“Якія вы малайцы! Слухаю і слухаць хочацца!”, “Паважаю тых, хто іграе не на камп’ютары, а на інструментах!”, “Вось і зараджаецца новы дуэт слаўных баяністаў!”, “Нотамі падзеліцеся?” Вельмі прыемна было чытаць падобныя каментарыі пад канцэртнымі відэа, якія выкладвае на сваёй старонцы ў сетцы ТikTok другакласнік Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў Ілья Барысёнак. Між іншым, іх пад кожным ролікам – больш за сотню, а колькасць праглядаў – дзясяткі тысяч: такім паказчыкам папулярнасці многія вопытныя блогеры пазайздросцяць!
Маленькія музыканты, якія іграюць на народных інструментах, міжволі выклікаюць замілаванне. А тым больш калі робяць гэта віртуозна – так, як Ілья, які на нядаўнім конкурсе юных баяністаў і акардэаністаў “Музычная вясна”, што праходзіў у Паставах, быў удастоены Гран-пры!
Ён – адзін з прадстаўнікоў новай плеяды таленавітых вучняў ушацкіх педагогаў Алесі і Трафіма Анціпавых. Апошнім часам хлопчыкі прывозяць трафеі літаральна з кожнага музычнага конкурсу, вось і на пастаўскім Ілья не абмежаваўся перамогай у сольнай намінацыі і разам з напарнікам па дуэце (і таксама паспяховым ціктокерам) Славай Баканом заваяваў дыплом лаўрэатаў ІІ ступені. Спадабаўся журы і яшчэ адзін тандэм ушацкіх баяністаў у складзе Мікіты Волаха і Назара Сакалова – іх адзначылі лаўрэацкім дыпломам І ступені.
…Мы завіталі ў школу мастацтваў і папрасілі хлопчыкаў крыху расказаць пра сябе. “Для мяне баян – сямейны інструмент, – патлумачыў Слава Бакан. – Раней у гэтым класе старэйшы брат Мікалай займаўся, таксама на многіх конкурсах пабываў, я з ім калісьці на “Вішнёвы фестываль” у Глыбокае ездзіў у якасці балельшчыка, ну а зараз эстафету пераймаю. Коля ж паступіў у Полацкі педагагічны каледж на музычную спецыяльнасць”. У сям’і Сакаловых з музыкай сябруюць усе: старэйшая Яна іграе на фартэпіяна і укулеле, Аня – цымбалістка, нават маленькая Марыйка актыўна музіцыруе на ксілафончыку. А вось Мікіта Волах сямейных музычных традыцый не мае – але спадзяецца, што з яго яны і пачнуцца.
“Хочацца шчыра падзякаваць бацькам нашых выхаванцаў за актыўную падтрымку ў арганізацыі конкурсных паездак. Напрыклад, даставіць дзяцей у Паставы дапамог Вячаслаў Сакалоў. Увогуле мы знаходзім разуменне ў рашэнні ўсіх пытанняў”, – падкрэсліваюць педагогі.
Падзяліліся хлопцы і тым, як паводзіць сябе перад выхадам на сцэну. Важнае правіла – не браць у рукі тэлефон як мінімум за паўтары гадзіны да выступлення. Ілья любіць некалькі хвілін пабыць у адзіноце, памаўчаць – гэта дазваляе настроіцца. А Вячаслаў стараецца не разглядваць людзей у зале, фіксуе погляд на якой-небудзь абстрактнай кропцы. Сярод яго любімых твораў – лірычны вальс “Развітанне”, Ільі падабаецца вясёлая п’еса “Канікулы”, каронны нумар Мікіты – ваеннае папуры, а яшчэ ён марыць сыграць сімфонію Бетховена. Хлопцы прызналіся, што ездзіць на конкурсы ім падабаецца, бо пасля выступлення іх педагогі рыхтуюць і культурную праграму: у Лепелі, напрыклад, пабывалі ў краязнаўчым музеі, а ў Паставах не толькі горад паглядзелі, а і паабедалі ў старажытным рэстаране. “А яшчэ мы там новых сяброў знайшлі: Гошу і Максіма!” – паведамілі музыканты. Калі ж мы пацікавіліся, з якога яны раёна, весела ўдакладнілі: “Мясцовыя! На гарадскім вадаёме плавалі! Гэта – лебедзі, мы іх пакармілі!”
Ну а пра тое, як моцна хлопчыкі любяць баян, можна было і не казаць – за час нашай размовы яны не выпускалі інструменты з рук і пастаянна нешта найгравалі. А на развітанне арганізавалі невялічкі канцэрт – мы яго, канечне, запісалі, каб выкласці ў ТikTok “Патрыёта” – можа таксама шмат праглядаў збяром!
Наталля БАГДАНОВІЧ.

