Сакавіцкае сонейка нарэшце сагнала з палёў снег – і на іх адразу закіпела аграрнае жыццё.
Вялікая вада на палетках не затрымалася: глеба перасыхае проста імгненна, таму на ўчастках за Вялікімі Дольцамі, дзе ў пачатку тыдня прайшліся з плугамі Іван Гоман і Сяргей Філімонаў, у сераду ўжо шчыравалі з культыватарамі Мікалай Хамёнак і Віталь Бука, каб у наступныя дні на гэтае поле з аўсом у бункеры змог выехаць штатны сейбіт гаспадаркі Сяргей Філімонаў.
У “Вялікадолецкім” на сярэдзіну тыдня да сяўбы было падрыхтавана паўтары сотні гектараў глебы – больш, чым у іншых сельгаспрадпрыемствах, а таму менавіта сюды накіраваліся мы за адным з першых сёлетніх рэпартажаў.
Мікалай Хамёнак (на здымку) якраз прыпыніў на пару хвілін трактар, каб штосьці падрэгуляваць, а па тым, як прыветліва нас сустрэў, было бачна, што яго настрой адпавядае сонечнаму надвор’ю.
Гэтай вясной Мікалай Хамёнак распачаў 37-ы палявы сезон у роднай гаспадарцы – але прызнаецца, што кожны раз на старце пасяўной адчувае ў душы прыемнае хваляванне. А вось за “баяздольнасць” даручанай яму тэхнікі не хвалюецца, бо зімой старанна ўсё падрыхтаваў: перагледзеў механізмы, паставіў новую гуму на трактар, на рахунку якога ўжо паўтара дзясятка сезонаў, замяніў зношаныя дыскі на глебаапрацоўчым агрэгаце. Разам з калегам Артурам Арцюхам яны адказвалі таксама за рамонт плугоў. “Адзначце, калі ласка, і нашага зваршчыка Валодзю Клачка – старанны і ўмелы хлопец: паглядзіце, якое акуратнае шво зрабіў!” – Мікалай паказаў на адзін з вузлоў трактара і зноў заняў месца ў кабіне.
Мы ж пакрочылі на другі бок поля, дзе “Кіравец” Віталя Букі прычэсваў ворыва дыскавай бараной. Малады механізатар з самага пачатку работы ў “Вялікадолецкім” трапіў у разрад перадавікоў – і планку не зніжае! А таму менавіта яму дырэктар сельгаспрадпрыемства Антон Сафонаў вырашыў даручыць новы энерганасычаны трактар МТЗ-3522, які гэтымі днямі прыгоняць з мінскага завода. Па словах кіраўніка, такой мадэлі высокамагутнай тэхнікі ў арсенале гаспадарак нашага раёна яшчэ не было, а яна вельмі патрэбна вялікадальчанам, якія атрымалі напрыканцы мінулага сезона 9-метровую сеялку, бо тыя трактары, што ў іх зараз маюцца, такі агрэгат проста не пацягнуць. Спадзяюцца тут, што ў наступным месяцы парк папоўніць і яшчэ адзін падобны МТЗ, для якога таксама знойдзецца справа, бо на мехдвары ўжо стаяць у чаканні палявых выпрабаванняў прыбыўшыя зімой два новенькія шыроказахопныя культыватары.
“Калі ў бліжэйшы час удасца далучыць да справы ўвесь гэты высокапрадукцыйны арсенал, набыты за кошт абласнога бюджэту, – атрымаем магчымасць амаль у два разы павялічыць аб’ём сяўбы ў параўнанні з леташнім”, – зазначае А.Сафонаў.
Прынамсі, хопіць спраў на пасяўной і для менш магутных адзінак, якім прасцей шчыраваць на дробнаконтурных участках. А таму больш месяца скрупулёзна рыхтаваў Сяргей Філімонаў 6-метровы пасяўны агрэгат, на які ў апошнія гады і прыпадала асноўная нагрузка. Напэўна, знойдзецца фронт работ і для чатырохмятровай сеялкі, на якой звычайна важкі ўклад у справу ўносіць ветэран прадпрыемства Васіль Алексяёнак. Якія б сюрпрызы ні рыхтаваў чарговы сезон – у адным можна не сумнявацца: вялікадолецкія аграрыі зробяць для будучага ўраджаю ўсё, што ад іх залежыць.
Наталля БАГДАНОВІЧ.


