Тамара Бородёнок: 20 лет творческой деятельности

Творчество наших земляков

“Папрасіла ў раённай бібліятэцы ўсе зборнікі твораў Тамары Барадзёнак, але мне прынеслі толькі некалькі, патлумачыўшы, што астатнія на руках,” – гэтыя словы кіраўніка клуба “Адраджэнне” А.В.Кузусёнак лепей за мноства эпітэтаў і рэцэнзій характарызуюць творчасць паэтэсы. За 20 гадоў літаратурнай дзейнасці Тамара Дзмітрыеўна выдала 13 паэтычных зборнікаў, у 2005 годзе была прынята ў Саюз пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь, нам жа асабліва прыемна, што “кропкай творчага адліку” яна лічыць сваю дэбютную публікацыю на старонках “Патрыёта”.

А вось першы верш – пра журавоў, што адлятаюць у вырай – маленькая Тамара напісала, калі было ёй усяго сем гадоў. Адкуль у вясковай дзяўчынкі ўзнікла патрэба ў падобным выражэнні сваіх думак і пачуццяў – напэўна паўплывала атмасфера, што панавала ў сям’і: дома заўсёды гучалі прыпеўкі, добра ведалі народную творчасць, Тамара з маленства ўдзельнічала ў старадаўніх абрадах, а яе маці стаяла ў вытокаў славутага фальклорнага калектыву “Матырынская спадчына”. Выйшла яна на сцэну ў яго складзе і падчас творчага вечара, прысвечанага 20-годдзю паэтычнай дзейнасці дачкі, які, дарэчы, Тамара Дзмітрыеўна так і назвала – “З вытокаў Матырынскай спадчыны”.
Творчасць паэтэсы такая шматгранная і разнапланавая, што расказаць аб ёй шаблонна і лаканічна проста немагчыма. Яе паэтычныя радкі настолькі меладычныя, што самі просяцца стаць песнямі. Як адзначыла галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама М.А.Шаўчэнка, дзякуючы вершам Тамары Барадзёнак ушацкія калектывы заваёўваюць шматлікія ўзнагароды на розных конкурсах. Пры гэтым твораў хапае і для рэпертуару самадзейных выканаўцаў, і для вядомых у рэспубліцы ансамбляў “Бяседа” і “Алюр”. Наконт супрацоўніцтва з апошнім Тамара Дзмітрыеўна паўжартаўліва тлумачыць: “Наколькі я ведаю, сярод маіх не вельмі далёкіх продкаў былі цыгане – адсюль і адпаведныя матывы маёй творчасці”.
Увогуле ж, “вышэйшы пілатаж” для творцы – уменне натуральна пісаць аб падзеях, сведкай якіх ён не быў. Прыклад таму – Уладзімір Высоцкі, які не ваяваў, але пісаў аб вайне так, быццам правёў у акопах не адзін год. “Калі чую ваенныя вершы Тамары Барадзёнак, да горла падступае камяк,” – прызнаецца культработнік з вялікім стажам С.М.Тарасеня. “Здесь 16 бригад скрыли скорбные плиты, поклонитесь, живые, им до самой земли” – гэтыя радкі адной з праграмных песень хору клуба “Ветэран” міжволі прыходзяць на памяць, калі ідзеш па каменных сцяжынах “Прарыву”, яны кранаюць душу і абуджаюць патрыятычныя пачуцці. Як робяць гэта літаральна ўсе вершы паэтэсы. Ну хто ж не пагадзіцца з ёй у тым, што ў свеце “няма зямелькі лепш, чым родны кут”, як няма больш прыгожых дзяўчат, чым нашы ўшачаначкі, і больш моцнага пачуцця, чым каханне. Менавіта такія вершы, пакладзеныя на ўласную музыку, ляжаць у аснове рэпертуару вядомага ў раёне і за яго межамі выканаўцы С.У.Мядзведзева – творчы тандэм паэтэсы і музыканта вельмі даўні, трывалы і плённы.
“Яе радкі чыстыя і празрыстыя, як азёры Ушаччыны, – дзеліцца думкамі загадчык раённага Дома культуры А.А.Гарбачова. – Не так даўно пазнаёмілася з вершамі паэтэсы і была па-добраму здзіўлена, што ў нашым раёне ёсць творца такога ўзроўню. А па сюжэтах і моўнаму выяўленню яе гарэзлівыя байкі, на мой погляд, нічым не саступаюць творам беларускага класіка Кандрата Крапівы”. А ўдзельніца хору клуба “Ветэран” З.С.Хвошч прыгадвае, што падчас канцэрта ў “Лясных азёрах” гумарэскі Тамары Дзмітрыеўны публіка з ліку расіян “разумела без перакладу і смяялася да ўпаду”. Гэта і не дзіўна – ну як, скажыце, не ўсміхнуцца подзвігам няўдачлівых гераінь баек “Бывае і такое” або “Памідоры”? На пытанне, як да яе прыходзяць ідэі камічных твораў, паэтэса, паціснуўшы плячыма, адказвае: “Узнікаюць раптоўна. Часта – у момант якіх-небудзь заняткаў: пакуль бульбу чысціла – у галаве бліснула думка, пакуль бульба смажылася – акрэсліўся сюжэт”. Дарэчы, прыгаданыя вышэй “Памідоры” – адзін з любімых твораў даўняга сябра і прыхільніка творчасці паэтэсы В.П.Сяргеева, менавіта ўзначальваемае ім ПУП “Сарочына”, а таксама аддзел культуры райвыканкама аказалі фінансавую дапамогу пры выданні шэрагу яе зборнікаў.
Скончыць жа гэты аповед, у якім я наўмысна выкарыстала мноства выказванняў людзей, што добра ведаюць, шчыра любяць і цэняць Тамару Дзмітрыеўну, хочацца яшчэ адной цытатай, якая належыць намесніку старшыні райвыканкама В.І.Карчэўскай: “Дваццаць гадоў – аптымальная лічба: гэта адначасова і творчая сталасць, і творчая маладосць! Таму хочацца спадзявацца, што самыя значныя творы Тамары Барадзёнак яшчэ не напісаны”.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *