Восенню перад аўтаўладальнікамі традыцыйна паўстае задача сезоннай замены гумы. Эксплуатацыя аўтамабіля ва ўмовах міжсезоння і зімы патрабуе асаблівай падрыхтоўкі.
На актуальную зараз тэму – наша гутарка са старшым дзяржаўтаінспектарам аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС Дзянісам БАБЯНКОМ:
– Што кажа наконт сезоннай замены шын закон?
– Згодна з Правіламі дарожнага руху, аўтамабілі павінны быць абутыя ў зімовую гуму з 1 снежня па 1 сакавіка. Што датычыцца маркіроўкі, дапускаюцца шыны, на бакавіне якіх адначасова прысутнічаюць два знакі: у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і сняжынкай унутры, а таксама любы літарны (“M+S”, “M&S”, “M.S” ці “M S”). Калі ёсць толькі маркіроўка “M+S” без сняжынкі ці толькі надпіс “All seasons” (усесезонныя без патрэбных сімвалаў), атрымаеце штраф. Варта ўлічваць таксама вышыню пратэктара: яна павінна складаць не менш 4 мм. За кіраванне транспартным сродкам з парушэннем гэтых правілаў (пасля 1 снежня на летняй або “аблыселай” зімовай гуме) прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па ч. 1 арт.18.11 КаАП Рэспублікі Беларусь, а ў выпадку паўторнасці на працягу года – па ч.8 гэтага ж артыкула.
– Калі фактычна варта “пераабуваць” аўто?
– Чакаць 1 снежня – небяспечная стратэгія. Летняя гума пачынае губляць свае счэпныя ўласцівасці ўжо тады, калі сярэднясутачная тэмпература апускаецца ніжэй за +7°C. Таму зараз – аптымальны час пераабуць аўто.
– Якія шыны лепшыя?
– Выбар залежыць ад вашых асноўных маршрутаў. Еўрапейскі тып пратэктара (еўразіма) ідэальна падыходзіць для буйных гарадоў, дзе дарогі рэгулярна чысцяць. Такія шыны выдатна паводзяць сябе на мокрым асфальце, адводзяць ваду, не шумяць. Сярод мінусаў – пасуюць перад глыбокім друзлым снегам і чыстым лёдам.
Скандынаўскі тып – аптымальны, калі часта выязджаеце за горад, жывяце ў прыватным сектары або часта перамяшчаецеся па нерасчышчаных дарогах. Мяккі склад гумы нават у моцны мароз добра чапляецца за ўкатаны снег, лёд, а малюнак пратэктара дапамагае “выграбаць” з гурбаў. Але ж на сухім цёплым асфальце такія шыны хутчэй зношваюцца і могуць здавацца надта “мяккімі” пры манеўрах.
Шыпаваныя максімальна абараняюць на загарадных трасах і чыстым лёдзе, маюць на ім мінімальны тармазны шлях. Сярод мінусаў – узрастае ўзровень шуму, павялічваецца расход паліва, шыпы з часам вылятаюць, а ў многія еўрапейскія краіны ўезд на такой гуме забаронены.
– Што яшчэ трэба ўлічыць?
– Правярайце год выпуску шын, нават калі пратэктар выглядае як новы. З часам гума губляе эластычнасць – сярэдні тэрмін яе бяспечнай службы складае 5-6 гадоў. Захоўвайце зняты летні “абутак” у сухім халаднаватым месцы: шыны без дыскаў лепш пастаўце вертыкальна і перыядычна пераварочвайце, а колы ў зборцы – складзіце горкай ці падвесьце.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

