Расторгнуть брак можно в загсе

Правовая консультация

З 1 студзеня 2013 года ўступілі ў сілу змены ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і. Пра некаторыя новаўвядзенні расказвае кансультант суда Ушацкага раёна А.С.КАРЧЭСКА:

– Зараз муж і жонка, якія разам не пражываюць, не маюць непаўналетніх дзяцей і спрэчак аб маёмасці, могуць аформіць скасаванне шлюбу не толькі ў судзе, але і ў загсе. У такім разе працэдура адбудзецца хутчэй, а для некаторых катэгорый і танней. У прыватнасці, шлюб у органах загса скасоўваецца па заканчэнні аднаго месяца з дня падачы адпаведнай заявы, у судзе – трох (па меркаванні суддзі тэрмін на прымірэнне можа быць падоўжаны да дзевяці месяцаў). Пры падачы заявы ў суд грамадзянам, якія ўпершыню скасоўваюць шлюб, трэба заплаціць 3 базавыя велічыні (300 тысяч рублёў), якія паўторна “ліквідуюць” сямейныя адносіны – 5 базавых (500 тысяч). Да гэтай сумы трэба яшчэ дадаць ад 100 да 300 тысяч за афармленне скасавання шлюбу. У аддзеле ж загса бярэцца толькі дзяржпошліна ў памеры 400 тысяч рублёў.
Як пры заключэнні шлюбу, так і пры яго скасаванні муж і жонка павінны падаць сумесную заяву. Пры гэтым законам прадугледжваецца магчымасць звароту ў орган загса аднаго з членаў сям’і, калі другі па ўважлівых прычынах не можа прыйсці, – у такім разе сапраўднасць яго подпісу павінна быць засведчана ва ўстаноўленым урадам парадку.
Дзякуючы новаўвядзенню становіцца прасцей сам працэс скасавання шлюбу, да таго ж яшчэ ў грамадзян з’яўляецца магчымасць вырашыць асабістыя пытанні, не звяртаючыся ў суд, што з маральнага пункту гледжання аблягчае гэтую задачу.
Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *