З наступленнем цёплых сакавіцкіх дзянькоў добраўпарадкаванне набывае асаблівую актуальнасць. Снег сышоў – і трэба “дапамагчы” дварам, вуліцам, паркам вызваліцца ад назапашанага смецця.
На Ушаччыне адкладваць важную справу не сталі – на замацаваных і ведамасных тэрыторыях зараз падмятаюць, падграбаюць, чысцяць цэлымі калектывамі. Не застаецца ў баку моладзь: ва ўстановах адукацыі раёна праходзяць адпаведныя працоўныя акцыі. Ды і гаспадары-прыватнікі на сваіх сядзібах
шчыруюць.
Зразумела, гэта толькі пачатак у сёлетняй рабоце па добраўпарадкаванні. Кантроль жа за выкананнем устаноўленых санітарных норм ужо вядзецца. Так, спецыялістамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі абследавана 210 аб’ектаў усіх форм уласнасці. Пры гэтым на 76-ці выяўлены парушэнні. У адрас суб’ектаў накіравана 59 інфармацыйных лістоў з указаннем неабходнасці ліквідаваць хібы. У адносінах дзвюх юрыдычных асоб складзены адміністрацыйныя пратаколы (сумарны памер штрафу – 22 базавыя велічыні).
За парушэнне правілаў добраўпарадкавання, утрымання населеных пунктаў, згодна з арт. 22.10 КаАП РБ, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць як у адносінах прадпрыемстваў і арганізацый (незалежна ад формы ўласнасці), так і грамадзян.
– У цёплую пару людзі часта бавяць час на прыродзе. У гэтай сувязі нагадаю: наваколле ад гэтага цярпець не павінна – прыбірайце за сабой смецце, – звяртаецца да землякоў памочнік урача-гігіеніста РЦГЭ Ганна Коўшаль. – Не пасіўнічайце ў навядзенні парадку ў дварах, прылеглых да іх тэрыторыях. Нават маленькі ўклад – гэта крок да таго, каб наш раён стаў яшчэ больш прыгожым і камфортным для жыцця.
Навукоўцамі даказана, што чысціня ды прыгожае наваколле паляпшаюць эмацыянальны стан чалавека, а значыць, дапамагаюць захоўваць і ўмацоўваць яго здароўе.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.


