Деревня Городец Ушачского района привлекает своим спокойствием и природной красотой людей из разных городов

Наш современник

У вёску Гарадзец Жарскага сельсавета ўязджаеш нібы ў казачную краіну ці месца з якога-небудзь тэлевізійнага серыяла. Прыгожыя акуратныя домікі, акружаныя заснежанымі дрэвамі, чыстая ў два з паловай кіламетра вуліца, рэчка, лес, непадалёк і возера… Цішыня, спакой, чыстае паветра і пейзажы заварожваюць. Здаецца, няма лепшага месца, каб адпачнуць, адчуць сябе свабодным…

Гарадское жыццё на гэтае казачнае месца прамяняла тры гады таму Валянціна Пятроўна Валяйцёнак, пераехаўшы разам з мужам пасля выхаду на пенсію з Наваполацка. Дакладней, яна нарадзілася тут, і ўсё дарослае жыццё марыла вярнуцца назаўсёды на сваю малую радзіму. У размове адразу адчуваецца, як прыкіпела яна душой да гэтага месца, з такім захапленнем яна расказвае пра родныя мясціны!
У даўнейшыя часы Гарадзец з’яўляўся вялікім населеным пунктам, не верыцца, што калісьці гэта быў цэнтр сельсавета, мелася школа і нават невялікі малаказавод! Так, усяго гэтага зараз няма, аднак вёска не вымерла і жыве сваім размераным спакойным жыццём. Хоць пастаянных жыхароў тут на сённяшні дзень толькі 12, няма ў Гарадцы пустых і закінутых хат, наадварот, усе двары тут як на падбор дагледжаныя і добраўпарадкаваныя. Дзякуючы выдатнаму размяшчэнню вёска прыцягвае дачнікаў з самых розных гарадоў, якія і даюць ёй другое жыццё – рамантуюць старыя, будуюць новыя дамы. Дачнікаў тут сёння больш у два разы, чым карэнных жыхароў. У невялікую вёску ва Ушацкім раёне імкнуцца пры першай жа магчымасці дачнікі ў асноўным з Мінска, але ёсць нават і з Латвіі! Многія з іх раней не мелі ніякага дачынення да Ушаччыны, а выпадкова даведаліся пра гэтыя мясціны і ніколькі не шкадуюць аб набытай нерухомасці. Прычым, прыязджаюць яны сюды на свае сядзібы не толькі ўлетку – у час масавых адпачынкаў, але з вялікім задавальненнем і зімой, каб адпачыць ад гарадской мітусні.
З усімі жыхарамі і дачнікамі мае самы цесны кантакт менавіта Валянціна Пятроўна Валяйцёнак, бо яна з’яўляецца старэйшынам вёскі. Жанчына не проста фармальна носіць гэтае званне, а адносіцца да сваіх абавязкаў з інтарэсам, перажываннем, энтузіязмам, адным словам, усёй душой “хварэе” за сваю вёску. Парадак у двары старэйшыны як мае быць служыць прыкладам для астатніх. Валянціна Пятроўна заўсёды бачыць і далей сваёй сядзібы. Зімой хвалюецца і трымае сувязь з сельвыканкамам, каб была расчышчана дарога ў вёсцы, летам клапоціцца, каб кожны абкасіў і навёў парадак каля свайго домаўладання, каб не зарасталі сцежкі каля рэчкі і возера. Прычым, гэты момант настолькі адладжаны, што нават калі хто з дачнікаў не можа прыехаць і зрабіць гэтую работу, то яны высылаюць грошы старэйшыне, каб яна наняла працаўнікоў для гэтай справы. Ужо два гады жанчына адна наводзіла парадак на мясцовых могілках – прыбрала магілы не толькі сваіх родных, але і каля 30 іншых.
Усе жыхары без выключэння заўсёды здаюць сродкі самаабкладання, якія ідуць на агульныя мэты, напрыклад, на ўстаноўку кладкі праз раку, рамонт дарогі. Старэйшына пастаянна дапамагае сельсавету і са зборам падаткаў, вырашэннем іншых арганізацыйных пытанняў.
– Валянціна Пятроўна Валяйцёнак вельмі добры і чулы чалавек, выдатны старэйшына, прыклад для многіх, з ёй прыемна працаваць, яна адгукаецца на любую просьбу, і мы ведаем, што ў Гарадцы заўсёды парадак, – такія словы аб жанчыне давялося пачуць напярэдадні знаёмства з ёй ад старшыні Жарскага сельвыканкама С.Ц.Міхейкі.
Поўнасцю давяраюць ёй і ў вёсцы, пакідаюць грошы і просяць заплаціць за камунальныя паслугі дачнікі, бо іх прыезд у асноўным прыпадае на выхадныя, з самымі рознымі просьбамі звяртаюцца жыхары. Адчувальную дапамогу ў апрацоўцы агарода, прывозе дроў і іншым старэйшыне і ўсім вяскоўцам аказвае мясцовы фермер Ю.М.Нічыпар, які з дзясятак гадоў таму таксама абраў гэтае цудоўнае месца для сваёй дыслакацыі.
Валянціна Пятроўна сочыць і за правапарадкам у Гарадцы – кожны дзень робіць абыход па доўгай вуліцы вёскі, каб пільным вокам убачыць, ці не спрабаваў які злодзей наведацца ў часова пакінуты дачны дом.
– Сёння, як спраўлюся з хатняй гаспадаркай, трэба наведацца да адной пажылой жанчыны, спытаць, можа лекі якія патрэбны, дапамагчы расчысціць двор, – зазначыла напрыканцы нашай размовы В.П.Валяйцёнак. – І прыязджайце ў нашы мясціны адпачываць, ніякім турцыям і егіптам не параўняцца з гэтай экалагічнай чысцінёй і спакоем!
Я ж пасля візіту сюды не толькі пазнаёмілася з добрым чалавекам, які так па-гаспадарску адносіцца не толькі да свайго, а і да ўсяго вясковага, але і адкрыла для сябе яшчэ адно цудоўнае месца нашай Ушаччыны.
Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *