпрэзе свечку Адкрыццяў.

Кіруючыя паўнамоцтвы ён перадаў у надзейныя рукі І.Сыроўчанкі – і наступны перыяд стаў для школы этапам росквіту. Памятаю свае ўражанні ў час першага візіту ва ўстанову – тут на кожным куточку чакала нешта дзіўнае: зялёны клас, дэкаратыўны басейн з жывёламі, пакой энергазберажэння, цудоўны прышкольны ўчастак… Арэхаўская СШ набыла вядомасць не толькі ў вобласці, а і ў рэспубліцы, стала апорнай па інавацыйным развіцці і экалагічным выхаванні, рэалізоўвала міжнародныя праекты. Так што Іне Фёдараўне па праве дасталася на свяце місія запаліць свечку Поспеху.

“Хто быў вашым любімым педагогам?” З такім пытаннем звярнулася да Артура Ігнатовіча – і той без роздуму назваў свайго класнага кіраўніка Ганну Паўлаўну Зарубу. Тая ж, у сваю чаргу, зазначыла, што Артур быў адзіным выпускніком, за выхаванне якога з Ульскага ліцэя ў Арэхаўскую школу прыйшоў Ліст падзякі!

Не збавіла гэтага стваральнага тэмпу і Л.Булаўка – школа па-ранейшаму на слыху! Яе вучні і настаўнікі рэалізоўваюць свае творчыя задумы ў новых праектах і конкурсах, а за апошнюю пяцігодку ўстанова двойчы заносілася на раённую Дошку гонару. Зрэшты, усё самае цікавае яшчэ наперадзе – менавіта з такім спадзяваннем запальвала Ларыса Аляксандраўна свечку Надзеі.

Цудоўным атрымаўся і канцэрт – з кранальнымі вершамі, танцамі, спевамі і нават акрабатычнымі трукамі. У фінале ж феерыю агеньчыкаў дапоўніў феерверк, а ў зале з’явіўся вялікі святочны торт, свечкі на якім задувалі ўсёй грамадой. Да слова, за пажарнай бяспекай на імпрэзе пільна сачыў выпускнік установы – супрацоўнік МНС Сяргей Пацэйка.

Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *