На полях Ушаччины идёт уборка кукурузы

Сельское хозяйство

У сераду на Ушаччыну раптоўна зазірнула лета – і мы паімчалі на палеткі, якія літаральна на вачах падсыхалі пад лагодным сонейкам і напаўняліся бадзёрым гулам рухавікоў.

Верасень, на які прыпадае безліч палявых працэсаў, аграрыяў падвёў. “Бывала, што і па некалькі дзён запар не маглі выехаць у поле: канечне, без справы не сядзелі – рамантавалі тэхніку, наладжвалі агрэгаты, але ж вельмі крыўдна адчуваць, як марнуюцца дні і замаруджваюцца тэмпы сяўбы”, – прызнаўся механізатар “Сафійскіх дароў” Андрэй Яфрэмаў, якога мы на ўскрайку поля ля Загор’я ўгаварылі на хвілінку выйсці з кабіны трактара.

У гэтай гаспадаркі традыцыйна самы вялікі клін пад азімыя зерневыя – 2803 гектары з 7000, адведзеных пад іх у раёне. Дагэтуль жа сафійцы 560 засеялі рапсам. І якраз Андрэю даручана адна з галоўных роляў на гэтым відзе работ – ужо не першы год ён чапляе за свой трактар пасяўны агрэгат. Зрэшты, перш чым адправіцца на сяўбу, малады механізатар паспеў папрацаваць і на камбайне – ён з тых руплівых універсалаў, якім па сілах любы працэс. “Сёлета ўжо неаднойчы пераналаджваў сеялку: пачынаў з рапсу, потым перайшоў на азімы ячмень і пшаніцу, а зараз настае чарга засыпаць у бункер жыта. Канечне, мой этап завяршальны і адказны, але не менш важныя і папярэднія працэсы, так што абавязкова нашых хлопцаў прыгадайце, якія на ўзворванні і падрыхтоўцы глебы заняты, – Мікалая Яловіка, Артура Ігнатовіча, Аляксандра Баратынскага, Аляксандра Каснікоўскага. Праўда, на ўчасткі за Вяркудамі, дзе яны сёння шчыруюць, вы наўрад ці трапіце – загразнеце…”

Пазнаёміліся мы на полі і з навічком прадпрыемства Кабулам Рашыдавым, які падвозіў насенне. У сярэдзіне жніўня штат “Сафійскіх дароў” папоўнілі тры ўзбекскія механізатары. Даручаюць ім розныя працэсы: у гэты дзень Умідбек Ісмаілаў працаваў з плугамі, а Дыльёрбек Махкамаў быў заняты на вывазцы арганікі.

Як вядома, сёлета Віцебская і Андыжанская вобласці актывізавалі супрацоўніцтва ў сферы працоўных рэсурсаў. Кіраўніцтва нашага рэгіёну перадала калегам з Узбекістана пералік напрамкаў, па якім патрабуюцца спецыялісты, у адказ на што ў Андыжане арганізавалі штаб і правялі адбор кандыдатаў па заяўленых вакансіях, у ліку якіх – шмат аграрных. На Віцебшчыну з сярэднеазіяцкай краіны прыехалі некалькі соцень чалавек, якім стварылі ўмовы для працы і быту.

Як расказаў нам дырэктар “Сафійскіх дароў” Гурамі Буркенадзэ, для прыбыўшых вылучылі ўзяты ў арэнду ў камунгаса дом у аграгарадку Кублічы, адрамантавалі, набылі мэблю. Няма праблем і з дастаўкай на аб’екты: транспарт арганізацыі ўжо не першы год падвозіць работнікаў з розных куткоў раёна – Кубліч, Мосара, Глыбачкі…

Абеды дастаўляюцца ў поле – да слова, сафійскія повары гатуюць зараз ежу для механізатараў усіх ушацкіх гаспадарак. Ну а вячэру навічкі ладзяць па ўласным гусце, з прадуктамі дапамагае прадпрыемства.

На пытанне ж, да чаго яму найбольш складана прывыкаць падчас працоўнай камандзіроўкі ў Беларусь, К.Рашыдаў зазначыў, што нялёгкая работа ў сельскай гаспадарцы іх не пужае, хоць да напружанага рытму працоўных змен трэба прывыкнуць. Мужчына прызнаўся, што, канечне, сумуе па родных, расказаў, што ў яго трое дзяцей (таму пытанне заробку для яго важнае), паказаў у галерэі мабільніка здымак двух абаяльных маленькіх унукаў. А яшчэ падпісаўся на тэлеграм-канал “Патрыёта” – каб паведаміць родным, што ўжо паспеў трапіць у поле зроку ўшацкай прэсы, і адправіць ім спасылку на наша відэа з сафійскіх палёў.

…За некалькі пагодлівых дзён гэтага тыдня сафійцы засеялі прыкметную колькасць збожжавых палеткаў – але відавочна, што тэмпы сяўбы трэба нарошчваць, бо наперадзе яшчэ значны фронт работ.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *