Светлана Коваленко — в числе лучших работников «Белгосстраха»

Общество

Некалькі дзён таму С.Р.Каваленка вярнулася з урачыстасці, на якой узнагароджвалі лепшых работнікаў “Белдзяржстраха”. Так, яна самы паспяховы агент сярод 19 участкаў прадстаўніцтва па Лепельскім раёне не толькі па аб’ёме заключаных полісаў, але і па якасці аказаных паслуг. Гэта азначае, што яе кліенты знаёмы і заключаюць абсалютна розныя віды страхавання, што ў сваю чаргу сведчыць аб прафесійнай дасведчанасці Святланы Рычардаўны.

Хаця ўчастак у яе, бадай, самы няпросты. Гэта вёскі Глыбачанскага, Вяркудскага і Сарочынскага сельсаветаў. І калі апошняя зона, што далучылася зусім нядаўна, ёй добра знаёмая, то на аддаленай ад райцэнтра тэрыторыі дзесяць год таму была ўпершыню.

“Уладкавалася ў лістападзе, а пачала – са складання карт. Пераносіла іх на паперу, замалёўвала сваю зону, каб не апынуцца ў Бешанковіцкім ці Полацкім раёне, і знаёмілася з людзьмі ці, дакладней, вёскамі. Бо, напрыклад, у Пола – працяглай, з заможнымі сядзібамі, на ўсіх дзвярах аказаліся замкі, і толькі ў апошняй хаце жыла бабуля, – расказвае Святлана пра свае першыя прыгоды. – У Старых Турасах апынулася зімой, вельмі снежнай. Кароткі светлавы дзень заканчваўся, таму папярэдне патэлефанавала жанчыне, каб не палохалася, адчыніла дзверы. Дарога аказалася замеценай, таму кінула машыну за паўтара кіламетра і пайшла ўжо ўпоцемку. Ад яе дома трэба было дабрацца яшчэ да трох. Пытаюся, ці ёсць ваўкі. А яна мяне “супакойвае”: “Мы сабак хаваем, каб не парвалі, а ты вось хлеб вазьмі, каб калі што – адцягнуць увагу, кінуць ім”.

Не менш драпежнікаў баялася Святлана Рычардаўна аказацца без выручкі, паколькі даведалася, што ў вёсках ёсць людзі без заробкаў. І дакладна кінула б новы занятак, калі б апынулася ў Горах у першыя месяцы знаёмства з работай. Тады толькі прайшла дэнамінацыя, з’явіліся капейкі, і кліент усё не мог “перакласці” цэны на стары лад. Па некалькі разоў пералічвалі здачу, тлумачыла, вельмі саромелася, бо ўсё гэта на вачах іншых вяскоўцаў. Суседка, былы банкаўскі работнік, на дапамогу прыйшла – пацвердзіла, што ўсё правільна. А калі ўжо ад’ехала ад вёскі – званок… Вярнулася, і ўсё паўтарылася зноў.

Падобных выпадкаў, канечне, намнога меней, чым нармальных рабочых зносін. І нават сяброўскіх, хоць некаторыя з іх пачыналіся з недаверу. Так, дачнікі з Рацькава, якія спачатку катэгарычна адмовіліся страхаваць бацькоўскі дом, потым самі запрасілі да сябе ў госці, ды і рэдкімі воднымі лілеямі з копанкі падзяліліся. Заўзяты кветкавод, садавод, Святлана таксама дорыць сваім кліентам адросткі і насенне. Агульныя інтарэсы і шчырая цікаўнасць жыццём людзей аказваюцца вельмі дарэчы ў рабоце. “Размаўляем, высвятляецца, што ўнук нарадзіўся – ёсць нагода прыгадаць пра поліс ад небяспечных выпадкаў, купілі машыну – “аўтакаска” прапанаваць, гадавіна па блізкім прыйшла – расказаць пра страхаванне помнікаў, – дзеліцца працоўнымі сакрэтамі агент. – Прычым, я ніколі не навязваюся, не настойваю. Проста тлумачу і заўсёды зыходжу з інтарэсаў людзей. Не люблю, калі мяне падманваюць, таму ніколі не раблю так з іншымі. Недавер паміж страхоўшчыкам і кліентамі лічу недапушчальным”.

Неканфліктны, камунікабельны па натуры чалавек, яна лёгка сходзіцца з людзьмі. Прычым, у гаваркога агента багаты жыццёвы вопыт, так што прыдумваць пра выгоды страхавання ёй не трэба. Сама неаднойчы карысталася выплатамі, больш таго, адзін з яе асабістых выпадкаў трапіў у “падручнікі” арганізацыі і на ім цяпер вучаць агентаў. Было гэта, калі яшчэ працавала ў саўгасе “Арэхаўна”. Іх дом ў Сарочыне аблюбаваў чырванакніжны дзяцел і так сапсаваў сайдынг, што сям’я звярнулася ў “Белдзяржстрах”. У раёне ніколі раней не было “спрацовак” полісаў з-за пашкоджання маёмасці птушкамі, а ў інструкцыі толькі лаканічнае “пры нападзенні”, таму ў высвятленні сітуацыі дайшлі аж да галаўнога прадпрыемства… На сённяшні час гэта радавая сітуацыя, як урон ад урагану ці граду.

У гарадах калегі не ходзяць па кватэрах, таму С.Каваленка заключае дагаворы з дачнікамі на страхаванне іх нерухомасці, сябе і родных страхуе літаральна на ўсе віды. Ну а далучаная да яе ўчастка дадатковая зона з вёсак вакол Сарочына аказалася зусім камфортнай – тут былога дыспетчара добра памятаюць як “Рычардаўну”, а ў родных Лабанях наогул сустракаюць як сваю. Тым больш што старэйшае пакаленне прывыкла страхаваць і жывёлу, і маёмасць. Бацькаўшчына, можна сказаць, і звяла яе з “Белдзяржстрахам” – Святлана дапамагала маці прадаваць малако, сыры, у тым ліку і страхавому агенту Валянціне Куніцкай, якая і прывяла пазней жанчыну ў арганізацыю, стала першым настаўнікам, як і для большасці сённяшніх работнікаў участка. А паколькі ў сям’і адначасова з’явілася два студэнты, то “мінусы” прафесіі забыліся самі па сабе, і зараз Святлана Рычардаўна бачыць толькі “плюсы”. Практычна штодня яна заводзіць сваю эканамічную машыну і пускаецца па добра знаёмым маршруце на работу, пры гэтым намотваючы пад 150 кіламетраў.

“Спецыфіка агентаў патрабуе вялікай самаарганізацыі, бо ніхто не кантралюе іх працоўны час, які часта прыхоплівае вечары і выхадныя, – гаворыць начальнік аддзела па аказанні страхавых паслуг па Ушацкім раёне Алена Пятроўна Северына. – Гультай у нас не затрымаецца. Ёсць такая прымаўка: каб быць з рыбай, трэба яе вудзіць. Дык вось, Святлана Каваленка “рыбачыць” штодня”.

Вольга Караленка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *