Как боролись с циклоном «Фрэнсис-Улли» в Ушачском районе

Главное Общество

Беларусь на мінулым тыдні накрыў цыклон, і мы зноў прыгадалі, што такое сапраўдная зіма. Гурбы і шапкі на дрэвах, гэта, безумоўна, прыгожа, толькі вось дабрацца кудысьці пешшу ці на аўтамабілі стала магчымым толькі пасля прачысткі дарог. І ўсе службы раёна аб’ядналіся для ліквідацыі снежных завалаў: у пятніцу і суботу на расчыстцы працавала 31 адзінка тэхнікі, дворнікі, а таксама сотні неабыякавых людзей.

Кругласутачна на трасах

З трох гадзін ночы працавалі ў пятніцу на трасах тры работнікі ўчастка ДЭУ-37 і дзевяць вадзіцеляў ДРБУ-105. На дарогі рэспубліканскага і мясцовага значэння выехалі МАЗы, грэйдары, “Амкадоры” і трактары з лапатамі. Усю наяўную тэхніку задзейнічалі і камунальнікі: каб зрабіць магчымымі пад’езды і праходы, яны адразу вывозілі гурбы снегу на спецыяльную пляцоўку. Складаней чым дзе было механізатарам на гравійках: з-за моцных перамётаў абочыны зліваліся з палатном, а праз хвілін 20 пасля праходжання грэйдара не заставалася і следу.
У першую чаргу спецтэхніка накіроўвалася на трасы, па якіх ходзяць аўтобусы і аўталаўкі. Да апоўдні адны і тыя ж дарогі, асабліва на Віцебск, Полацак, Лепель, Зябкі, Немірова былі прачышчаны па тры разы, аднак рэжым павышанай гатоўнасці не здымалі. Больш таго, уборка снегу працягвалася службамі кругласутачна – з трох гадзін дня дарожныя арганізацыі ўтварылі другія змены, заняўшы ўсіх вольных работнікаў. У такім жа рэжыме працавалі і камунальнікі.
Паколькі спецыялізаваныя прадпрыемствы не паспявалі справіцца са стыхіяй, ім на дапамогу прыйшлі прадпрыемствы раёна: напрыклад, два трактары на дапамогу ДРБУ-105 выдзеліла КУСГП “Вялікадолецкае” і адзін – лясгас. Многае ў такіх экстрэмальных умовах залежала ад каардынацыі работ і зладжанасці службаў. Так, хоць і была пачышчана дарога на Сорзава, школьны аўтобус не мог праехаць і на выручку прыйшоў МАЗ, што працаваў паблізу.
У пятніцу і суботу на тэрыторыі раёна не быў адменены ніводны міжгародні і міжраённы маршрут, больш таго, усе рэйсавыя аўтобусы без праблем дабраліся да вёсак.

На ўласных трактарах

“Дапамагчы аднавяскоўцам у расчыстцы снега? Без праблем!”, – так адрэагаваў Алег Бондал на просьбу старшыні Сарочынскага сельвыканкама Віталя Клімашэўскага. Малады чалавек паўдня працаваў на асабістым трактары і не прапусціў ніводнай вуліцы гэтага разгалінаванага населенага пункта.
Ніколі не трэба ўгаворваць і Аляксандра Кляпца з Кубліч. Не адзін год ён чысціць вуліцы аграгарадка, а сёлета дапамог і жыхарам Капылоўшчыны ў экстраннай сітуацыі – зрабіў пад’езд да могілак. “Ніколі не адмаўляе ў дапамозе кіраўнік Кубліцкага лясніцтва Вадзім Кальчэўскі, а ў Селішчы да прыезду камунальнікаў “Амкадорам” прайшоўся па вуліцах Аляксандр Бараўцоў з “Вялікадолецкага”, – расказвае старшыня Кубліцкага сельвыканкама Марыя Ярмош.

Рэжым павышанай гатоўнасці

Стыхія зусім не нашкодзіла лініям электраперадач. Нягледзячы на моцны снегапад, на тэрыторыі раёна не адбылося ніводнага абрыву правадоў. Тым не менш энергетыкі працавалі ў рэжыме павышанай гатоўнасці, а адна з брыгад нават накіравалася на дапамогу ў Магілёўскую вобласць. На шчасце, і там не аказалася абрываў на вялікіх участках.

 

 

За лапаты – грамадой!

Нават праз заслону завірухі былі добра бачны прыклады неабыякавасці ўшачан, якія дружна ўзяліся за лапаты, каб пачысціць двары шматпавярховак, стаянкі, грамадскія месцы. Адразу некалькі такіх энтузіястаў мы прыкмецілі, калі прайшліся па вуліцы Садовай. Не дамаўляючыся, адначасова выйшлі з лапатамі маладыя хлопцы Яўген Зуеў і Сяргей Казачонак – і ўжо праз паўгадзіны двор быў чыстым! Не толькі месца ля сваёй машыны, а і ўвесь пад’езд да дома вызваліў ад сумётаў Юрый Барадзёнак, і толькі выключную павагу выклікае Леанід Валяр’янавіч Раманоўскі, які нягледзячы на немалады ўзрост пакідае за сабой місію расчысткі двара, а на заўвагу, што, маўляў, сярод суседзяў ёсць і маладзейшыя работнікі, лаканічна зазначае: “Рух – гэта жыццё!” А ля дома №2 па Ленінскай шчыраваў Дзмітрый Раманоўскі. “Калі выпадае снег, раніцу я пачынаю з “зарадкі” ў двары – расчышчаю яго, калі гэта не паспелі зрабіць камунгасаўцы. Плошчаў для ўборкі ў іх зашмат, а спраўляцца са складанымі ўмовамі надвор’я, я лічу, трэба ўсім разам”, – падзяліўся з намі мужчына. Шмат дабравольцаў было ў мікрараёне на Віцебскай – у тым ліку і зусім юных, як Васіліса Хрыпель, відэакадры з якой “завірусіліся” ў нашых сацсетках. Усёй сям’ёй выйшлі з лапатамі на працоўны дэсант сябры “Патрыёта” – сям’я Сіротка з Кавалеўшчыны: вызвалілі ад снегу не толькі свой участак і частку вуліцы, а і аўтобусны прыпынак. Шчыравалі на падворках пажылых землякоў валанцёры з БРСМ і выхаванцы ваенна-патрыятычнага атрада “Віцязь”. Ды і мы паспрабавалі далучыцца да брыгады камунгасаўцаў на сцюдзёных вуліцах – і яскрава прачулі, якая цяжкая ў іх работа. Як і тое, што проста немагчыма ўбраць снег адразу і паўсюдна…
Усіх, хто змагаўся з наступствамі стыхіі, канечне, не пералічыш. Цыклон адступіў – але пакінуў доказы нашай згуртаванасці.

Дзмітрый Цімафееў, намеснік старшыні райвыканкама:
“Імкнуліся, каб дзеці даехалі ў школу, а аўтамагазіны прывезлі вяскоўцам прадукты, з апошнімі тэхніка, можна сказаць, хадзіла побач. Прычым, спецыялісты ДРБУ-105 закрывалі ўчасткі, якія ўваходзяць у зону абслугоўвання УП ЖКГ. Дзякуй старшыням сельвыканкамаў, якія былі на сувязі з дарожнікамі і загадзя паведамлялі, дзе акрамя цэнтральных вуліц спыняюцца крамы”.

Вольга Караленка, Наталля Багдановіч.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *