Мнагалюдна і ажыўлена было ў чацвер у адасобленай групе ваеннага камісарыята. Больш трох дзясяткаў хлопцаў па чарзе заходзілі ў актавую залу, каб адрапартаваць аб прыбыцці на пасяджэнне раённай прызыўной камісіі. Многія прыкметна хваляваліся ў чаканні вердыкта, што вызначыць іх лёс на бліжэйшы час.
Члены камісіі, у якую ўваходзяць прадстаўнікі ваеннага камісарыята, раённай улады, ЦРБ, райаддзела міліцыі, заўсёды ўважліва вывучаюць усе акалічнасці асабістых спраў, бо разумеюць, што на іх ускладзена вялікая адказнасць: накіраваць у армію грамадзян, фізічна і маральна гатовых выконваць свой грамадзянскі абавязак.
І канечне, заўсёды прыемна, калі юнакі маюць шчыры намер стаць вайскоўцамі. Так, Максім Малак, Ілья Каваленка, Дзмітрый Адамовіч хацелі праходзіць службу ў дэсанце і былі рады пачуць, што іх жаданне ўлічана. Павел Станкевіч марыў пра спецназ і пасля заканчэння школы нават не стаў паступаць на вучобу. Загадзя паклапаціўся пра свой армейскі лёс Вадзім Якавенка: па накіраванні ваенкамата прайшоў у ДТСААФ перанавучанне на катэгорыю “С” і будзе служыць вадзіцелем.
Сярод прызыўнікоў як правіла аказваюцца і тыя, хто па стане здароўя не можа несці службу. У ліку асноўных супрацьпаказанняў – праблемы са зрокам, дыягназы хірургічнага, тэрапеўтычнага профілю. У гэты раз па медыцынскіх паказчыках у запас залічылі 3-х чалавек – прыемна, што лічба гэта сёлета меншая, чым год таму. Адзін з прызыўнікоў выказаў нязгоду з вердыктам медыкаў, і ў яго ёсць яшчэ некаторы час, каб самастойна звярнуцца да спецыялістаў і ў выпадку змянення дыягназу ініцыіраваць перагляд рашэння.
Да слова, як падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў, што ўзначальвае прызыўную камісію, пры вызначэнні месца праходжання службы для прызыўнікоў, якіх прызналі годнымі з абмежаваннямі па стане здароўя, гэтыя нюансы, безумоўна, будуць улічаны.
Два чалавекі залічаны ў запас, бо прайшлі навучанне на ваеннай кафедры. 18 юнакоў скарыстаюцца адтэрміноўкай для працягу адукацыі.
У адносінах аднаго грамадзяніна, які дасягнуў 27 год і не выканаў абавязкі па воінскім уліку, прынята рашэнне аб прызнанні яго непрайшоўшым ваенную службу па прызыве, не маючы на гэта законных падстаў.
Усяго гэтай восенню на тэрміновую службу прызвана 28 нашых землякоў, а тое, у якія вайсковыя часці яны трапяць, высветліцца ў бліжэйшыя тыдні.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымку: на пасяджэнні камісіі – прызыўнік Віктар Красноў.

