71% сенажа и лучшие показатели в районе. В ОАО «Ильюшинское» звено кормозаготовки работает на результат

Сельское хозяйство

Мудрагелістыя петлі, якія сінхронна наразалі на дробных зялёных лапіках за Рагуцкімі Антон Коўшаль на КВК і Дзмітрый Бурак на “Беларусе” з прычэпам для “зялёнкі”, нагадалі нам… паказальныя выступленні па дрыфцінгу на цэнтральнай ушацкай плошчы падчас фестывалю “ЭкстрымПрарыў”.

Але калі спартсмены рэзкія павароты закладалі наўмысна, то віртуозы ільюшынскіх палеткаў выпісвалі хітрыя траекторыі, каб без страт сабраць падвяленыя травяныя валкі. На заўвагу ж, як ім, напэўна, няпроста працаваць у такім палявым экстрыме, хлопцы толькі ўсміхнуліся: “А што тут надзвычайнага? Гэта наш штатны рэжым. Участак сапраўды нязручны, але зараз бліжэй да Бараўцоў пераедзем – там будуць крыху раўнейшыя. А ўвогуле мы звыклыя да любога рэльефу, трэба ж усе землі апрацоўваць”.

  • На ўчарашнюю раніцу ААТ “Ільюшынскі” нарыхтавала 6028 тон сенажу, што складае 71 працэнт да запланаванага. Здолелі тут эфектыўна выкарыстаць пагодлівыя дні і высушыць 446 тон (90 працэнтаў) сена. Як вынік – лепшы ў раёне паказчык па кармавых адзінках на ўмоўную галаву жывёлы: іх ужо пад 15 цэнтнераў (амаль на 3 больш, чым на адпаведную леташнюю дату). Па гэтай лічбе, дарэчы, яны пераўзыходзяць не толькі раённы, але і сярэднеабласны паказчык.

“Вы паглядзіце лепш, якая ў мяне кабіна камфортная! А на дысплэі ўвесь працэс адлюстроўваецца: вось бачыце, надпіс з’явіўся – папярэджанне, што разам з травой пад нажы трапіў металічны прадмет, трэба прыпыніцца, каб пазбегнуць паломкі… А яшчэ мне падабаецца, што гэты КВК – больш манеўраны, мы яго толькі летась атрымалі, на ўборцы кукурузы абкаталі, а цяпер ён – галоўная адзінка на зялёным жніве”, – добразычліва патлумачыў Антон.

Зрэшты, тое ж можна сказаць і пра самога хлопца. У свае 27 ён стаў літаральна незаменным у роднай гаспадарцы – у пачатку сезона ўзяў на сябе адказныя абавязкі сейбіта, цяпер жа праводзіць працоўныя будні ў кабіне КВК. Аграрыі ведаюць, што гэтае звяно “зялёнага канвеера”, бадай, самае складанае, бо тыя ж адвозчыкі чаргуюцца і могуць адпачыць хвіліну-другую на ўскрайку нівы, а комплекс – пастаянна ў справе, а яго кіроўца павінен глядзець адначасова і ўперад, і ўбок.

А.Спірыдзёнак.

У надзейных руках сёлета і стартавы працэс канвеера: касу за свой магутны МТЗ-3522 зачапіў Аляксандр Майсеенка. А пра плён яго работы красамоўна сведчаць лічбы: з пачатку сезона на палетках “Ільюшынскага” скошана 1313 гектар ці 150 працэнтаў да планавай лічбы. Выходзіў на зялёныя нівы з касой і Анатоль Спірыдзёнак, аднак паралельна яго вёрткі МТЗ-1221: і каралеву палёў падкормліваў, і “хімічыў”, а ў дзень нашага візіту бегаў з граблямі па сенажацях. Асноўную ж работу на гэтым працэсе выканаў Дзмітрый Калітуха.

Ну а на завяршальным этапе – трамбоўцы сянажнай масы – аснову звяна складалі ветэраны сельгасвытворчасці Аляксандр Цімафеевіч Волах і Аляксандр Леанідавіч Венжык. Абодва ўжо на заслужаным адпачынку, аднак не змаглі адмовіць кіраўніцтву гаспадаркі, якое звярнуліся з просьбай падставіць плячо ў сітуацыі вострага кадравага дэфіцыту.

“Хоць апошнія 13 год працаваў ва ўшацкім філіяле “Віцебскаграпрадукта”, але механізатарскую справу, якой дагэтуль прысвяціў вялікую частку жыцця, канечне, не забыўся, – падзяліўся з намі Аляксандр Леанідавіч. – Калі вясной прапанавалі сесці ў кабіну новенькага “Амкадора” і дапамагчы на пасяўной, было цікава апрабаваць сучасную тэхніку. Асвоіўся з ёй хутка, ды і з калегамі адразу паладзіў, таму, як бачыце, застаўся і на корманарыхтоўку”.

Тым часам трактар падвёз новую партыю зялёнай масы і работнік вярнуўся ў кабіну. Мы ж з яго калегам, якому даручана кантраляваць працэс закладкі, завялі размову пра захаванне тэхналогіі. Аляксандр Цімафеевіч – былы аграном, і ў тэме, канечне, арыентуецца дасканала. “Хоць дажджы ўскладняюць задачу, але стараемся закрыць кожную сянажную траншэю не болей чым за пяць дзён. Трамбоўку вядзём кругласутачна: у светлы час, як бачыце, шчыруе “Амкадор”, а ў начную змену на трактары эстафету пераймаюць памочнікі з вайсковай часці, – тлумачыць аграрый. – Не забываемся і пра ўнясенне кансерванту – ды вы і самі гэта зараз убачыце”.

А.Волах, А.Майсеенка, А.Венжык.

І сапраўды, яго малады калега Алег Усцін якраз закідваў на плечы апырсквальнік з прэпаратам. Пасля заканчэння Лепельскага каледжа, дзе вучыўся па накіраванні сельгаспрадпрыемства, хлопец прайшоў вайсковую службу і вярнуўся ў “Ільюшынскі”. Прызнаецца, што ў калектыве яго прынялі добразычліва, а побач з такімі майстрамі можна шмат карысных навыкаў асвоіць.

  • Малады механізатар Андрэй Прашкевіч прызнаўся, што ўпершыню ўдзельнічае ў касавіцы. У “Сафійскіх дарах”, дзе распачынаў аграрную кар’еру, у летнія месяцы ў асноўным быў заняты на абслугоўванні статкаў, зараз жа яму даручылі адвозку зялёнай масы. “Вельмі стараюся рабіць усё дакладна. Працэс мне падабаецца! Ды і атмасфера таксама – з ільюшынскімі хлопцамі не засумуеш”, – не хаваў ён пазітыўнага настрою.

Тым часам на аб’ект пад’ехала машына са спецыялістамі райветстанцыі, у абавязках якіх – кантроль за тэхналагічнымі патрабаваннямі. Правёўшы неабходныя вымярэнні, загадчык дыягнастычнай лабараторыі Вольга Міцкевіч канстатавала, што тэмпература і вільготнасць зялёнай масы адпавядаюць норме, як і даўжыня нарэзкі травы. А значыць, станоўчую ацэнку атрымала праца ўсіх звёнаў ільюшынскага зялёнага канвеера.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *