Насколько жарко в Парламенте, ушачане убедились сами

Главные темы Официально

Напэўна, ніхто з пятнаццаці чалавек ушацкай дэлегацыі і не ўяўляў, што іх чакае ў Доме Урада. І ўжо дакладна не меркавалі пабываць у крэсле старшыні Нацбанка і адсутнічаючых членаў Савета Рэспублікі загадчык аддзела культуры С.Д.Гарбачоў, дырэктары Ушацкай СШ С.К.Турло і УПЖКГ С.Л.Шульц. Так, на заключным пасяджэнні дзевятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання ўшачане былі ў самай гушчыні падзей. Праўда, праходзіла яно не пад старшынствам Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі, як заўсёды. Загадзя запрасіўшы дэлегацыю з раёна на сесію, наш дэпутат, старшыня Палаты прадсташнікоў, у гэты час знаходзіўся ў Маскве на першым пасяджэнні Дзяржаўнай Думы Расіі. Усё астатняе ішло па праграме.

Калі мы прайшлі праз прапускнікі Дома Урада, нас ужо чакаў адзін з памочнікаў Уладзіміра Паўлавіча, каб правесці маленькую экскурсію непасрэдна па будынку. Авальная зала, прэс-цэнтр, гардэроб, буфет… заблудзіць там прасцей-простага, бо каб зазірнуць у кожны кабінет, дня не хопіць. Таму нашы гіды сканцэнтравалі праграму на асноўным: прэс-службе, музеі парламента, непасрэдна сесіі і абедзе ў той жа зале, дзе звычайна абедаў былы расійскі спікер Барыс Грызлоў.
Аднак, пачну з асноўнага – непасрэдна ўдзелу ў сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Пасяджэнні, падчас якога справаздачу перад дэпутатамі трымалі члены ўрада, прысутнічалі літаральна ўсе міністры, якія і дапаўнялі пры неабходнасці адказы намесніка Прэм’ер-міністра А.М. Калініна. 
Паколькі курыруе ён такія галіны, як будаўніцтва, транспарт, жыллёва-камунальную гаспадарку, то, зразумела, і пытанняў паступала многа. Ды такіх, што ні ўхіліцца, ні адным словам адказаць.
Ці не лічыце вы, што ў будаўніцтве наспелі карэнныя змены, а існуючы ланцуг не здольны выдаваць якасны прадукт? У Беларусі кошт квадратнага метра несуадносны якасці ўзводзімага жылля. Якая адказнасць будзе прымяняцца да падрадчыкаў-бракаробаў і што трэба зрабіць, каб у будаўнікоў з’явіўся стымул для якаснай работы? Вярнуць на зямлю, уводзіць жорсткія штрафныя санкцыі да падрадчыкаў заклікалі дэпутаты. Што робіцца, каб задаволіць жыхароў – уладальнікаў аўтамабіляў месцамі паркоўкі ля дамоў? Чэргі ў дзіцячыя сады даходзяць да 5 гадоў, таму неабходна адразу побач з жыллём будаваць і сацыяльныя аб’екты. Ці не будзе росту цэн на жыллё для беларускіх грамадзян у межах Адзінай эканамічнай прасторы? І літаральна на ўсё А.М.Калінін даваў адказ. Калі дэпутатаў ён не задавальняў, прасілі ўдакладніць, канкрэтызаваць.
Наогул аб будаўніцтве гаварылася многа, у тым ліку яшчэ падчас справаздачы А.М. Калініна. І хоць і бытуе ў народзе прымаўка, што ў будаўніцтве разбіраецца кожны, паверце, мы з вамі, забудоўшчыкі, ведаем пра праблемы ў будаўнічай галіне ўсё ж меней, чым дэпутаты і члены ўрада. А.М. Калінін паведаміў, што зараз выпрацоўваюцца розныя варыянты, каб палепшыць якасць будаўніцтва жылля і даступнасць яго для беларусаў. Напрыклад, каб павысіць адказнасць праектантаў, не трэба будзе плаціць адразу ўсю суму за праект – пэўную частку яны атрымаюць толькі пасля здачы дома, калі і могуць усплыць усе недарэчнасці праекта. Па-другое, сума за экспертызу будзе напрамую залежыць ад патаннення праекта, што таксама будзе працаваць на карысць заказчыкаў. Ад 2 да 5 гадоў плануецца павялічыць гарантыйны тэрмін пасля здачы аб’екта. Ствараюцца холдынгі, каб акумуляваць прыбытак, развіваць галіну і будаваць каля мільёна квадратных метраў за межамі краіны ў год. Парковачных месцаў ля жылых дамоў не хапае, бо па ранейшых нормах пляцоўкі былі разлічаны толькі на 10 месцаў на шматпавярховы дом, сёння ж практычна кожны ўладальнік жылля мае аўтамабіль.

Узнімалі дэпутаты і транспартныя праблемы сельскіх жыхароў. Даехаць да бальніцы могуць, а назад вяртайся на чым хочаш, ці “хуткая дапамога” аказвае паслугі таксі. Сем’і, якія пражываюць у інтэрнатах, не могуць зарэгістраваць сваіх дзяцей. Агучвалі просьбу народа наконт большай колькасці выхадных на сямейнае свята Новы год. Пытанні былі самыя вострыя, ну а вось адказы на іх не заўсёды тыя, якія б дэпутаты, а адпаведна і мы з вамі хацелі пачуць. Немагчыма ўсё зрабіць у адначассі, аднак праблемы народа не застаюцца за сценамі Дома Урада. Пасяджэнне мы ўсе пакідалі ўзрушаныя ад той актыўнасці, што пабачылі на ўласныя вочы.
— Спакойна ў нас не бывае, а падчас прыняцця некаторых законапраектаў проста спякотна, — пацвердзіў наша ўражанне гід па нядаўна адкрытым музеі парламента. – Зусім нядаўна вельмі бурна абмяркоўваўся закон аб утрыманні жывёлы, аб ЭКА, аднак усе найбольш гарачыя меркаванні застаюцца ў цені — падчас работы камісій, дзе яшчэ больш палемікі.
А вось зусім малады музей прыняў ужо тысячы наведвальнікаў. І хоць экспазіцыя яшчэ невялікая, паглядзець тым не менш ёсць на што. Тут фотаздымкі першага саставу беларускага парламента, асабістыя рэчы, узнагароды некаторых дэпутатаў, мяч з подпісамі футбалістаў-парламентарыяў, асобны стэнд, прысвечаны дэпутатам воінам-інтэрнацыяналістам. Ну а самы відовішчны – з сувенірамі ад гасцей з самых розных краін свету. Падарункі еўрапейцаў, як правіла, сціплыя, а вось з азіяцкіх і афрыканскіх краін — наадварот. 
З якімі эмоцыямі і вывадамі мы пакідалі Дом Урада? Кожны з кіраўнікоў, пэўна, думаў пра вырашаныя і яшчэ актуальныя праблемы сваёй галіны. Аднак нашы погляды як выбаршчыкаў супадалі: дэпутаты адстойваюць думку народа. І праз дзень на прэс-канферэнцыі Прэзідэнта мне зусім неактуальным падалося пытанне калегі з недзяржаўнага СМІ: “Ці патрэбна ў Парламенце больш прадстаўнікоў апазіцыі, каб ведаць меркаванні розных слаёў насельніцтва”. Сучасныя абраннікі не абдзелены ні рознабаковым веданнем праблем, ні смеласцю ўзнімаць іх на самых розных узроўнях. І такі паказальны дзень работы, як справаздача ўрада – таму пацвярджэнне. Як і наогул адкрытасць работы нашых дэпутатаў. Пастаянна на сесіях працуюць журналісты з розных выданняў, хапае і гасцей. Памочніка У.П. Андрэйчанкі Віталя Мікалаевіча Шыбко, напрыклад, у сенаце ўспрымалі як свайго. Трэцюю дэлегацыю суправаждае, удзельнікамі папярэдніх сесій былі нашы суседзі з Докшыц і Глыбокага. А пачалося ўсё з рабочай паездкі Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі да сваіх выбаршчыкаў. “Вось бы пабываць у Парламенце, паглядзець, як прымаюцца законы”, — выказалі пажаданне настаўнікі Падсвільскай школы. А наш дэпутат у чарговы раз даказаў, што чуе любую просьбу выбаршчыкаў.
Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *