Почему спортсмены едут в Ушачи даже с Сахалина

Cпорт

Апошнім часам вельмі шмат робіцца для рэкламавання багатага турыстычнага патэнцыялу нашага раёна, аднак па-ранейшаму далёка не ўсе ведаюць пра ўшацкія азёры, аграсядзібы, мемарыялы, фестывалі. Мы вырашылі ўнесці сваю лепту ў важную справу і распачаць праект, у рамках якога плануем наведваць аб’екты раёна, прызначаныя для прыёму гасцей, і здымаць там крэатыўныя ролікі. Як паказваюць даследаванні, апошнім часам найбольш эфектыўным сродкам распаўсюджання інфармацыі з’яўляецца інтэрнэт – уявіце сабе: за месяц матэрыялы ў сацсетках “Патрыёта” збіраюць сумарна больш за мільён праглядаў!

Ну а для старту мы выбралі спарткомплекс “Юнацтва-Ушачы”, які прыцягвае ў наш раён айчынных і замежных гасцей. Паказчык эфектыўнасці яго выкарыстання даволі высокі. Тут ахвотна ладзяць галіновыя спартакіяды, карпаратыўныя мерапрыемствы.

Як паведамілі нам у сектары спорту райвыканкама, з пачатку года на базе комплексу было праведзена 23 вучэбна-трэніровачныя зборы па 9 відах, прычым фехтавальшчыкі, пяціборцы, шахматысты прыехалі ва Ушачы ўпершыню. Сёлета запланаваны яшчэ два зборы, і ўжо зараз жадаючыя браніруюць месцы на наступны год.

Найбольшым попытам карыстаецца цёплы сезон, на астатні час вакансіі ў графіку яшчэ маюцца, таму нашу “рэкламную” ідэю ахвотна падтрымалі. Ролік, па сюжэце якога скептычна настроеныя спартыўныя спецыялісты пасля ўбачанага на комплексе застаюцца ў захапленні і браніруюць зборы, многія ўжо, напэўна, бачылі ў сацсетках газеты.

“Вы амаль дакладна змадэліравалі сітуацыю, калі днямі да нас прыехалі прадстаўнікі каманды па веласіпедным спорце – трэніраваліся ў суседнім горадзе і вырашылі праверыць водгукі пра ўшацкую базу, пачутыя ад калег. І калі мы суправаджалі іх па залах, бачылі тыя ж рэакцыі, што вы разыгрывалі ў роліку! Ды і фінал гісторыі аказаўся падобным: госці дамовіліся наконт збораў у снежні – прычым, веласіпедысты будуць трэніравацца тут упершыню, – падзялілася з намі намеснік дырэктара Ушацкай СДЮШАР Вера Кіліна.

Мы ж, карыстаючыся выпадкам, хочам падзякаваць трэнерам установы, якія ахвотна згадзіліся паспрыяць здымкам і выдатна трымаліся ў кадры. А які артыстызм праявілі выхаванцы! Юная самбістка Жэня Пугач так тэхнічна ўклала на барцоўскі дыван нашага сябра – культработніка Ягора Дзергачова, што іграць разгубленасць яму нават не давялося – усё было цалкам натуральна! Увогуле ў кожным памяшканні нам была забяспечана “масоўка” – прычым, без папярэдняга заказу: у басейне трэніраваліся плыўцы, у зале – юныя футбалісты, у трэнажорцы займаліся дарослыя. “Пастаянна сюды прыходзім, каб падтрымліваць форму. Ушачанам вельмі пашанцавала мець такія ўмовы!”, – падзяліўся з намі былы выхаванец нашай спартшколы, кандыдат у майстры спорту па армрэстлінгу Сяргей Пацэвіч.

Гэтую ж тэму развіў і трэнер па стральбе Пётр Юльянавіч Варатынскі, калі мы завіталі ў цір у інтэрнаце для спартсменаў: “Тое, што ва Ушачах ёсць такая інфраструктура, гэта заслуга энтузіястаў, якія 15 год таму не пабаяліся паставіць перад сабой амбіцыйную мэту і заручыліся падтрымкай тагачаснага дэпутата Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі. Добрыя словы варта сказаць і ў адрас будаўнікоў, якія якасна зрабілі сваю справу. Я адчуваю гонар за тое, што мы здолелі ўзвесці комплекс, інтэрнат і, па маім меркаванні, маем лепшую базу ў рэгіёне – і не толькі. Калі запытаў у калегі, які прывёз на зборы дзяцей з Сахаліна, чаму выбралі далёкія Ушачы, а не, скажам, знакамітую Казань, якая славіцца спартыўнымі аб’ектамі, той патлумачыў, што такіх зручных умоў, як у нас, не бачыў нідзе. Асабліва гасцям падабаецца, што трэніравацца, пражываць і харчавацца можна фактычна ў адным месцы.

Хочацца адзначыць намаганні ўсіх, хто адказвае за эксплуатацыю аб’ектаў: “Юнацтва-Ушачы” працуе дзясяты год, а выглядае так, быццам адчыніла дзверы зусім нядаўна”.
Ушачане прывыклі да таго, што маюць такія выгоды, а між тым людзі, якія спецыяльна едуць сюды здалёк, нам зайздросцяць. І пра іх уражанні сведчаць пяць зорак, якія стаяць у рэйтынгу комплекса на Яндэксе.

Анастасія ПОЛАЗАВА, Яўген ЖОДЗІК, Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *