Завяршылася чарговае спаборніцтва на працавітасць, пачуццё прыгожага, неабыякавасць. Як вынік – наша Ушаччына стала яшчэ больш камфортнай для жыцця, прывабнай для гасцей. Пра гэта падчас урачыстасці, на якой ушаноўваліся пераможцы раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне ў 2025 годзе, прысутныя казалі не раз. Дарэчы, не менш гучала і планаў на будучае – а значыць, у годнай справы абавязкова будзе працяг!
Па колькасці атрыманых узнагарод не было ў гэты дзень роўных тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: лепшымі ў розных намінацыях прызнаны і сама ўстанова, і яе аддзяленне ў Вяркудах, і дом сацработнікаў з Лісічына. “У Градзянец мы паўнацэнна перабраліся толькі ў пачатку 2025-га – і ўсё, што зараз можна тут убачыць, зроблена якраз за год, – кажа дырэктар Кацярына Коршун. – Выдалялі кусты і аварыйныя дрэвы, выкарчоўвалі пні, сеялі газон, устанаўлівалі цяпліцы, садзілі кветкі… Прыемна, што ўсё гэта землякі ацанілі!” Зрэшты, спыняцца на дасягнутым у ТЦСАН не збіраюцца – у бліжэйшы час плануюць, напрыклад, абсталяваць аўтастаянку, стварыць “тэрапеўтычны парк” з арэлямі, альтанкай, гульнявымі зонамі.
Заўсёды парадак – і на тэрыторыі прыгаданага аддзялення цэнтра. Мноства туй і кветак, лавачак і малых архітэктурных форм дазваляюць пажылым, інвалідам адчуваць сябе як дома.
Гэтак жа камфортна, акуратна – і ля Дубраўскай амбулаторыі Ушацкай ЦРБ. “Нічога звышнатуральнага не робім, проста своечасова прыбіраем і абкошваем, займаемся азеляненнем, а дзе трэба – рамонтам і афарбоўкай”, – сціпла кажа загадчык медустановы Ганна Аскерка. Упэўнена трымаюць марку прыгажосці таксама Касарское лясніцтва і музей народнай славы. Ну а Вялікадолецкая школа, якая год таму была прызнана лепшым аб’ектам аграгарадка, на гэты раз стала лідарам сярод устаноў адукацыі.

Заўсёды складаны момант для камісіі – вызначэнне лепшага населенага пункта. У гэты раз на такое званне прэтэндавалі Лозы, Вашкова, Кавалеўшчына, Замошша і Ліпавец, аднак самую вялікую колькасць галасоў атрымаў апошні.
Нямала дбайных гаспадароў і ў невялікім Лісічыне, дзе перамогу атрымалі адразу дзве сям’і. Так, уладальнікамі шыльды “Дом узорнага парадку” сталі Мікалай і Святлана Піскун. Уласнымі сіламі абсталявалі зону адпачынку з вялікай альтанкай, печкай-мангалам. Улетку жанчына ўсё засаджвае кветкамі: адных петуній налічыла пад сотню, а любімых глыдыёлусаў – каля трохсот.
“Мне як рэалізатару ўсіх задум ужо паступаюць заказы на розныя дэкаратыўныя вырабы, вазоны, – смяецца галава сямейства. – Месца ж для іх устаноўкі хапае!”. Зрэшты, мае на ўвазе мужчына не толькі ўласны двор, а вёску ў цэлым – як яе старэйшына рэгулярна наладжвае суботнікі, уласным прыкладам вучыць землякоў, дачнікаў дбаць аб прыгажосці.
“Мы з жонкай у Лісічына толькі на цёплы сезон перабіраемся, – прызнаецца Леанід Грэцкі. – Дачны каларыт абаім падабаецца, вось і стараемся яго аздобіць. Нядаўна, напрыклад, лавачкі ў двары паставіў, ну а за галоўную нашу прыгажосць – кветкі – адказвае Марыя. Прыязджайце да нас улетку – самі ўсё ўбачыце”.
Запрашэнне ў госці атрымалі яшчэ ад адной уладальніцы лепшага ветэранскага падворка – на гэты раз з Ліпаўца. Абкошаную, чыстую тэрыторыю з прыгожымі дарожкамі Людміла Лісоўская называе зонай адказнасці сыноў, якія ёй дапамагаюць. Галоўная ж любоў самой жанчыны – ружы, якімі засаджвае наваколле, а пляцістымі абцягвае вялізныя аркі ля дома.
У Людмілы Тарасевіч і Віктара Каваленкі з Ушач мы бывалі не раз. І не толькі таму, што ў 2022-м яны ўжо перамагалі ў аглядзе-конкурсе – проста іх сядзіба па вуліцы Кастрычніцкай увесь гэты час не пераставала здзіўляць. Чаго вартая, напрыклад, цёплая “падлога” ў іх цяпліцы – ужо зараз ёсць завязь агуркоў і клубніц, зацвітаюць таматы. Невялікі фантан перад домам гаспадары нядаўна дапоўнілі прыгожым вадаспадам, абсталявалі непадалёк зону барбекю. “Прыктыка ў нас ранейшая: жонка прыдумвае, я рэалізую, – усміхаецца мужчына. – Зараз яна заказала вялікае сэрца для пасадкі кветак – ужо прыдумаў, як з дрэва і арматуры зрабіць каркас”. “Сёлетняя перамога ў конкурсе вельмі дарэчы, – далучылася да размовы жанчына. – Атрыманы падарунак аддадзім блізкім – у нас учора праўнучка нарадзілася!”.

Адразу некалькі нагод парадавацца было ў чацвер і ў сям’і Марковічаў з Гарадца. Акрамя перамогі ў конкурсе Мікалай і Алена атрымлівалі віншаванні з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі, знакавага для іх свята. Жанчына – наша зямлячка, мужчына ж, хоць таксама мае мясцовыя карані, сваёй радзімай называе Мурманск, дзе пражыў 43 гады. Гэтак жа, як дзве краіны, жывуць у згодзе, будуюць планы і ідуць наперад. На былой сядзібе сваякоў многае перайначылі: і дом рэканструявалі, і лазню, гаспадарчыя пабудовы ў адным стылі аформілі, і мясцовасць у парадак прывялі.
Не баіцца працы на зямлі і сям’я Баяронкаў з Арэхаўна. Прыгожым кветнікам, заўсёды ўраджайным градкам Алены і Арцёма па-добраму зайздросцяць многія суседзі.
Каб не думаць пра жыццёвыя цяжкасці, пасля вяртання з работы ўшачанка Святлана Жарнасек абавязкова загружае сябе дамашнімі клопатамі. Сама трымерам абкошвае траву, спраўляецца па гаспадарцы, а зараз за выраб альтанкі ўзялася. “Да такой самастойнасці даўно прывыкла, – кажа жанчына. – Мужа не стала, дочкі выраслі і раз’ехаліся, ну а я знаходжу суцяшэнне ва ўсім, што мяне акружае. Пасадзіла пад сотню руж, яшчэ больш – іншых кветак, планую яшчэ паставіць у двары мангал. Калі ёсць жаданне – любая задача па сілах”.

Усе пераможцы агляду-конкурсу атрымалі карысныя падарункі – аэрагрылі – і традыцыйныя таблічкі, якія будуць паведамляць акружаючым пра асаблівы статус сядзіб. Прыемна, што з кожным годам на Ушаччыне іх становіцца ўсё больш.
Пераможцы раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў за 2025 год
Лепшае прадпрыемства (арганізацыя, установа) г.п.Ушачы – тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Лепшае прадпрыемства лясной гаспадаркі і дрэваапрацоўкі – Касарское лясніцтва.
Лепшая ўстанова адукацыі – Вялікадолецкая сярэдняя школа імя П.У.Броўкі.
Лепшая ўстанова культуры – музей народнай славы імя У.Е.Лабанка.
Лепшая ўстанова аховы здароўя і аздараўлення – Дубраўская амбулаторыя агульнай практыкі.
Лепшы аб’ект аграгарадка – аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН (аг.Вяркуды).
Лепшы сельскі населены пункт – вёска Ліпавец Ушацкага сельсавета.
Дом узорнага парадку
г.п.Ушачы: Святлана Сцяпанаўна Жарнасек (вул.Лугавая, д.9), Людміла Міхайлаўна Тарасевіч і Віктар Васільевіч Каваленка (вул.Кастрычніцкая, д.63), Пётр Пятровіч і Таццяна Аляксандраўна Качан (вул.Вечальская, д.13, кв.2).
Вялікадолецкі сельсавет: Сяргей Леанідавіч і Аксана Леанідаўна Зянюк (в.Ветча, д.9).
Вяркудскі сельсавет: Аляксандр Аляксандравіч і Жанна Віктараўна Аваднёвы (в.Павулле, д.51).
Жарскі сельсавет: Васіль Васільевіч і Святлана Генадзьеўна Жызнеўскія (аг.Ільюшына, вул. Цэнтральная, д.23).
Кубліцкі сельсавет: Святлана Андрэеўна і Мікалай Іванавіч Піскун (в.Лісічына, вул.Цэнтральная, д.11).
Сарочынскі сельсавет: Алена Віктараўна і Арцём Валер’евіч Баяронак (аг.Арэхаўна, вул.Палявая, д.13).
Ушацкі сельсавет: Юлія Віктараўна Дуванская (в.Машчоны, вул.Цэнтральная, д.9).
Лепшы ветэранскі падворак
г.п.Ушачы: Мікалай Віктаравіч і Тамара Васільеўна Зімніцкія (вул. Савецкая, д.91), Тамара Ягораўна Дунік (вул.Дуброўскага, д.25), Сяргей Казіміравіч і Наталля Пятроўна Макоўскія (вул.Ленінская, д.38).
Вялікадолецкі сельсавет: Антаніна Міхайлаўна Бука (в.Замошша, д.37А).
Вяркудскі сельсавет: Раіса Уладзіміраўна Севярын (в.Павулле, д.33).
Глыбачанскі сельсавет: Іна Мікалаеўна Марэцкая (аг.Глыбачка, вул.Сонечная, д.26).
Жарскі сельсавет: Мікалай Уладзіміравіч і Алена Станіславаўна Марковіч (в.Гарадзец, д.34).
Кубліцкі сельсавет: Марыя Міхайлаўна і Леанід Уладзіміравіч Грэцкія (в.Лісічына, вул.Цэнтральная, д.9).
Сарочынскі сельсавет: Вікенцій Фёдаравіч і Аліна Мікіцічна Калужонак (в.Слабада, вул.Прыазёрная, д.45).
Ушацкі сельсавет: Людміла Аляксандраўна Лісоўская (в.Ліпавец, вул.Хутарская, д.2).
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

