Здание Слободского сельского клуба продаётся за одну базовую, а его историю читайте в нашем материале

Общество

Відэаролікі нашага аднайменнага праекта, якія выходзяць у сацсетках “Патрыёта”, паглядзелі ўжо многія падпісчыкі. А некаторыя прызнаюцца, што з цікавасцю чакаюць новых эпізодаў, пішуць душэўныя водгукі. Зрэшты, гэта нядзіўна, бо будынкі, якія зараз стаяць пустымі, у мінулыя гады былі важнымі аб’ектамі жыцця вяскоўцаў і з імі звязаны настальгічныя ўспаміны.

“Ведаю гэты клуб. Калісьці мясцовыя танцы грымелі на ўсё наваколле!” . “У 1992 пазнаёміліся тут з будучым мужам. Цудоўны быў час!”… Такія каментарыі пакінулі нашы землякі пад сюжэтам пра будынак былой установы культуры ў Слабадзе. Здаецца, мы і самі адчулі энергетыку гэтага памяшкання, калі прайшліся па прасторнай зале, пастаялі на сцэне, прыселі ў драўляныя крэслы – тыя самыя, савецкія, са складнымі сядзеннямі…

Будынак клуба ўзвялі ў самым канцы 70-х, калі перспектыўная вёска была цэнтральнай сядзібай калгаса, які насіў гордае імя правадыра сусветнага пралетарыята.
“Старшыня гаспадаркі Пётр Мечыслававіч Мажэйка з увагай ставіўся да працаўнікоў, падтрымліваў ініцыятыву культработнікаў – і ў клубе нярэдка праходзілі імпрэзы па ўшанаванні перадавікоў, тэматычныя вечары”, – прыгадвае Таццяна Міхайлаўна Малак, якая ў 1984-м узначаліла аддзел культуры райвыканкама і кіравала гэтай сферай на працягу 27 год.
Установа была, як кажуць, на віду. Вось што расказала нам ветэран галіны Ганна Краўчонак: “У 1986-м я стала працаваць у аўтаклубе і, канечне, давялося наладжваць кантакты з усімі сельскімі ўстановамі. Штодня мы калясілі па раёне на маленькім аўтобусіку, які называлі “пуня”, праводзілі ў вёсках разнастайныя мерапрыемствы, арганізоўваць якія нам дапамагалі і мясцовыя калегі. Колькі ж крэатыўных, шчыра захопленых сваёй справай людзей на сяле працавала: Людміла Пашута, Сяргей Мядзведзеў, Мікалай Гуськоў – старонкі не хопіць, каб усіх пералічыць… Да гэтай кагорты я б далучыла і Ірыну Мацюшэнку, якая шчыравала ў Слабадскім клубе. Разам мы праводзілі Дні жывёлавода, рыхтавалі канцэрты на хлебных нівах. Ірына Пятроўна выдатна грала на баяне, што было вельмі дарэчы на святах вёсак. У гэты час на сяле дзейнічала шмат самадзейных аб’яднанняў. У Лутавым Сяльцы, напрыклад, працаваў жаночы клуб “Печкі-лавачкі”, актыўнічала ў якім паэтэса Валерыя Міхно. Падобны быў і ў Слабадзе – і дзве гэтыя суполкі супрацоўнічалі. Лутаўскія вяскоўкі з задавальненнем прыязджалі да сваіх сябровак у іх новы клуб, дзе было прасторна і вельмі ўтульна. Як зараз памятаю: уваходзіш, а там заўсёды чысценька, натоплена, інтэр’ер упрыгожаны кветкамі, кампазіцыямі з восеньскай лістоты, а яшчэ і салодкі стол з прысмакамі Ірына Пятроўна накрыла…”.

Ну а моладзь, канечне, больш цікавілі танцы. У 1985-87-х гадах за іх правядзенне адказвала загадчыца Наталля Каваленка. Гэтая пасада была яе дадатковай работай: днём нядаўняя выпускніца Смальянскага тэхнікума працавала аграхімікам, а па вечарах ішла ў клуб – 30 рублёў, якія плацілі за палову стаўкі, былі нялішнімі. Ды і справа ёй падабалася.

“Не ўяўляеце, колькі народу іншы раз у клубе збіралася: з усіх бліжэйшых вёсак, з Вяркуд прыязджалі, з Сарочына, калі там дыскатэка раней заканчвалася. Мы ж, бывала, і да трох музыку круцілі. Спачатку на прайгравальніку пласцінкі ставілі, потым касетнік прыдбалі. Асабліва “заходзілі” хіты “Boney M”, але і пад айчынную “Малінаўку” ды “Снег кружыцца” ахвотна адплясвалі. Прычым, не толькі моладзь залу запаўняла: і мамы старшакласнікаў пад выглядам кантролю за дзецьмі ў клуб заглядвалі, і бабулі з дзядулямі “на галёрцы” ў крэслах назіральныя пазіцыі займалі – каб убачыць, хто з кім танцуе, а назаўтра на сяле абмеркаваць. Клуб наш не адну маладую пару звёў, а многія потым і сем’і стварылі. Як, напрыклад, Валодзя Рубанік, які прыгледзеў на танцах гарадскую дзяўчыну, што прыязджала ў Слабаду на канікулы… Не абыходзілася і без высвятлення адносін, здараліся нават суровыя разборкі паміж хлопцамі з розных вёсак. У дні дыскатэк у клубе часта дзяжурыў работнік міліцыі з Ушач Анатоль Грэчкін – да абавязкаў сваіх адказна ставіўся і ўмеў агульную мову з усімі знайсці. А ўвогуле вясёлай наша маладосць была. Вясковая моладзь і адпачываць, і працаваць умела: летам у чатыры гадзіны дамоў з клуба вернуцца – і кароў на пасту гоняць…”, – падзялілася ўспамінамі былая загадчыца.

Так, шмат чаго з гэтымі сценамі ў людзей звязана… Напрыканцы ж артыкула будзе дарэчы прывесці яшчэ адзін каментарый з нашых сацсетак: “Вельмі хочацца, каб гэты будынак знайшоў сабе новае прымяненне”. Калі ў кагосьці ёсць задумы на гэты конт – тэлефануйце ў сектар культуры ці аддзел эканомікі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *